Сімвалы Вялікага посту: цярновы вянок | Друк |
Рознае
02.03.2016 09:04

«І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: "Вітай, Кароль Юдэйскі!"» (Мц 27, 27-29)

Другі раздзел кнігі «Чарнобыльскай малітвы» называецца «Вянец тварэння», а ўся «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч — нібы вянец цярпення, які пісьменніца падняла з зямлі, што стала сімвалам пакуты і гора для сучаснай Беларусі і не толькі яе…

Церні Чарнобыльскага вянка — гэта тое, што будзе доўга раніць беларускі народ на ягоным шляху да Збаўлення.

Кожнаму народу свой Крыжовы шлях і свой вянок, які ён мусіць з годнасцю пранесці, не страціўшы ані годнасці, ані сваёй велічы, дадзенай ад Бога.

Церні парабілі і робяць глыбокія раны, церні нябачнага вянка, нябачнасць якога амаль адразу загадалі зрабіць улады, каб не было панікі:

«У першыя ж дні пасля аварыі з бібліятэк зніклі кнігі пра радыяцыю, пра Хірасіму і Нагасакі, нават пра рэнтген. Пранесліся чуткі, што гэта загад начальства, каб не было панікі. Быў нават жарт, што калі б Чарнобыль узарваўся ў папуасаў, увесь бы свет спалохаўся, акрамя саміх папуасаў. Ніякіх медыцынскіх рэкамендацый, ніякай інфармацыі» (Яўген Броўкін, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, «Чарнобыльская малітва»).

Гэта нашыя раны, гэта нашыя кроплі крыві, у кожнай з якіх ёсць імя і прозвішча:

«Адчапіцеся, людзі добрыя! Нам тут жыць! Вы пагаварылі і паехалі, а нам тут жыць!
Вось ляжаць медыцынскія картачкі... Перада мною... Кожны дзень... Я бяру іх у рукі... Кожны дзень!
Аня Будай — 1985 года нараджэння — 380 бэр.
Віця Грынкевіч — 1986 года нараджэння — 785 бэр.
Насця Шаблоўская — 1986 года нараджэння — 570 бэр.
Алёша Пленін — 1985 года нараджэння — 570 бэр.
Андрэй Котчанка — 1987 года нараджэння — 450 бэр...
Кажуць, што гэтага не можа быць? I як жа яны жывуць з гэткаю шчытавідкай? Але хіба быў дзе-небудзь падобны эксперымент? Я чытаю... Бачу... Кожны дзень... Дапамагчы можаце? Не! Чаго тады прыязджаеце? Распытваеце? Прыстаяце да нас? Я не хачу гандляваць іх няшчасцем. Філасофстваваць! Адчапіцеся, людзі добрыя! Нам тут жыць...»

(Аркадзь Багданкевіч, сельскі фельчар, «Чарнобыльская малітва»)

Аднак тое, што было сімвалам болю, цярпення і насміхання, стала сімвалам любові, якая перамагла і стала найвялікшым сэнсам існавання чалавецтва.

Матэрыялы з гэтай серыі:

 

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by