Папа сустрэўся з дэлегацыяй Канстанцінопальскага Патрыярхату | Друк |
Святы Айцец
28.06.2011 16:31

28 чэрвеня 2011 г. Бэнэдыкт XVI сустрэўся з членамі дэлегацыі Канстанцінопальскага Патрыярхату, якія прыбылі ў Рым з нагоды ўрачыстасці св. апосталаў Пятра і Паўла. 29 чэрвеня члены дэлегацыі прымуць удзел у літургіі.

Падчас сустрэчы Святы Айцец адзначыў, што прысутнасць дэлегацыі з Канстанцінопальскага Патрыярхату ў Рыме сведчыць пра сяброўства і сапраўднае братэрства, якія аб’ядноўваюць Рымскі Касцёл і Экуменічны Патрыярхат. Па словах Папы, гэта сувязь мае моцны фундамент у веры, якую «атрымалі праз апосталаў».

«Мы пакліканы разам і ў любові працягваць гэты шлях, просячы Святога Духа аб святле і натхненні з упэўненасцю, што Ён жадае прывесці нас да поўнага спаўнення волі Хрыста: каб усе былі адно», — цытуе словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.  

Бэнэдыкт XVI запрасіў прысутных гасцей, а таксама прадстаўнікоў іншых рэлігійных традыцый, дзеячаў культуры і навукі прыняць удзел у сустрэчы лідараў сусветных рэлігій, якая адбудзецца 27 кастрычніка ў Асізі.


 
© 2003-2024 Catholic.by