Фларэнтыйская унія 1439 года (частка ІІІ) | Друк |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
06.06.2014 06:43

Каб  зразумець падзеі, звязаныя з Фларэнтыйскай уніяй, працягваем сачыць за ходам палемікі, якую вёў Марк Еўгенік (Эфескі), які ў той час, як здаецца, меў найбольшы інтэлектуальны і духоўны аўтарытэт у візантыйскім царкоўным асяроддзі.

Пасля спробы дасягнуць пагаднення адносна дактрыны аб чысцы, удзельнікі Сабору вырашылі перайсці да праблемы, якую грэкі адзінадумна лічылі галоўнай прычынай царкоўнага падзелу — лацінскага дадатку «і Сына» ў Сімвале веры. Марк Эфескі настаяў на тым, каб разважалі толькі справу кананічнай легітымнасці гэтага дадатку, не кранаючы тэалогіі. Некалькі месяцаў трывалі дыскусіі на гэтую тэму. Гаворана было вельмі шмат, але, як здаецца, выразна не прагучалі некаторыя важкія аргументы. Напрыклад, паводле свядомасці грэкаў, Сімвал веры быў адзіны, а на Захадзе ад старажытных часоў адначасова ўжывалі некалькі Сімвалаў веры[1]. Але галоўнае, і, на жаль, гэта не прагучала выразна тады на Саборы, — мадыфікацыя (дадатак «і Сына») датычыла перакладу, а не грэчаскага тэксту Сімвала (пар. вытлумачэнне Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству). Калі было аб'яўлена аб перанясенні Сабору ў Фларэнцыю, многія ўжо страцілі надзею на поспех Сабору. Толькі дзякуючы намаганням візантыйскага імператара, які казаў, што недарэчна вяртацца, калі нават не краналі дагматычнай тэмы (адносна дадатку «і Сына»), грэкі працягвалі пасяджэнні ў Фларэнцыі. Паехаў і Марк Эфескі.

Дагматычная дыскусія адносна дадатку «і Сына», якая трывала на працягу сакавіка-красавіка 1439 г.[2], была вельмі багатай па зместу. Тут адзначым толькі, што Марк Эфескі прадставіў вельмі добра апрацаваны выклад праваслаўнай дактрыны аб паходжанні Святога Духа і важкія аргументы супраць яго выкарыстання ў Сімвале веры. На жаль, панавала атмасфера палемікі, гэта значыць быў такі падыход, што трэба або выбіраць паміж грэчаскай ці лацінскай традыцыяй, або прыняць кампраміснае рашэнне. Марк Эфескі быў катэгарычна супраць кампрамісаў у справах веры, таму, нарэшце, унія была падпісана без яго ўдзелу, а большасць падпісаўшых не былі моцна перакананыя ў сваім выбары.

Чытаючы сучасны каталіцкі выклад адносна дадатку «і Сына» ў Сімвале веры (гл. вытлумачэнне Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству), бачым падыход больш глыбокі і сталы, які б, можа, і задаволіў Марка Эфескага. Па-першае, ясна гаворыцца пра тое, што католікі не называюць Сына першапрычынай (Виновником) Духа Святога, супраць чаго перадусім выступаў Марк Эфескі на Фларэнтыйскам Саборы. Па-другое, ясна акрэсліваецца тэрміналагічная розніца паміж грэчаскім і лацінскім адпаведнікам слова «паходзіць», і выясняецца, што ў свядомасці заходніх хрысціянаў Дух Святы — гэта Дух Айца і Сына. З аднаго боку, гэта згаджаецца з навучаннем св. Яна Дамаскіна і выказваннямі св. Максіма Вызнаўцы, на якіх спасылаўся ў палеміцы Марк Эфескі[3], а з іншага боку – пры ўжыванні лацінскага слова procedit (паходзіць) з больш агульным значэннем, чым грэчаскі адпаведнік, як бы не хапала гэтага дадатку для лацінскай версіі. Асмелюся выказаць здагадку, што лацінскаму боку тады варта было б засяродзіцца не на палеміцы, а на пазітыўным раскрыцці перад грэкамі скарбу лацінскай традыцыі паходжання Духа Святога, каб можна было ўбачыць, як яны сябе ўзаемна дапаўняюць, тым больш што ў даступнай для візантыйцаў форме на той час гэта было ўжо зроблена Грыгорыем Паламай[4]. Магчыма, патрэбны быў большы час, каб згода адносна Сімвала веры магла «даспець», але тады, у 1439 г., перамагло жаданне хутчэй падпісаць унію.

Калі Марк Эфескі ўбачыў, што частка грэчаскай дэлегацыі падрыхтоўвала падпісанне кампраміснай веравызнаўчай формулы без глыбокага тэалагічнага даследвання[5], а іншыя гатовы былі таксама яе падпісаць, то пачаў байкатаваць Сабор і выказваць адкрыты супраціў.

Пасля вяртання на радзіму Марк Эфескі стаўся сярод вернікаў своеасаблівым «апосталам падзелу». Наколькі мог, ён пісаў і распаўсюджваў агульныя звароты да вернікаў, вёў актыўную асабістую перапіску і размовы, аб’ядноўваючы супраціўнікаў уніі[6]. Вельмі змяніўся тон яго выказванняў: калі на Саборы мы бачылі глыбокага тэолага, хаця бескампраміснага, але далікатнага і шукаючага дыялогу і адзінства, то цяпер, чытаючы яго звароты і пасланні[7], можна было ўбачыць толькі прадузятага абвінаваўцу ў ерасі, цалкам, як здаецца, выключаючага магчымасць дыялогу з заходнімі хрысціянамі і ўніятамі. Калі ў яго выказваннях падчас Сабору прасочвалася іерархія праўдаў веры, каб засяродзіцца на справах істотных, то цяпер Марк Эфескі бачыў ерась у другарадных рысах заходняга хрысціянства, нават у рымскім звычаі галіць бараду[8].

Чытаючы гэтыя пасланні Марка Эфескага, мімаволі паўстае пытанне: ці сапраўды, нават калі ён бачыў недасканаласць пастановаў Фларэнтыйскага Сабору, такая яго пазіцыя была адзінай неабходнай? Ці барацьба за праўду не павінна спалучацца з законам любові, які схіляе да дыялогу і пошуку адзінства? Ці перакананне ў сваіх поглядах не павінна быць больш пакорлівым (пар. Як 3, 17)?

Аднак затрымаемся толькі на пытаннях, не даючы поўнага адказу. Асоба Марка Еўгеніка і яго дзейнасць заслугоўвае больш грунтоўнага даследвання і справядлівай ацэнкі. Асмелюся выказаць нават такое меркаванне, што сучасную Праваслаўную Царкву, па сутнасці, можна назваць «царквой Марка Эфескага», бо тады, ў XV стагоддзі, большасць хрысціянаў візантыйскай традыцыі зрабіла выбар на карысць пазіцыі гэтага духоўнага лідара. Таму так важна для сучаснага міжканфесійнага дыялогу як бы вярнуцца і пазнаваць яго матывы, аргументы і жыццё. Варта таксама суадносіць яго пазіцыю з іншымі святымі сведкамі ў падобнай сітуацыі. Маю на ўвазе свв. Мятода і Кірыла, якія ў час схізмы і вострай палемікі патрыярха Фоція адносна тых жа самых тэалагічных і абрадавых розніц зрабілі, аднак, іншы выбар – шлях дыялогу і захавання адзінства[9].

У наступнай частцы артыкула бліжэй пазнаёмімся з тымі прадстаўнікамі грэчаскай дэлегацыі, дзякуючы якім унія ў Фларэнцыі была падпісана.

Бр. Яраслаў Крыловіч


[2]      Пар. Архим. Амвросий «Св. Марк Эфесский и Флор. Уния», глава 5  і  глава 6.

[3]      Пар. Архим. Амвросий «Св. Марк Эфесский и Флор. Уния», глава 5 , «Сумма изречений о Святом Духе ...», № 111 і глава 6, «Силлогические главы», № 38, а таксама глава 8, «Изложение … и разъяснение о Соборе», № 6.

[4]      Пар. адзін з папярэдніх артыкулаў (апошній абрац).

[5]      Напрыклад, на тэмы першынства біскупа Рыма і розніц адносна Эўхарыстыі, а таксама аб агульным паяднаўчым дакуменце, разважаліся паспешна ў апошнія два тыдні.

[6]      Антыўнійная дзейнасць Марка Эфескага пасля Сабору працягвалася, хутчэй за ўсё, да 1444 г., калі ён, паводле большасці гісторыкаў, скончыў сваё зямное жыццё. Некаторыя пішуць пра вялікі пераслед з боку ўніятаў, але якіх-небудзь канкрэтных фактаў гэтага пераследу архім. Амброзій ва ўзгаданай кніжцы не прыводзіць, акрамя таго, што Марк быў прымушаны на працягу двух гадоў жыць на адным з астравоў, не пакідаючы яго.

[7]      Пар. Архим. Амвросий «Св. Марк Эфесский и Флор. Уния», глава 8, «Изложение … и разъяснение о Соборе»  і глава 9, глава 10.

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2024 Catholic.by