Сімвалы Вялікага посту: крыж | Друк |
Рознае
19.02.2016 07:00

Крыж Твой ідзе разам з Табою
на досвітку
ў ясны дзень
у канцы лета калі пчол падглядаюць
пры акне ўпоцемку
калі зімародак чакае зімы
каб нарадзіцца
калі смутак шукае сяброўства
ў ліпені калі высяваюць кроп і цвітуць агуркі
ад гэтай хвіліны — да яшчэ невядомай…
патэлефаную святым
і папрашу іх
каб крыж без Цябе не прыходзіў

Паўтараю за кс. Янам Твардоўскім словы яго верша «Разам з Табою» ў перакладзе Крыстыны Лялько з польскай на беларускую мову, і гляджу, а дзе ж гэта і мой крыж, які без Хрыста, напэўна, не тое што не данясу, але і не зразумею, што гэта менавіта ён і трымае мяне на гэтым свеце, напаўняючы жыццё і сэнсам, і радасцю, і перамогамі, і змаганнямі…

Два адрэзкі, две бэлькі, дзве дарогі, якія калі былі б паралельнымі, то ніколі б не сутыкнуліся і не спазналі, што значыць быць перакрыжаваннем, што значыць быць аб’яднанымі і праходзіць у пэўны час, у пэўных абставінах праз адну кропку, праз адзін і той жа момант гісторыі — адзіны і непаўторны ў вечнасці.

Людскія лёсы, як бэлькі крыжа, таксама перакрыжоўваюцца і застаюцца назаўсёды ў памяці вечнасці.

Без гэтых перакрыжаванняў не існаваў бы сусвет, a былі б суцэльныя абмінанні, абыходы, збочванні, абы толькі не перакрыжаванні, падчас якіх адбываецца сустрэча. Сустрэча з праўдай, з надзеяй, з любоўю, з нянавісцю, з неразуменнем, але і з прабачэннем.

Яшчэ раз пытаюся сябе: а што ёсць крыж, які шукаю? Бо цяжка шукаць, калі дакладна не ведаеш прадмету свайго пошуку. Бо, прынамсі, так жа можна ніколі і не знайсці, альбо знайсці, ды так і не зразумець, што гэта якраз тое, што шукаў.

Дык жа, адказваючы на гэта пытанне для сябе: “Што ёсць крыж?”, скажу — сустрэча, перакрыжаванне з праўдай.

Перакрыжаванне…

Можа, з радасцю, а, можа, з самотай,
Можа, з верай, а можа, з бязвер’ем,
Можа, з казкай, а можа, з павер’ем,
Можа, часам з балючай хлуснёй,
ды раптоўнай чыёсь дабрынёй,
можа, проста з чужым чалавекам,
ці ён геній, ці можа, калека,
можа, часам сустрэча з сабою
вечароваю ціхай парою…
можа, стрэча і з горам і з болем,
ці на раны з пасыпаннем солі?
Можа, гэта сустрэча з няволяй,
Як імкнешся смагу спатоліць
Па сапраўднай прыгожай свабодзе,
Якой болей нічога не шкодзіць…

Крыж…

Гэта проста сустрэча з жыццём,
Не ўцёкі ад праўды з прыціхлым ныццём,
Не хаванне ад цяжкіх, ды важных размоў,
Не шуканне лягчэйшых, шырокіх шляхоў…

Хто ідзе — напаткае таго скрыжаванне,
Калі ж не — хай узнікне адразу пытанне:
Ці мой шлях не замкнуўся ў скрыўленым коле,
І ці час не сказаць: хопіць, браце, даволі…

Час сысці і сустрэцца з праўдзівым крыжом,
І вачыма сустрэцца нарэшце з Хрыстом…

Матэрыялы з гэтай серыі:

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by