Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ксёндз экзарцыст Андрэй Шут пра Хэлоўін: хрысціянін не можа лічыць сябе вучнем Хрыста, а практыку мець бязбожную
Інтэрв'ю
31.10.2013 21:28

“Шатан не пытаецца, яму не цікава — свядома ці несвядома ты ўдзельнічаеш у такіх «святах». Ты зайшоў на яго тэрыторыю — ён задаволены будзе. Бог жа ствараў чалавека свабодным, і таму Бог лічыцца з выбарам чалавека, шатан — не”. Пра цяжкія наступствы Хэлоўіну распавёў парталу Naviny.by ксёндз экзарцыст Андрэй Шут.

«Хэлоўін — гэта ніякая не забава, і нічога агульнага з хрысціянствам не можа мець. Гэтую маніфестацыю кшталту «я ў гэта веру, гэта мае моц» чалавек прымае як норму жыцця. Хрысціянін не можа быць і там, і там: лічыць сябе вучнем Хрыста, а практыку мець бязбожную. Некаторыя экзарцысты маюць прыватнае меркаванне, што нават пераапранацца ў касцюм шатана ці чорта можа быць небяспечным. Самае галоўнае — гэта ідэя, з якой мэтай ты гэта робіш, што табе гэта дае, чаму ты ў гэтым удзельнічаеш. Дэманы — ворагі жыцця, ворагі збаўлення, і таму сама ідэя Хэлоўіну непрымальная для хрысціяніна», — тлумачыць святар.

Па яго словах, цяжкія наступствы такіх «забаў» — адкрыццё свайго жыцця для дэманаў. Нават калі ты атэіст — гэта не значыць, што гульні з нячысцікамі пройдуць для цябе бясследна. У першую чаргу ад такіх забаў шкоду атрымлівае душа. Чалавек, які не прызнае Бога — добрая прынада для шатана. Хэлоўін — свята нячыстай сілы, створанае насуперак веры ў Бога, праз яго дэманы паказваюць сваё валадарства, і хрысціянін не можа ў ім удзельнічаць.

«Гэта важныя рэчы, якія патрабуюць адназначнасці. Напрыклад, у кнізе Макабэяў ёсць такі прыклад, калі 90-гадовы Елеазар адмовіўся есці свіное мяса — каб, як ён сам патлумачыў, не стаць кепскім прыкладам для моладзі. Яму нават прапаноўвалі схітрыць, зрабіць выгляд, што ён еў — і такім чынам выратаваць жыццё. Елеазар жа сказаў, што не варта нашага ўзросту крывадушнічаць, каб многія з маладых даведаліся, што 90-гадовы Елеазар перайшоў у паганства, і каб іншыя не трапілі праз мяне ў зман. Гэта значыць — не даваць іншым кепскага прыкладу, каб не пагоршыць іх», — падкрэсліў ксёндз Андрэй Шут.

Па словах святара, шатан не пытаецца, яму не цікава — свядома ці несвядома ты ўдзельнічаеш у такіх «святах». «Ты зайшоў на яго тэрыторыю — ён задаволены будзе. Бог жа ствараў чалавека свабодным, і таму Бог лічыцца з выбарам чалавека, шатан — не. Ён мае моц, некаторую, каб часова дапамагчы чалавеку, але потым абавязкова забярэ тое, што даў — кар'еру, грошы, іншыя паслугі назад, верне сабе, і плюс давядзе таго няшчаснага чалавека да трагічнай смерці, да самазабойства, іншага сумнага фіналу. Яго «паслугі» каштуюць вельмі дорага», — адзначае кс. Андрэй Шут.

«Касцёл — містычнае цела Хрыста. Касцёл складаецца з трох частак: пілігрымуючы на Зямлі, збаўлены — душы, каторыя знаходзяцца ўжо ў Божым Валадарстве, і тыя, каторыя яшчэ пакуль пакутуюць у чыстцы. Паміж гэтымі часткамі ёсць лучнасць, таму 1 лістапада мы просім заступніцтва ў святых, а таксама молімся за душы, якія пакутуюць пакуль у чыстцы», — нагадаў святар.

2 лістапада — успамін усіх памерлых вернікаў, таму, адзначыў кс. Андрэй Шут, хрысціянскія канфесіі нагадваюць вернікам, што варта было б замест таго, каб шалець з нячысцікамі, годна падрыхтавацца да важных дат.

Поўны тэкст інтэрв'ю>>>

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.