Палеміка з ісіхастамі. Грыгорый Палама | Друк |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
22.01.2014 11:00

Перамога поглядаў ісіхастаў на Канстанцінопальскіх саборах у XIV ст. з'яўляецца адным з найважнейшых элементаў таго, што цяпер мы можам назваць самасвядомасцю вернікаў праваслаўнай канфесіі. Таму, як здаецца, нельга разважаць пра унійныя ініцыятывы тых часоў у адарванні ад гісторыі гэтай палемікі.

Важнасць узгаданых падзей можна лёгка ўбачыць па месцы іх памяці ў праваслаўнай літургіі. У адным з ранейшых артыкулаў была гаворка пра свята Торжества Православия (глядзі тут), якое адзначаецца ў першую нядзелю Вялікага посту і ўзгадвае перамогу над супраціўнікамі шанавання абразоў у IX стагоддзі, што ў сваю чаргу з'яўляецца сімвалам перамогі поўні хрысціянскай веры над усімі ерасямі. А вось памяць Грыгорыя Паламы і перамога тэалогіі ісіхастаў у XIV ст. святкуецца ў Праваслаўнай Царкве ў другую нядзелю Вялікага посту і ўспрымаецца вернікамі як другое па сваёй важнасці Торжество Православия. Такім чынам, Грыгорый Палама з'яўляецца ў свядомасці праваслаўных, калі выкарыстаць каталіцкую тэрміналогію, як бы «доктарам Касцёла».

Грыгорый Палама ў маладосці атрымаў добрую адукацыю ў Канстанцінопалі, а потым распачаў манаскае жыццё на гары Афон, дзе ў той час ужо выразна акрэслілася духоўнасць ісіхазму — аскетычнай сістэмы хрысціянскага жыцця і малітвы, мэтай якой з'яўляецца як мага большае перамяненне чалавечай душы пад дзеяннем Духа Святога ў новае стварэнне (обожение)1. Каб вытлумачыць дзеянне Божай ласкі, ісіхасты паслугоўваліся евангельскім вобразам Перамянення Пана на гары Табор — праз святло сваёй хвалы, якую бачылі Апосталы, Бог перамяняе душу чалавека, які несупынна моліцца. Грыгорыя Паламу — чалавека высокага духоўнага ўзроўню і таленавітага хрысціянскага пісьменніка — паступова пачалі лічыць як бы «вуснамі» руху ісіхастаў.

З іншага боку, у XIV ст. былі перакладзены на грэчаскую мову асноўныя працы св. Тамаша Аквінскага і з'явілася магчымаць грэкам бліжэй пазнаёміцца са схаластычнай школай тэалогіі, паводле якой чалавечы розум імкнуўся наблізіцца да таямніцаў Божых пры дапамозе логікі. У той самы час сярод інтэлектуальнай візантыйскай эліты таксама распаўсюджваліся ідэі гуманізму, г. зн. захапленне чалавечым спосабам пазнання і дасягненнямі антычнай культуры. Узгаданы ў папярэднім артыкуле Варлаам Калабрыйскі і некаторыя іншыя вядомыя візантыйскія багасловы, філосафы і палітыкі распачалі палемічную барацьбу супраць ісіхастаў, у якіх яны бачылі прапаганду неадукаванасці і небяспеку паўстання сектаў містычнага тыпу. Справа скончылася перамогаю ісіхастаў, і навучанне Грыгорыя Паламы было прызнана афіцыйным праваслаўным навучаннем2, што паступова прынялі і вернікі ў іншых праваслаўных краінах. У гэтым артыкуле не будзем аналізаваць сам змест палемікі, бо для гэтага варта прысвяціць калі-небудь асобны цыкл артыкулаў. Адзначым толькі тое, што датычыць тэмы уніі.

Як можна было заўважыць на прыкладзе Ліёнскай уніі, вельмі важную ролю адыгрывае свядомасць большасці вернікаў — народу, манахаў і ніжэйшага духавенства. Але масавая свядомасць мае такі недахоп, што справы складаныя часта спрошчвае, а рэчы вытанчаныя спрабуе вытлумачыць на прымітыўным узроўні. Асмелюся меркаваць, што і палеміка з ісіхастамі ў XIV ст. адбілася на масавай свядомасці ўсходніх хрысціянаў такім чынам, што заходняя жывая хрысціянская традыцыя, якая праз вякі лічылася каштоўнай часткай супольнага евангельскага скарбу, пачала лічыцца непатрэбнай, няправільнай — инославием. Нягледзячы на тое, што сам Грыгорый Палама не адкідаў рацыянальнага лагічнага пазнання, масавая свядомасць большасці схілялася да таго, каб супрацьпастаўляць заходнюю схаластыку і містычнае багаслоўе ісіхазму3. Тыя з грэкаў, хто захапляўся пладамі заходняй культуры (лацінамудруючыя [гр. латінофронэс], як іх называлі), пачалі ўспрымацца сярод актыўных кансерватыўных вернікаў як нейкая спакуса адыходу ад традыцыі Святых Айцоў. У гэтым кантэксце і справа уніі змяніла сваю фарбу. Цяпер супраціўнікі уніі не абмяжоўваліся ўжо толькі справаю лацінскага дадавання «і Сына» ў Сімвале веры, але асцерагаліся ўвогуле небяспечнага ўплыву развітай заходняй «інаслаўнай», як яны лічылі, тэалогіі на чысціню Апостальскай традыцыі.

Напрыканцы варта адзначыць, што сам Грыгорый Палама актыўна ўдзельнічаў у перамовах адносна уніі. У сувязі з гэтым ён напісаў два трактаты: «Супраць лацінянаў» і трактат «Супраць [уніяцкага патрыярха] Іаана Векка». Аднак не варта судзіць аб гэтых творах толькі паводле іх назваў, бо калі пачнем чытаць, аказваецца, што Грыгорый Палама згаджаўся з разуменнем паходжання Духа Святога ад Айца і Сына, як гэта тлумачыў св. Аўгустын і як гэта цяпер разумеюць каталіцкія вернікі. Быў ён толькі супраць выкарыстання гэтай фармулёўкі менавіта ў Нікейска-Канстанцінопальскім сімвале веры4.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. у słowniku «Opoki»
  2. Пар. Вильгельм де Фрис «Православие и Католичество», ч. ІІ-І,2а; а таксама ў słowniku «Opoki» і Правасл. Энцыклапедыі,  Григорий Палама; дакладны аналіз гл. Успенский Ф. И. "Очерки по истории византийской образованности", с. 246-389.
  3. Пар. Вильгельм де Фрис «Православие и Католичество», ч. ІІ-І,2а
  4. Пар. Правасл. Энцыклапедыя, Григорий Палама — Триадология (апошні абзац).


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2024 Catholic.by