Вечарам 24 ліпеня ў Івянцы прайшоў традыцыйны, ужо трынаццаты па ліку,
канцэрт «Музычнай майстэрні», які сабраў вялікую колькасць удзельнікаў. Нагадаем, што на працягу пяці дзён перад сустрэчай моладзь займалася ў розных музычных і тэатральных групах, каб потым падзяліцца сваёй творчасцю на канцэрце.
І дзяленне атрымалася даволі творчым і рознабаковым у музычным плане. Лірычныя хрысціянскія спевы змяняліся больш драйвавымі сучаснымі кампазіцыямі. Моладзь праслаўляла Бога, узносячы рукі, танчыла і спявала разам з выканаўцамі.
“Калі ты стаіш на сцэне і бачыш людзей, якім падабаецца твая творчасць, якія за табой паўтараюць, якія, здаецца, не чулі раней словы гэтай песні, таму што мы яе толькі што прыдумалі, але ўсё роўна падпяваюць, у цябе ўзнікаюць пачуцці, якія проста немагчыма апісаць простымі словамі. Цудоўна, што музыка пранікае ў іх сэрцы і рэальна прыносіць асалоду”, – падзялілася сваімі ўражаннямі ад выступу вакалістка з Магілёва Лілія Шырына. к Для Марыі Алешчык удзел у "майстэрні" – гэта крок да Бога: “Сустрэчы дапамагаюць мне больш пазнаваць Бога і быць бліжэй да Яго. Тут шмат моладзі, якая верыць, таму сябе лепш адчуваеш побач з ёю. Мне заўсёды цяжка выступаць на сцэне, але я разумею, што я больш спяваю для Бога, а не для людзей, таму гэта надае больш сіл, і тады становіцца лягчэй” .r
“Канешне, заўсёды патрэбна памятаць, што мы праслаўляем не сябе, а Езуса. Выступалася добра, але было хваляванне. Мы баяліся, каб дзе-небудзь не памыліцца, уступіць своечасова”, – дадае сябар Марыі Улад Янушкевіч. r “Падчас выступлення заўсёды патрэбны давер Богу. Я, напрыклад, на ўсіх рэпетыцыях рабіў памылкі, некалькі разоў зрываў голас, але на сцэне нічога гэтага не было бачна. Гэта вельмі цудоўна”, – дзеліцца Іван Шумскі. r Вакаліст Павел Бранавец, які на "майстэрні" ўжо другі раз, лічыць, што такія музычныя заняткі аб’ядноўваюць каталіцкую моладзь: “Майстэрня – гэта вялікі ўрок супольнасці, быцця разам, быцця ўсім Касцёлам, проста братамі і сёстрамі, і магчымасці неяк бачыць Бога, бачыць Яго любоў у бліжніх. Выступ жа – гэта пэўная інтрыга, і заўсёды здаецца, што ты зрабіў штосьці не так, але на самой справе гэта вельмі прыемна, што табе даводзіцца перад такой вялікай публікай славіць Пана Бога. Гэта ўмацоўвае. Таму ў мяне такія змешаныя пачуцці: крышачку страху, крышачку радасці, але гэта варта таго”.r
Марына Валасар
|