Раман са святаром? | Друк |
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага
10.10.2014 09:40

Любоў збліжае людзей, а пажадлівасць і чужалоства драматычна аддаляюць іх адно ад аднаго. А потым, аддаляюць іх ад Бога, — кажа псіхолаг кс.Марэк Дзевецкі, з якім размаўляе Марта Яцукевіч.


– Святар для некаторых становіцца братам, для некаторых бацькам, а для іншых — сябрам. Ці цяжка быць святаром у сучасным свеце?

– Гэта сапраўды цяжкая задача. Адбываецца клерыкалізацыя свецкіх і секулярызацыя духавенства. Многія свецкія спрабуюць замяніць святароў у іх служэнні і пастырскіх справах, і ў той жа час патрабуюць, каб святары былі як яны, каб мелі падобны лад жыцця, жаніліся, стваралі сем’і. Вяршыню крывадушнасці дэманструюць такія людзі — палітыкі, выкладчыкі, сэксолагі, знакамітасці — якія кожны дзень насмяхаюцца з сужэнства і сям’і, якія ў сваім уласным жыцці кіруюцца «арыентацыяй» жадання замест любові, а ў дачыненні да святароў робяць выключэнне і раптам становяцца вялікімі абаронцамі сужэнства і сям’і.

Між тым, святар, верны свайму пакліканню, — гэта той, хто з раніцы да вечара клапоціцца пра свецкіх, і асабліва пра тое, каб жылі ў шчаслівых сужэнствах, каб з любоўю прымалі і па-каталіцку выхоўвалі патомства, якім Бог іх адорвае. Добры святар — гэта той, хто падтрымлівае сужэнцаў і бацькоў, а іх дзяцей рыхтуе да заключэння ў будучыні сакрамэнту шлюбу. Але ён не робіць гэта за кошт сваёй жонкі і сваіх дзяцей. Цэлібат вынікае не з таго, што Касцёл недаацэньвае сужэнства, але наадварот — з таго факту, што сужэнская і бацькоўская любоў настолькі значная і патрабуе поўнага аддачы сябе жонцы і дзецям, што яе цяжка было б спалучыць з любоўю святарскай, якая таксама патрабуе поўнага аддачы сябе людзям, да якіх Бог пасылае нас.


Прыгажосць святарства — гэта адзін бок рэчаіснасці. Але інтэрнэт-форумы грукочуць аб раманах са святарамі...

– Раманы ў святароў, на жаль, здараюцца, аднак у інтэрнэце не знайсці аб’ектыўнай карціны па гэтым пытанні. Ёсць гісторыі з пікантнымі падрабязнасцямі, часта выдуманыя для таго, каб заваяваць папулярнасць вэб-сайта або рэалізаваць чыесьці ідэалагічныя ці палітычныя мэты. Рэдка мы знойдзем у інтэрнэце сур’ёзныя тэксты на гэтую тэму, напрыклад такія, у якіх хтосьці апісвае свае духоўныя дылемы, звязаныя з раманам са святаром, сваю барацьбу за тое, каб не паддацца жаданню, каб захаваць чысціню або радыкальна навярнуцца пасля падзення. Сведчанні такіх людзей існуюць, але буйныя інтэрнэт-парталы іх не тое што не заўважаюць, а наадварот — спрабуюць іх схаваць, маргіналізаваць, асмяяць.

Сур’ёзныя размовы на тэму раманаў жанчын са святарамі праходзяць «у чатыры вока» у канфесіянале, а не ў інтэрнэце. У інтэрнэце мы ніколі не адрознім сапраўдных гісторый ад фіктыўных.


Калі ў адносінах паміж жанчынай і святаром з’яўляецца каханне, то, ці трэба свае пачуцці хаваць у сабе, ці лепш сказаць пра іх святару?

– Звычайна ў такіх сітуацыях я раю дзяўчатам і жанчынам, каб не прызнаваліся святару, у якога закахаліся. Варта аб сваёй сітуацыі сказаць спаведніку і камусьці з мудрых сяброў для таго, каб не застацца сам-насам са сваімі перажываннямі, і каб не нарабіць жыццёвых памылак. Варта таксама адразу спыніць асабістыя кантакты з такім святаром, паводзіны якога правакуюць да раману. Ад увязвання ў дрэнную сувязь павінен зберагчы здаровы розум і разуменне праўды, што гэта сувязь не мае дачынення да любові. Такі раман — гэта балючая заблытанасць у адносінах, а любоў — сувязь, што вядзе да радасці, пра якую можна з гонарам сказаць усяму свету! Закаханасць і быццё парай мае сэнс толькі тады, калі ён і яна ў вольным стане і рыхтуюцца для шчаслівага сужэнства.


З чаго нараджаецца жаданне больш блізкіх адносін з духоўнай асобай?

– Прычына пошуку занадта блізкіх, занадта інтымных адносін са святаром, як правіла, не проста ў цікаўнасці паспрабаваць забаронены плод. Часцей за ўсё, гэта з’яўляецца вынікам складанай жыццёвай сітуацыі дзяўчыны ці жанчыны. Адзін са святароў распавядаў, што яго вельмі цесная сувязь з маладой жанчынай пачалася з таго, што аднойчы ўвечары яна прыбегла да яго заплаканая, бо п’яны муж ізноў пачаў яе біць. Гэтая жанчына жыла па-суседству з плябаніяй.

Падобным чынам дзяўчаты, якім не стае любові і прысутнасці бацькі, або якія былі пакрыўджаны сваімі аднагодкамі, шукаюць у святара суцяшэння і падтрымкі. Тады лёгка захапіцца святаром і жадаць быць пры ім, як пры нарачоным. У такіх сітуацыях я раю святарам, каб накіроўвалі падлеткаў ці маладых жанчын у фармацыйныя групы, а індывідуальныя кантакты абмежавалі адной размовай, у якой указалі б зацікаўленай асобе напрамкі працы над сабою.


А ці святар не можа таксама прагнуць кагосьці пазнаць бліжэй, з кімсьці пасябраваць?

– Святар мае права на моцныя, радасныя стасункі з выбранымі асобамі. Таксама ў Езуса, Які ў кожным аспекце ёсць прыкладам для нас, былі людзі і сем’і, з якімі Ён прабываў асабліва ахвотна, сярод якіх адчуваў сябе як дома — напрыклад, у Марыі, Марты і Лазара ў Бэтаніі. Святар нават павінен мець з некаторымі людзьмі вельмі моцныя сяброўскія повязі. Тады ёсць шанец зразумець, як выглядае штодзённае жыццё свецкіх у наш час. Аднак духоўная асоба павінна пасябраваць з цэлымі сем’ямі, не з адзінкавымі асобамі. І ні ў якім выпадку святар не павінен шукаць блізкіх кантактаў з сумуючай дзяўчынай, або з самотнай жанчынай, або з жанчынай, якая нешчаслівая ў сужэнстве. Для такіх жанчын святар можа быць пастаянным спаведніком. Можа таксама падтрымліваць іх у фармацыйных групах, якія праводзіць. Ён не павінен мець ілюзій, што здольны замяніць ім бацьку ці мужа. Чым больш няшчасная і параненая дзяўчына ці жанчына, тым больш святар не павінен звязвацца з ёю эмацыйна і дазваляць стварыць сітуацыю, калі яна можа ў яго закахацца.


А калі яны ўсё ж такі бачацца? Сувязь становіцца ўсё больш блізкая. У пэўны момант, калі дзяўчына захоча пацалаваць святара, то адзін адсунецца, а іншы нават заахвоціць...

– У такіх сітуацыях, безумоўна, адказнасць ляжыць перш за ўсё на святары, бо менавіта ад яго мы маем права чакаць значна большай сталасці і эмацыйнай раўнавагі, чым, напрыклад, ад дзяўчыны, якой не хапае любові бацькі, ці ад жонкі, якой здраджвае і якую прыніжае яе муж. Чым больш святар заўважае, што дзяўчына ці жанчына пад рознымі падставамі шукае яго блізкасці, тым больш рашуча ён павінен парваць з ёю асабістыя кантакты. Калі жанчына просіць мяне аб чарговай размове, а я бачу, што папярэднія не прынеслі вынікаў, то прафілактычна накіроўваю яе да іншых святароў і выразна даю зразумець, што мае магчымасці дапамагчы ўжо вычарпаныя. Я бяру «віну» на сябе, абы толькі б не дазволіць з’явіцца сувязі, якая больш не будзе мець характару духоўнай падтрымкі.


Што можа спрыяць таму, што святар пачне думаць аб ладзе жыцця, які ідзе насуперак з яго пакліканнем?

– Пачаткам кожнага крызісу з’яўляецца адсутнасць любові і адмова ад вялікіх ідэалаў, таму што жыццё не церпіць пусткі. Там, дзе знікае дабро, адразу ж з’яўляецца зло. Святарства гэта не прафесія ці зручны стан у самоце, але падобна як сужэнства і сям’я, абавязвае да вялікай, ахвярнай і адказнай любові назаўжды. Калі святар пачынае выгадна ўладкоўваць сваё жыццё, калі перастае вымагаць ад сябе ахвярнай і бескарыслівай любові да людзей, якіх сустракае, калі занядбоўвае ў малітве, калі толькі павярхоўна рыхтуецца да літургіі, катэхезы ці правядзення заняткаў у фармацыйнай групе, тады з’яўляюцца стрэс, пустэча, расчараванне стылем свайго жыцця. Такая сітуацыя становіцца запрашэннем уступіць на шлях зла і граху. Зло можа прымаць форму злоўжывання алкаголем, прагнасці альбо ўвязвання ў любоўныя справы, у тым ліку чужалоства.


Часам святар сустракае кагосьці, хто становіцца настолькі важным, што цяжка жыць так, як бы гэтага чалавека не існавала б. Хіба тут ёсць штосьці дрэннае?

– Гэта выдатна, калі нейкая асоба — таксама і іншага полу — становіцца для святара настолькі важнай, што яму цяжка ўявіць сабе радаснае жыццё без яе. Справа толькі ў тым, што радасць адносін з гэтай асобай павінна вынікаць з таго, што ён любіць яе, ахвярна і мудра падтрымлівае яе ў развіцці, што яны разам дапамагаюць адно аднаму ва ўзрастанні да святасці.

У фільме «Марыя Гарэці» хлопчык-падлетак, будучы забойца, пытаецца ў Марыі, ці яна яго кахае. Дванаццацігадовая дзяўчына адказвае: «Што за пытанне!» Яна думала пра каханне, а ён тым часам думаў аб жаданні, рамане, сексуальнай блізкасці. Нам вядома, чым скончылася тая гісторыя. Гэта благаслаўленне для святара, калі ён пасябруе з высакароднымі жанчынамі, з якімі будзе будаваць чыстыя адносіны, заснаваныя на любові, што мацнейшая за смерць і людскія слабасці. Праклёнам, аднак, з’яўляецца сітуацыя, у якой любоў і сяброўства блытаюцца з пажадлівасцю. Калі святар паддасца злу, то спачатку паверыць, што ў гэты раз знайшоў «каханне ўсяго свайго жыцця», а затым пакрыўдзіць і тую асобу і самога сябе. Любоў збліжае людей, а пажадлівасць і чужалоства драматычна аддаляюць іх адно ад аднаго. А потым, аддаляюць іх ад Бога і ад радасці жыцця.


Праз сексуальную блізкасць яна як бы кажа: калі будзе зачатае дзіця, я згодна, каб ты быў яго бацькам. І ён як бы згаджаецца на бацькоўства. Хіба справядліва, што пазней жанчына застаецца адна з дзіцём, а святар вяртаецца да святарскага жыцця?

– Ва ўмовах раману, сексуальнага сужыцця і безадказнага бацькоўства няма бязболевага рашэння. З такой сітуацыі не існуе выйсця, у якім былі б адны плюсы. Трэба добра ўсвядоміць, што жанчына, якая вырашаецца на чужалоства са святаром, магчыма, стане маці-адзіночкай. Калі пазней ён і яна навернуцца, то святар павінен будзе вярнуцца да вернасці першапачатковай прысязе, г.зн. да святарскай працы, а яна — засяродзіцца на выхаванні дзіцяці, атрымлімаючы падтрымку толькі праз аліменты ад былога каханка. Некаторыя святары ў такой сітуацыі вырашаюць адмовіцца ад святарства і звязаць жыццё з маці свайго дзіцяці. Як правіла, ім самім вельмі цяжка вызначыць: ці яны робяць гэта таму, што так моцна кахаюць гэтую жанчыну, ці толькі з літасці, ці з пачуцця абавязку, ці ад пераканання, што такім чынам павінны адпакутаваць за ўчыненыя грахі. У любым выпадку, чужалоства — гэта ані шлях падрыхтоўкі да сужэнства, ані спосаб выказаць любоў.


Калі, нягледзячы на цвёрдае рашэнне скончыць з раманам, далей нешта цягне адно да аднаго, то што тады рабіць?

– Веліч чалавека праяўляецца ў тым, што ён здольны зрабіць высновы з нават самых вялікіх сваіх падзенняў і рашуча навярнуцца. Прыкладам тут можа быць цар Давід, які з Божага чалавека стаў чужаложнікам і замоўцам забойства, але потым ён здолеў шчыра прызнаць свае грахі, горка за іх шкадаваў, прайшоў праз суровую пакуту і ў выніку зноў стаў чалавекам сумленным і любячым. Хто не вызваляецца з раману, той ублытваецца ў сто раз горшае зло, слабасці і грахі. Часам, акрамя сардэчнай малітвы, рэгулярнай споведзі і рашучай размовы з той другою асобаю, яшчэ патрэбная і дапамога спецыяліста або ад’езд у іншую частку краіны, каб не правакаваць уласную слабасць. Святы Павел у такіх сітуацыях пытаецца: чалавек, ці ты супрацівіўся злу аж да праліцця крыві? (Гбр 12, 4)

З кс. Марэкам Дзевецкім размаўяла Марта Яцукевіч, Deon.pl
Пераклад Віталія Палінеўскага

 
© 2003-2024 Catholic.by