Працэсія Божага Цела: «Напоўнім вуліцы Мінска людзьмі, якія ўсміхаюцца і якія шукаюць адзін аднаго» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.06.2014 17:42

Працэсія Божага Цела адбылася ў Мінску 1 чэрвеня, распачаўшыся Святой Імшой на Залатой Горцы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На ёй таксама прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі.

Свята, якое было ўстаноўлена ва ўсім Касцёле Папам Урбанам IV у ХІІІ стагоддзі, каторы год ажыўляе горад Мінск працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, за якім і разам з якім ідуць святары і вернікі ўсіх парафій горада, а таксама і госці, якія адмыслова для ўдзелу ў працэсіі прыязджаюць у сталіцу.

Традыцыйна працэсія спыняецца каля чатырох алтароў, якія рыхтуюць прадстаўнікі розных парафій.

Першы алтар знаходзіцца на плошчы Перамогі, другі — на Кастрычніцкай плошчы, трэці — на плошчы Незалежнасці, на прыступках Чырвонага Касцёла, а чацвёрты — на плошчы Волі, перад Архікатэдральным касцёлам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кожны год гэтыя алтары становяцца своеасаблівымі знакамі Божай прысутнасці і веры людзей як для горада, так і для краіны ў цэлым, своеасаблівымі цэнтрамі, якія нагадваюць пра напрамак, да якога павінен рухацца чалавек у сваім жыцці.

І ў сённяшняй сваёй гаміліі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў: «Езус, які застаўся з намі ў Эўхарыстыі, павінен быць цэнтрам нашага жыцця», да гэтага цэнтра і ад цэнтра чалавецтва ішло і ідзе.

Мітрапаліт адзначыў, наколькі важным для хрысціяніна з’яўляецца сакрамэнт Эўхарыстыі, «вялікай таямніцы нашай веры, дзякуючы якому Езус становіцца прысутным у кожным месцы, дзе цэлебруецца святая Імша, якая з’яўляецца ўспамінам і некрывавай ахвярай Езуса за нас. Простая чалавечая ўдзячнасць нагадвае аб тым, што Эўхарыстыя, як сакрамэнт бязмежнай Божай любові, павінна быць цэнтрам нашага жыцця».

Поўны тэкст гаміліі »».

Сцвярджаючы гэты прынцып, і вырушылі прысутныя ў працэсію да першага алтара. Падыходзячы да яго грамада людзей запаўняла, як тэрыторыю каля самаго помніка, так і запаўняла месца на тратуары, дапаўняючыся і выпадковымі мінакамі.


Пасля малітвы і благаслаўлення ля першага алтара працэсія вырушыла далей, распачынаючы малітву на Ружанцы. Па правым баку праспекта Незалежнасці ішлі людзі, якія хаваючыся пад парасонамі, а некаторыя і не хаваючыся ад дожджу, які працягваў марасіць, перабіралі пальцамі бусіны ружанца, а вуснымі — словы «Вітай Марыя».


Калі нарэшце працэсія спынілася на Кастрычніцкай плошчы, то пасля Евангелля пачула словы кс. Уладзіміра Русака, які прыгадаў пра сімвалічнасць месца, на якім знаходзімся — нулявы кіламетр, ад якога можна вырушыць у дарогу да Масквы, Кіева, Рыма, Парыжа, а таксама адкуль можна пачаць і свой шлях за Хрыстом. «Куды пойдзе наш народ залежыць ад таго, за кім пойдзе кожны». — прамовіў кс.Уладзімір Русак. Таксама святар перасцерагаў перад пагрозаю «ідэалогіі ўсеабдымнага задавальнення», калі кожны можа задаволіцца «кавалкам фэйсбука пад соусам астралогіі і картаў таро», такім чынам, абіраючы «духоўны фастфуд», які прапаноўвае нам сучасны свет, забываючыся на тое, што прапаноўвае нам Хрыстус, які «дае нам сябе — жыццё, якога мы годныя, дзякуючы Хрыстовай смерці на крыжы».

Ужо на плошчы Незалежнасці да ўдзельнікаў працэсіі прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі, які, узгадваючы пра пагрозы, які нясе з сабою цывілізацыя смерці — праз эўтаназію, праз аборты, запытаўся: «А якое будзе наша сведчанне людзям, калі мы станем перад выбарам?» Таксама, звярнуўшыся да вернікаў, на польскай мове, біскуп Юрый Касабуцкі ўзгадаў пра капліцу ў Чырвоным Касцёле, дзе заўсёды адбываецца Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і дзе заўсёды ёсць магчымасць жывога дыялогу са Збаўцам.


Каля апошняга алтара да прысутных звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які падкрэсліў веліч прысутнасці Езуса Хрыста між удзельнікамі працэсіі ў гэты дзень.

Арцыбіскуп адзначыў, што спачатку сёння ўсе перажылі выйсце, потым супольнае падарожжа і прыйшлі, нарэшце, да мэты — да Нябеснага Ерузалема. Апостальскі Нунцый сказаў, што ў гэтым падарожжы мы ўсе павінны быць разам, бо мы — Цела Хрыста. «Мы — Хрыстовы люд» і павінна гэта паказаць увагаю адзін да аднаго, памятаючы, што ніхто не збаўляецца па-асобку. Іерарх звярнуўся з наступным заклікам: «Напоўнім вуліцы Мінска людзьмі, якія ўсміхаюцца і якія шукаюць адзін аднаго. І тады не трэба будзе ладзіць чэмпіянату па хакею, каб напоўніць добразычлівасцю гэты горад. Будзе наша любоў — і гэты горад стане месцам спатканняў, бо менавіта гэтага просіць Бог у Эўхарыстыі».

Аксана Ючкавіч
Фота Віталія Палінеўскага

 
© 2003-2024 Catholic.by