Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сімвалы Вялікага посту: брат Пост, сястрыцы Міласціна і Малітва
Рознае
16.02.2016 00:00

Тры незнаёмыя пастукаліся ў кватэру нумар 48, што на вуліцы Яснагорскай. У кватэры жыла Галіна Іванаўна з сям’ёй свайго сына Генадзя.

У гэты ранак нявестка Сабіна і сын Генак ужо былі на працы, старэйшы ўнук Кірыл у школе, і толькі ўнучка Сафія была разам з бабуляй у кватэры, бо бацькі яшчэ не выправілі яе ў дзіцячы садок, а пакінулі да пэўнага часу на выхаванне бабулі Галіны Іванаўны, якая да пенсіі была сама выхавацелькай.

Чатырохгадовая Сафія толькі паспела даесці сняданак і зрабіць апошні глыток какавы, як убачыла, што бабуля адчыніла тром незнаёмым людзям. Сафія любіла гасцей, якія з’яўляліся ў іх кватэры, бо вельмі часта гэта былі людзі, якія так цікава распавядалі пра сваю працу, пра сваіх дзяцей, сяброў ці падарожжы. Сафія садзілася ў сваё любімае крэсла і замірала ва ўважлівым назіранні за гасцямі. І, на дзіва, ёй ніколі гэта не надакучвала.

У гэты раз у кватэру прыйшлі незнаёмыя людзі. Як бабуля магла адчыніць цалкам незнаёмым?

Відаць, гэта былі не тыя людзі, да якіх можна было ставіцца з насцярогай ці напружаннем. Бо Сафія ведала, што яе бабулю раздражняюць асобы, якія ўгаворваюць штосьці набыць, напрыклад, новы фільтр ці набор высакаякаснага посуду, або рэкламуюць якія кнігі па ўсходніх практыках, ці яшчэ штосьці.

Чаму ж, усё ж такі, бабуля адчыніла незнаёмым?

Сафія ў гэты раз не пайшла ў сваё любімае крэсла – месца цікавання за гасцямі, а вырашыла прыгледзецца праз шчыліну дзвярэй, якія вялі з кухні ў гасцявы пакой.

У кватэру прыйшоў мужчына, ужо дастаткова не малады, старэйшы за тату Сафіі, а таксама дзве жанчыны, прыкладна такога ўзросту, як маміна малодшая сястра.

У мужчыны ў руках нічога не было. Ён быў вельмі высокі і худы. «Як акцёр з Тэатра Юнага Гледача, які граў жабрака», — прыгадалася Сафійцы. Доўгія і тонкія пальцы, зграбныя і прыгожыя рукі, на якіх злёгку прасвечваліся цёмныя вены і сухажыллі. З-пад карычневага світара былі бачныя манжэты белай кашулі. І часамі мільгаў рамень наручнага гадзінніка, калі ў размове гэты чалавек штосьці распавядаў і тлумачыў, злёгку жэстыкулюючы.

Яго твар быў надзвычай спакойны. Гаварыў ён роўна, але вельмі выразна. З тонкіх вуснаў зляталі не вельмі доўгія фразы, якія магла зразумець і Сафійка. Яго шэрыя вочы  глядзелі з лагодай то на Галіну Іванаўну, то на дзвюх жанчын, то на акно, за якім чарнелі голыя галіны каштана, які час ад часу грэбаў па шыбе, а падчас вялікага ветру нават пагрозліва пастукваў і пужаў Сафію, асабліва калі ўжо гэта быў позні вечар ці ноч, а тата яшчэ быў на працы.

Жанчыны слухалі ўважліва і ў знак згоды ківалі галовамі. Потым гэты чалавек дастаў з кішэні невялікі пакунак і перадаў яго бабулі. Бабуля крыху са здзіўленнем і радасцю прыняла папяровы мяшэчак і акуратна яго распакавала. У яе руках аказаўся маленькі абрус-сурвэтка, шэры кавалак ільнянога палатна, на якім было штосьці вышыта белымі ўзорамі…

Навошта? Не разумела Сафійка, але яна запомніла, як чалавек у размове паўтараў словы: сціпласць, памяркоўнасць, суцішанасць, спакой, лагода і ўмеркаванасць…

Потым пачала гаварыць другая жанчына. Яна была вельмі прыгожая. Яе хвалістыя валасы спадалі на плечы, якія былі ўпрыгожаны каляровай хусткай у дробныя ружы. Яна паказала фотаздымак, які працягнула бабулі — там была выява нейкай асобы, нават некалькіх асобаў.

Таксама, як і мужчына, гэтая жанчына распавядала пра фотаздымак роўным голасам, а бабуля ўважліва слухала і не магла адарваць вачэй ад жанчыны, як і Сафійка.

Часамі бабуля задавала пытанні, на якія атрымлівала кароткі адказ і ўсмешку загадкавай жанчыны.

«Надзея, міласэрнасць, спагада, чуласць, увага, шчырасць, узаемнасць, цеплыня, любоў», — вельмі часта паўтарала жанчына і паказвала фотаздымак. Потым яна працягнула бабулі простую белую скрынку і перадала ў рукі.

Бабуля паставіла скрынку на ільняную сурвэтку і кіўнула галавою. Так бабуля звычайна дзякавала: у дадатак да слова «Дзякуй» яна звычайна яшчэ і схіляе галаву.

Потым прамовіла трэцяя жанчына. Сафійка не магла адвесці сваіх вачэй ад яе блакітных вачэй, якія былі поўныя радасці настолькі, што, здавалася, дастаткова аднаго позірку, каб зразумець тое, што яны імкнуцца прамовіць, зусім не трэба слоў.

Гэта жанчына была крыху старэйшая за першую, бо яе зморшчынкі каля вачэй хіба і выдавалі больш сталы ўзрост. «Але, можа, і не, бо яна, магчыма, зашмат усміхаецца, або плача?» — падумала Сафійка.

І гэтая жанчына таксама мела нейкі падарунак для бабулі — яна працягнула званочак, падобны да тых, што бачыла Сафійка ў праваслаўнай лаўцы, якая знаходзілася ў пераходзе метро, дзе яны час ад часу праходзяць з мамай ці бабуляй, калі збіраюцца даехаць куды-небудзь у цэнтр.

Бабуля з такой жа падзякаю прыняла і гэты падарунак.

Потым госці па чарзе паціснулі бабуліну руку, і Галіна Іванаўна з такой жа роўнаю і лагоднаю ўсмешкаю, як і ў гасцей, развіталася з імі і зачыніла дзверы, а потым у акно пачалі моцна біць галіны каштанаў.

«Гэты вецер!» — падумала Сафія.

І прачнулася, убачыўшы на стале свой сняданак і бабулю Галіну Іванаўну, якая трымала ў руках льняную сурвэтку, белую скрыначку і званочак.

— Прачынайся, пара ўжо, Сафійка, дзень распачынаць, сняданак цябе чакае, а ты яшчэ не памылася і не памалілася, хутчэй! — прамовіла бабуля.

«Дык я што гэта, усё прысніла?» — падумала Сафійка.

— Ну што? Гатовая? — спыталася бабуля.

— Так.

— Сёння падчас сняданку распавяду табе пра тры рэчы. Ты ж памятаеш, што нядаўна распачаўся Вялікі пост?

— Так.

— Вось тры яго сімвалы: простая сурвэтка, пустая скрыначка і званочак.

Простую сурвэтку прынёс сёння раніцай брат па імені Пост, які распавёў пра тое, што простасці і чысціні сэрца, якія сімвалізуе гэтая тканіна, можна дасягнуць праз пэўныя абмежаванні сваіх жаданняў. Пустую скрыначку прынесла сястра Міласціна, каб нагадаць, што заўсёды ёсць тыя людзі, каму зараз не вельмі салодка і якім патрэбна нашая дапамога ад сэрца. А вось гэты званочак прынесла сястра Малітва, якая прыгадала, што Бог заўсёды чакае ад нас звароту, хоча нас пачуць, чакае, калі мы першыя Яму пастукаем, паклічам альбо заб’ём у званочак.

Без гэтага, Сафійка, можна пражыць увесь Вялікі пост: без таго ж посту, міласціны і малітвы. Без іх можна пражыць нават і ўсё жыццё, але тады дакладна цяжэй будзе сустрэцца з чалавечай дабрынёй, цеплынёй, лагодай і міласэрнасцю…

Усё зразумела?

— Ага, — усміхнулася Сафійка, дапіваючы апошні глыток какавы.

Матэрыялы з гэтай серыі:

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона