Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
13 снежня — успамін св. Люцыі, панны і мучаніцы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
2 Кар 10, 17–11, 2

Заручыў вас з адзіным мужам, каб паставіць перад Хрыстом, як чыстую дзеву

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану, бо правераны не той, хто сам сябе даручае, але той, каго даручае Пан.

Калі б вы хоць крыху былі паблажлівыя да маёй неразважлівасці. Але вы і так паблажлівыя да мяне. Бо я руплюся аб вас рупнасцю Божаю, бо я заручыў вас з адзіным мужам, каб паставіць вас перад Хрыстом, як чыстую дзеву.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 31 (30), 3cd–4. 6 i 8ab. 16 i 17 (Р.: 6а)

Рэфрэн: У рукі Твае, Пане,  аддаю я дух мой.

3. Будзь для мяне каменнай цвярдыняй, *
домам прыстанішча, каб уратаваць мяне.
4. Бо Ты мая скала і мая цвярдыня, *
дзеля імя Твайго кіруй мною і вядзі мяне.

Рэфрэн:

6. У рукі Твае аддаю я дух мой; *
Ты мяне адкупіў, Пане, Божа верны.
8. Весялюся і радуюся міласэрнасці Тваёй, *
бо глянуў Ты на няшчасце маё.

Рэфрэн:

16. У Тваіх руках дні мае, *
вызвалі мяне з рук ворагаў маіх і ганіцеляў.
17. Няхай свеціць аблічча Тваё над слугою Тваім, *
збаў мяне ў сваёй ласкавасці.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Гэтая мудрая панна сустрэла Пана ў чуванні,
калі прыйшоў Пан, яна ўвайшла з Ім на вяселле.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 25, 1–13

Вось жаніх, выходзьце яму насустрач

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.

Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе.

Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас.

Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 25.01.2010 18:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.