Сімвалы Вялікага посту: зацьменне | Друк |
Рознае
08.03.2016 12:54

«І было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне» (Лк 23, 44-45).

Вобраз зацьмення вельмі пашыраны, як у Старым, так і ў Новым Запавеце. І пры кожным узгадванні пра гэтую прыродную з’яву чытаецца знак, які прадказвае негатыўнасць і адмоўны зыход.

У той дзень, калі Хрыстус застаўся паміж небам і зямлёй, забіты на бэльках чалавечага свядомага адмаўлення ад дабра, знак свайго пратэсту і болю выказала нават неба. Тры гадзіны цемры.

Нараджэнне і смерць, з’яўленне і зацьменне зоркі. На прыйсце Збаўцы найперш рэагавала неба, якое, як вялікі экран чалавецтва, давала найлепшае інфармаванне пра тое, што адбываецца надзвычайная падзея ў гісторыі чалавецтва. Пры нараджэнні Хрыста зорка заззяла на небасхіле і павяла да ўбогіх ясляў усіх, хто быў здольны яе заўважыць і каму гэта было патрэбна.

Пры смерці Хрыста зорка не згасла, але зацьмілася, што стала яшчэ больш відавочным знакам не толькі для тых, хто быў Хрыстовым спадкаемцам, але і для тых, хто не верыў, і адмаўляў Яго надзвычайнасць і збаўчую місію.

Часамі, каб зразумець штосьці вельмі важнае ў сваім жыцці, трэба прайсці праз зацьменне, праз цемру, якая прыходзіць разам з землятрусам, страсаючы твой светапогляд, планы, каштоўнасці, змяняючы кірункі, па якіх прызвычаены ісці.

Зацьменне, якое з’яўляецца знакам, што штосьці ў жыцці адбываецца не так, што аб гэтым сумуе і б’е трывогу само неба.

Аднак зацьменне — з’ява часовая.

За ім заўсёды ідзе праясненне, што ў жыцці духоўным дадаецца і шэрагам высноў, якія чалавек робіць тады, калі апынаецца ў цемры.

Зацьменне — як стан сур’ёзнай хваробы, у час якой невядома, што за шлях чакае цябе ў гэтым свеце і ці гэты шлях чакае менавіта ў гэтым свеце або ўжо ў іншым.

Зацьменне — як крызіс, які перажывае краіна ці цэлы свет, эканамічны, палітычны ці сацыяльны. Як прыкмета таго, што штосьці ў чалавечай дзейнасці было не так, як сігнал да таго, што патрабуюцца кардынальныя змены альбо цалкам іншыя падыходы да вырашэння праблем.

Пасля зацьмення — у час укрыжавання і смерці Хрыста — чалавецтва чакаў новы знак, знак пераможнага сонца і новага дня, надзеі і перамогі.

Але, ізноў жа, радасць адноўленага дня і перамогу адчуў толькі той, хто яе шукаў, хто за яе паміраў і хто ведаў яе кошт.

Гэтая перамога не прыйшла без ахвяры, без крыві, цярпенняў, без найвялікшай Любові, без вялікай барацьбы Любові з нянавісцю, з несправядлівасцю, з несправядлівым асуджэннем, з зайздрасцю і страхам.

І зорка, якая з’явілася ў тую ноч, калі нарадзілася Немаўля ва ўбогай пячоры, зусім не згасла. Так, было зацьменне, якое, магчыма, і не раз паўторыцца, але за кожным зацьменнем праз высілкі і змаганні прыходзіць перамога сонца, перамога Жыцця ў Хрысце Уваскрослым.

Матэрыялы з гэтай серыі:

 

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by