Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы працэсіі Божага Цела

Мінск, 1 чэрвеня 2014 г.

Эўхарыстыя – цэнтр нашага жыцця

Не пакіну вас сіротамі, – кажа Пан, – прыйду да вас (пар. Ян 14, 18)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэтыя словы спеву перад Евангеллем сённяшняй святой Імшы нагадваюць аб пастаяннай прысутнасці Езуса ў нашым жыцці. Тры дні таму, у мінулы чацвер, мы адзначалі ўрачыстасць Унебаўшэсця Езуса. Сын Божы пасля выканання вызначанай Яму Яго Нябесным Айцом місіі вяртаецца на неба, у свой дом. Гэта натуральна, бо кожны з нас пасля выкананага задання вяртаецца дамоў – з камандзіроўкі, працы, школы, універсітэта і г.д.

Аднак, узнёсшыся ў неба, Езус не пакінуў нас адных. Ён з намі ў Святым Пісанні, паслузе Касцёла, у сакрамэнтах і асабліва ў Эўхарыстыі, якая з’яўляецца цэнтральным сакрамэнтам. Калі кожны сакрамэнт – гэта асабістае спатканне Хрыста з чалавекам, то ў Эўхарыстыі Ён становіцца нашым хлебам. Ніхто і нішто так не аб’яднае з сабой, як ежа, якая засвойваецца арганізмам і становіцца часткай нас саміх.

2. Гісторыя чалавецтва дзеліцца на час перад Хрыстом і пасля Хрыста. Час перад Хрыстом – гэта час перад Яго Нараджэннем, а пасля Хрыста – час пасля Яго Нараджэння. Такім чынам, хоча гэтага свет ці не, згаджаецца з гэтым ці не, прымае гэта ці не, аднак ён павінен пагадзіцца з тым, што Хрыстус з’яўляецца цэнтрам гісторыі і галоўнай яе падзеяй. У параўнанні з Хрыстом усё іншае ў гісторыі свету адыходзіць на другі план.

Падобна павінна быць і ў нашым жыцці. Езус, які застаўся з намі ў Эўхарыстыі, павінен быць цэнтрам нашага жыцця. Менавіта таму Касцёл патрабуе ўдзелу ў святой Імшы кожную нядзелю і свята, каб, спаткаўшы там Езуса і прыняўшы Яго ў свае душы, мы маглі быць моцнымі духоўна і штодзённым жыццём сведчылі Хрыста.

3. Калі мы дзелім гісторыю на час перад Хрыстом і пасля Хрыста, то падобна дзеліцца і Святое Пісанне – на Стары і Новы Запаветы. Стары Запавет вядзе да Езуса, як абяцанага Збаўцы. У Старым Запавеце таксама ёсць прадказанні аб Эўхарыстыі, найважнейшым з якіх з’яўляецца манна, якой Бог карміў габрэяў у пустыні.

Новы Запавет – гэта гісторыя Езуса і жыцця Касцёла ў першыя часы яго існавання. Ён больш канкрэтна нагадвае аб устанаўленні Эўхарыстыі. У гэтым сэнсе вельмі важным з’яўляецца цуд памнажэння хлябоў, калі Езус сямю хлябамі і некалькімі рыбамі накарміў натоўпы людзей. Гэтым цудам Ён рыхтаваў людзей да ўстанаўлення Эўхарыстыі. Калі мы ўважліва паразважаем над гэтым цудам, то ўбачым, што Езус здзейсніў тыя ж самыя дзеянні, як і падчас Апошняй Вячэры, калі ўстанавіў гэты сакрамэнт: найперш узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў вучням.

Святы апостал Павел у Першым пасланні да Карынцянаў прадстаўляе самае першае апісанне ўстанаўлення Эўхарыстыі. Езус таксама узяў хлеб, благаславіў, паламаў і сказаў: “Бярыце і ешце, гэта Цела Маё”. Ён не сказаў, што гэта сімвал Ягонага Цела або што гэты хлеб прадстаўляе Яго Цела, але сказаў, што гэта Яго Цела. Дзякуючы словам Езуса, якія паўтарае святар, наступае перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Езуса. Гэта сапраўды вялікая таямніца нашай веры, дзякуючы якой Езус становіцца прысутным у кожным месцы, дзе цэлебруецца святая Імша.

4. Калі нехта нам зробіць штосьці добрае і прыемнае, мы стараемся адудзячыць гэтаму чалавеку. Але ці можа быць штосьці больш важнае за наша збаўленне? Яго нам падарыў Езус праз свае цярпенні, смерць і Уваскрасенне. І кожны раз, калі мы цэлебруем Эўхарыстыю, мы ўспамінаем бязмежную любоў Езуса да нас, якая праявілася ў Яго цярпеннях і крыжовай смерці. Каб лепей прыпомніць нам сваю ахвяру ў Эўхарыстыі, Езус выбраў хлеб і віно, як сімвалы цярпення. Зерне, каб стаць хлебам, павінна быць змолата, знішчана паміж камянямі млына, а вінаград, каб стаць віном, павінен быць знішчаны ў вінным прэсе.

Езус, як зерне, быў біты і ўкрыжаваны, каб стаць мукой для Эўхарыстычнага хлеба. Падобна як з-пад прэсу выцякае вінаградны сок для вытворчасці віна, таксама і Кроў Езуса цякла з Яго ўкрыжаванага Цела. Таму хлеб і віно, якія мы ахвяруем падчас святой Імшы і якія перамяняюцца ў Цела і Кроў Езуса, прыпамінаюць нам Яго цярпенні і смерць. Таму кожная святая Імша з’яўляецца ўспамінам і некрывавай ахвярай Езуса за нас. Простая чалавечая ўдзячнасць нагадвае аб тым, што Эўхарыстыя, як сакрамэнт бязмежнай Божай любові, павінна быць цэнтрам нашага жыцця.

5. А як на самой справе? Ці кожную нядзелю і свята мы спяшаемся на Імшу? Ці часта прымаем святую Камунію? Хто і што знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцця?

Сучасны свет пазначаны тэндэнцыямі да ліберальнага і секулярнага стылю жыцця. У ім усё менш застаецца месца Богу і маральнаму закону. Чалавек усё больш імкнецца да ўлады, задавальнення і багацця.

Тыдзень таму завяршыўся 78-ы Чэмпіянат свету па хакеі. На працягу апошніх тыдняў гэтая падзея знаходзілася ў цэнтры ўвагі жыхароў Мінска, нашай краіны і хакейных заўзятараў свету. Акрамя выдатнай арганізацыі і спартыўных спаборніцтваў, што прайшлі на вельмі высокім узроўні, чэмпіянат адзначыўся рэкорднай колькасцю заўзятараў, якія пабывалі на матчах, – 650 тысяч чалавек (пар. http://minsknews.by/blog/2014/05/26/chempionat-mira-po-hokkeyu-v-minske-posetilo-rekordnoe-kolichestvo-bolelshhikov-650-tyis-chelovek/). Аднак у шэрагу з гэтымі прыемнымі паведамленнямі трэба канстатаваць і тое, што падчас чэмпіянату заўзятары выпілі 420 тысячаў літраў піва і з’елі 27 тон шашлыкоў. У дзень яны таксама з’ядалі каля 600 кг дранікаў (пар. http://news.tut.by/society/400577.html).

Як бачна, людзей цікавілі толькі вынікі спаборніцтваў і задавальненні. А дзе духоўная частка? Спорт таксама можа мець вялікае выхаваўчае значэнне, у тым ліку і духоўнае. Але аб тым, ці маліліся спартсмены і заўзятары, ні слова.  

У той жа час сучасны чалавек разумее, што ні нябачны дасюль навуковы і тэхнічны прагрэс, ні імкненне да багаццяў і задавальненняў не вырашаюць праблем, з якімі ён сутыкаецца. Для гарманічнага яго развіцця неабходны яшчэ і духоўны элемент. Неабходна ў цэнтр свайго жыцця паставіць Бога і Яго закон.
 
У разгар сексуальнай рэвалюцыі на Захадзе ў 60-х гадах мінулага стагоддзя на сцяне славутага Парыжскага ўніверсітэта “Сарбона” нехта напісаў у стылі графіці наступныя словы: “Бог памёр. Подпіс – Ніцшэ”. Аднак праз некалькі дзён побач з’явіўся іншы надпіс: “Ніцшэ памёр. Подпіс – Бог”. Гэта быў пратэст тых, хто бачыў небяспечнасць працэсу, які распачаўся.

6. Калі мы заблыталіся ў сваім жыцці і не ведаем, дзе і як можам знайсці Бога, то неабходна звярнуцца да Эўхарыстыі.

Успомнім вучняў з Эмауса. У цэнтры іх разважання была трагедыя на Галгоце, дзе іх Настаўнік быў укрыжаваны. Аднак на ламанні хлеба, гэта азначае на Эўхарыстыі, яны распазналі ў спадарожніку Езуса. Ён заняў цэнтральнае месца ў іх жыцці, і Яго яны абвяшчалі іншым.

Вядомы французскі каталіцкі публіцыст Андрэ Фрассард нарадзіўся ў атэістычнай сям’і і быў няверуючым. Аднойчы разам са сваім сябрам католікам ён прагульваўся па Парыжы. Яны праходзілі побач капліцы, дзе адбывалася пастаянная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Яго сябар папрасіў Андрэ крыху пачакаць, бо хацеў памаліцца. Андрэ падумаў і сказаў сам сабе: “Пайду і я ў капліцу і пагляджу, як усё выглядае”. Яго сябар католік выйшаў першым і доўга чакаў Андрэ. Калі той з’явіўся, то быў моцна зменены. “Што з табой?” – спытаўся сябар. “У белай гостыі я ўбачыў Бога”, – адказаў Андрэ. Такім чынам, Эўхарыстыя стала месцам яго навяртання і Езус заняў цэнтральнае месца ў яго жыцці. Андрэ Фрассард напісаў вельмі цікавыя кнігі – “Дыялогі з Паўлам VI” і “Дыялогі з Янам Паўлам II”. Гэтым самым ён стаў місіянерам нашага часу.

7. Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняя сустрэча з Эўхарыстычным Езусам і працэсія Божага Цела вуліцамі сталіцы Беларусі не павінны быць толькі падзеяй, якая адбылася, аб якой напішуць медыя і аб якой мы хутка забудземся. Яна павінна стаць новым імпульсам для нас і нашага грамадства паставіць Бога ў цэнтры нашага жыцця, бо Бог не памёр, а жыве і вядзе нас у новую будучыню. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі