Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях

ПРАЗ ФАЦІМСКАЕ ПАСЛАННЕ
ДА ВЕРНАСЦІ ХРЫСЦІЯНСКАМУ ПАКЛІКАННЮ

8 ліпеня 2017 г.

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі і пілігрымы, усе прыхільнікі Божай Маці Тракельскай – Каралевы сем'яў.

1.    Дзякую Яго Эксцэленцыі кс. біскупу Аляксандру Кашкевічу – ардынарыю Гродзенскай дыяцэзіі – за запрашэнне на сёлетнія тракельскія ўрачыстасці ў год Юбілею 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў.

Роўна 100 гадоў таму ў далёкай Фаціме тром фацімскім дзецям аб'явілася Марыя. Мэтай аб'яўленняў было перасцерагчы свет ад пагрозы, якую нёс, набіраючы моц і распаўсюджваючыся з касмічнай хуткасцю ва Усходняй Еўропе, атэізм, чаму спрыяла складаная сацыяльна-палітычная сітуацыя таго часу ў Еўропе і асабліва ў Расійскай Імперыі. Першая Сусветная вайна, якая працягвалася, прывяла да развалу эканомікі. Многія гарады і вёскі былі разбураны. Загінулі мільёны нявінных людзей. Панаваў голад і хваробы. З дня на дзень сітуацыя станавілася ўсё больш складанай і пагражала сацыяльным выбухам.

Сацыяльна-палітычныя праблемы ўскладняліся маральнымі. Распачаты эпохай Асветніцтва працэс супрацьпастаўлення маральным нормам і абвяшчэння абсалютнай свабоды, прывёў да таго, што ўсё больш людзей адмаўляліся ад Бога і Ягонага закону. Першы канцлер Германскай Імперыі Ота Фон Бісмарк казаў, што з дапамогай славутага казання Езуса Хрыста на гары, у якім Збаўца прадставіў восем благаслаўленняў як маральны кодэкс чалавека, не збудуецца міру. У будове «Новага свету» ён аддаваў перавагу не Богу, але зброі. У выніку чаго такая палітыка яшчэ раз паказала, што «без Бога не да парога», бо прайгралі не толькі вялікія дзяржавы таго часу, але прайграла таксама і чалавецтва, якое апынулася на краю бездані, асабліва маральнай.

Тады, падчас Першай Сусветнай вайны, Марыя, як наша духоўная Маці, падобна да кожнай маці, заклапочаная вельмі складанай сітуацыяй, якая склалася, праз фацімскіх дзяцей Люцыю, Францішка і Жасінту звярнулася  да чалавецтва з заклікам да малітвы і навяртання, каб пазбегнуць магчымых фізічных і духоўных бедаў.

Як лек ад іх яна прапанавала малітву і навяртанне. Гэтым самым яна быццам паўтарыла словы Езуса, які заклікаў да няспыннай малітвы і пакаяння.

2. З гісторыі чалавецтва вядома, што чалавек далёка не заўсёды слухае Бога. Так было з першымі нашымі бацькамі. Адам і Ева зграшылі, бо больш даверыліся злому духу чым Богу. Нават выбраны народ, які дасведчыў цудоўнае выйсце з Егіпецкага палону, замест таго, каб праслаўляць Бога, праслаўляў залатое цяля.

Гэтая гісторыя паўтараецца з пакалення ў пакаленне. Чалавек ведае што такое дабро, і ў той жа час робіць зло, але можа яму супрацьстаяць і не рабіць, калі будзе прасіць Божай дапамогі. З такой дапамагой прыходзіць Марыя, якая з'яўляецца найкарацейшым шляхам да Езуса – адзінага лекара душ чалавечых.

3. Заклікаючы да малітвы і навяртання, Марыя, ведаючы аб тым, што чалавецтва яе не паслухае, як не слухае Бога, прадказала няшчасці і беды, якія яго чакалі.

Гэтым самым яна акрэсліла гісторыю развіцця свету, асабліва Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ў ХХ стагоддзі: завяршэнне Першай сусветнай вайны, распачацце Другой і пераслед Касцёла. Акрэсліўшы цяжкасці, з якімі сутыкаецца чалавецтва з-за адыходу ад Бога, тым не менш, Марыя не пакінула яго ў безнадзейнай сітуацыі, якая надыходзіла. Гэтай надзеяй стаў заклік да набажэнства да яе Беззаганнага Сэрца і прысвячэння яму Расіі, як умове яе навяртання.

Езус сказаў апосталу Пятру: «Ты – Пётр, скала, і на гэтай скале я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц,16:18).  Гэтыя словы Збаўцы разам з Фацімскім пасланнем Марыі сталі надзеяй для народаў свету, у тым ліку і для нашай краіны. Яны сталі святлом у цёмнай начы атэізму і ганенняў на веру, якая працягвалася тры доўгія пакаленні. Замыкаліся касцёлы і кляштары. Іх руйнавалі, як, напрыклад, узарвалі гістарычную Фару Вітаўта ў Гродне. У выніку чаго замест гістарычнай спадчыны мы сёння маем на гэтым месцы пустыр. Самы вялікі і прыгожы касцёл св. Тамаша Аквінскага ў Мінску перажыў Другую сусветную вайну, у выніку якой горад быў знішчаны. Аднак потым святыня была зруйнаваная, а на яе месцы пабудаваны Палац Рэспублікі, які не можа зраўняцца ў архітэктурным плане з былым касцёлам.

У тыя часы веруючы быў чалавекам другога гатунку: яму цяжка было паступіць ва ўніверсітэт, заняць добрую пасаду, быць лідарам. Рэлігія, паводле думкі Карла Маркса, лічылася опіумам для людзей. Гэта азначае, што яна адурманьвала іх.

Насамрэч не рэлігія, а атэізм адурманьваў чалавека і адбіраў у яго тое, што яму належыць паводле натуральнага права. Чалавек па сваёй прыродзе рэлігійны, аб чым найлепей сведчыць уся гісторыя чалавецтва. Нават атэісты стварылі сабе рэлігію, бо абагаўлялі сваіх лідараў і казалі, што Ленін жывейшы за ўсіх жывых.

Таму Фацімскае пасланне насамрэч было Божым святлом у цемры атэізму і надзеяй на выйсце з яе.

4. І сапраўды, пасля доўгай, трываючай тры пакаленні ночы ідэалагічнага атэізму і ганенняў на веру, нарэшце ўзышло сонца свабоды веравызнання. Запалены 100 гадоў таму Марыяй агеньчык надзеі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ператварыўся ў магутнае святло. Усё сталася так, як прадказвала Марыя ў Фаціме, і сталася дзякуючы яе заступніцтву. Як дзякуючы Марыі Езус здзейсніў першы цуд у Кане Галілейскай, таксама і ў нас, дзякуючы яе апецы, стаўся новы цуд – мы атрымалі свабоду веравызнання.

Гэта вялікі дар, але адначасова і выклік, які можа нават пераўтварыцца ў спакусу жыць так, як хочацца, што вядзе да злоўжыванняў, не шанавання правоў іншых людзей, і не спрыяе будаванню цывілізацыі жыцця, міру і любові.

Захлынуўшыся фальшывым разуменнем свабоды, чалавек ставіць сябе на месца Бога. Замест веры ў Бога, ён верыць толькі ў самога сябе, і такім чынам створаны Богам парадак перакуляе з ног на галаву. А, як вядома, на галаве нават добры спартсмен не зможа доўга стаяць. Гэта пацвярджае штодзённае жыццё. Створаны чалавекам пад яго самога парадак лопаецца як мыльная бурбалка. У выніку – сучасны свет перажывае мноства розных крызісаў і ліхаманкава шукае з іх выйсця. Але калі трэскаюцца сцены дома, то недастаткова толькі затынкаваць шчыліны. Гэта нічога не дасць. Неабходна ўмацоўваць фундамент.

Тыя ж самыя правілы існуюць і ў жыцці чалавека і грамадства. Хрыстус кажа, што дом нашага жыцця мы павінны будаваць не на пяску, але на моцным духоўным фундаменце. Гэтым фундаментам з‘яўляецца наша моцная вера, якая павінна праяўляцца ў штодзённым жыцці. На жаль, духоўны стан сучаснага свету і нашай краіны не найлепшыя. Мы самі добраахвотна паддаёмся вірусу секулярызму і не хочам прымаць вакцыны супраць гэтай замоўленай хваробы. Калі забываемся аб нашых хрысціянскіх каранях, з якіх выраслі, а спяшаемся за ідэалогіямі, якія не толькі не прызнаюць Бога, але таксама не шануюць чалавека, якога Бог стварыў па сваім вобразе і падабенстве, разбураем фундамент нашай хрысціянскай цывілізацыі.

5. Сёння Касцёл у прыклад ставіць нам Марыю, галоўным прыярытэтам жыцця якой была паслухмянасць Божай волі. З далёкай Фацімы ўжо 100 гадоў гучыць яе заклік да пакуты і навяртання як антыдот на праблемы сучаснага свету.

Ілюзіяй было б думаць, што праз 100 гадоў Фацімскае пасланне страціла сваю актуальнасць. Цемра ідэалагічнага атэізму трансфарміравалася ў цемру ваюючага секулярызму і маральнага рэлятывізму. Сутнасць жа Фацімскага паслання заключаецца ў словах Марыі: «Калі будзем маліцца і навяртацца, то ўсё будзе добра, калі не, то нас чакае кара». 

6. Марыя, ты і сёння з Тракелькага санктуарыя паказваеш нам шлях да шчасця і збаўлення. Дапамажы нам крочыць. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб мы не прадавалі нашай хрысціянскай годнасці на кірмашы сумніўнага прагрэсу, а мужна баранілі веру, без якой няма збаўлення. Амэн.

Адноўлена 06.07.2017 13:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі