Сведкi адзiнства. Святыя Кiрыл i Мятод | Друк |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
27.09.2013 18:51

У другой палове I тысячагоддзя памiж рыма-лацiнскiм i вiзантыйска-грэчаскiм хрысцiянскiмi асяроддзямi ўжо накрэслiлася яснае адрозненне ў тэалогii, касцëльным жыццi i звычаях. Хто ж яшчэ, як не святыя тых часоў, могуць навучыць нас жыць у эўхарыстычным адзiнстве з шанаваннем iснуючых адрозненняў?

Апостальская дзейнасць святых Кiрыла i Мятода (кароткую бiяграфiю можна знайсцi ў энцыклiцы Яна Паўла II "Slavorum apostoli", 4-7)1 адбывалася ў другой палове IX стагоддзя. Калi паспрабаваць храналагiчна спалучыць некаторыя моманты iх дзейнасцi з iншымi падзеямi таго часу, а перад усiм — з храналогiяй канфлiкту памiж Рымам i Канстанцiнопалем, то можна ўбачыць у гэтых двух святых вялiкi знак надзеi для справы адбудавання адзiнства памiж католiкамi i праваслаўнымi.

Святы Кiрыл (Канстанцiн) доўгi час прабываў у Канстанцiнопалi i быў цесна звязаны з патрыяршай канцылярыяй i дваром iмператара, а таму добра ведаў увесь палiтычны і касцëльны кантэкст назраваючага канфлiкту. Як верныя падданыя Вiзантыйскай iмперыi i сыны Кастанцiнопальскага Касцëла, Кiрыл (Канстанцiн) i Мятод выехалi ў 863 г. па даручэнню патрыярха Фоцiя на мiсiю ў Маравiю, дзе дагэтуль дзейнiчалi нямецкiя мiсiянеры.

Цяпер коратка прадставiм храналогiю канфлiкту (Фоцiянскай схiзмы)2. У 863 г. Рымскi Папа Мiкалай I афiцыйна абвяшчае непрызнанне патрыяршаства Фоцiя i зводзiць Фоцiя да стану свецкага вернiка, абавязваючы яго пакаяцца за ўзурпацыю пасады. Фоцiй нiяк не рэагуе i застаецца на сваëй пасадзе. А ў 867 г. Фоцiй рассылае iншым усходнiм патрыярхам энцыклiку з вельмi острым асуджэннем заходнiх адрозненняў у тэалогii i звычаях3. У тым жа 867 г. iмператар разам з Фоцiем склiкаюць у Канстанцiнопалi сабор, на якiм абвяшчаюць анафему на Папу Мiкалая I. Сiтуацыя заставалася нестабiльнай да 880 г., калi адбылося прымiрэнне канфлiктуючых бакоў.

А як сябе паводзiлi ў гэты час свв. Кiрыл i Мятод? У час схізмы яны ўстрымліваюцца ад афіцыйных кантактаў з патрыярхам Канстанцінопаля. Прынамсі, не маем ніякіх дадзеных пра такія кантакты. Усе праблемы яны вырашаюць праз біскупа Рыма, як прадстаўніка найвышэйшай улады. У Кастанцінопаль да патрыярха св. Мятод накіроўваецца толькі ў 881 г., пасля заканчэння схізмы. У 867 г. Кірыл (Канстанцін) і Мятод пэўны час прабываюць у Венецыі, вялікім гандлёвым горадзе, дзе мелі магчымасць даведацца пра падрабязнасці канфлікту паміж Рымам і Канстанцінопалем. З Венецыі яны накіроўваюцца ў Рым па запрашэнні Папы Мікалая І. Потым праз два гады яны прабываюць у Рыме ў адзінстве з Рымскім Касцёлам. Папа Адрыян ІІ пасвячае св. Мятода арцыбіскупам Паноніі і Маравіі, і св. Мятод працягвае місію сярод славянаў пад юрысдыкцыяй біскупа Рыма.

Вядома, што прыведзенае спалучэнне дат і фактаў з’яўляецца павярхоўным і не ўлічвае ўсіх магчымых выясненняў, аднак варта над гэтым задумацца. Таксама варта задумацца і над тым, што хаця святыя браты мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з поглядамі і нямецкага, і рымскага духавенства, не знаходзім аніякіх слядоў крытыкі свв. Кірылам і Мятодам адрозненняў лацінскай тэалогіі і звычаяў, як гэта ўчыніў патрыярх Фоцій у сваёй энцыкліцы і на саборы ў Канстанцінопале. Вось яна, пашана да глыбіні Божай таямніцы, якую немагчыма замкнуць у рамкі адной чалавечай традыцыі, грэчаскай ці лацінскай. Вось яна, вялікая адказнасць за захаванне адзінства паміж хрысціянамі, якое насамрэч вельмі крохкае.

На гэтым я заканчваю цыкл артыкулаў, прысвечаных ролі біскупа Рыма ў Касцёле Хрыстовым у кантэксце экуменічнага дыялогу з праваслаўнымі. У наступным здаецца карысным паразважаць над гісторыяй Уніі ў Беларусі, а таксама аб ідэі Уніі ўвогуле (таксама ў кантэксце экуменічнага дыялогу).

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. З праваслаўных апрацаванняў, выдадзеных у апошнія гады, можна прывесці: Тахиаос А.-Э. Н. «Святые братья Кирилл и Мефодий — просветители славян» і сборник «Святые равноапостольные Кирилл и Мефодий».
  2. Пар. Ks. Marian Banaszak «Historia Kościoła Katolickiego», t.2, s. 27-29(206-208);40-43(219-222)  i А. Дворкин «Очерки по истории Вселенской Православной Церкви», ч.ІІІ-ІІ.
  3. Пар. Окружное послание патр. Фотия.


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2021 Catholic.by