Ці дзень св. Валянціна яшчэ хрысціянскі? | Друк |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
13.02.2014 11:13

Не сакрэт, што сучасны выгляд Дня святога Валянціна — гэта камерцыйны праект, які прыносіць добры прыбытак бізнесменам, а для звычайных абывацеляў — гэта нагода проста павесяліцца. Для многіх закаханых гэты дзень становіцца ледзь не адзіным момантам у годзе, калі яны імкнуцца неяк адмыслова падкрэсліць блізкай асобе, як моцна яе кахаюць.

Для хрысціянаў дзень св. Валянціна становіцца своеасаблівым выклікам. Відавочна, што масавая культура не канцэнтруецца на рэлігійным аспекце свята. Некаторыя нават мэтанакіравана змяняюць назву гэтага дня, каб канчаткова сцерці яго хрысціянскі элемент. Замест «Дня св. Валянціна» часта можна ўбачыць загаловак: «Свята закаханых». Узнікае адмысловае напружанне паміж хрысціянскім звычаем успаміну святога і рэлігійна абыякавым жаданнем чарговага шоу.

Хрысціяне ў адносінах да гэтага дня падзеленыя. Адны лічаць яго адназначна дрэнным, бо прапагандуе распусту і г.д. Іншыя лічаць, што неабходна змагацца за хрысціянскі характар свята. Прыхільнікі такога погляду прапаноўваюць розныя альтэрнатывы камерцыйным шоу. Напрыклад, выкарыстоўваюць тэматыку гэтага дня, каб паразмаўляць аб хрысціянскім разуменні кахання. Або арганізоўваюцца альтэрнатыўныя хрысціянскія вечарыны, шоу, малітоўныя сустрэчы.

Афіцыйны Касцёл таксама адмяжоўваецца ад вылучэння гэтага дня. Успамін св. Валянціна перасунуты ў катэгорыю т.зв. неабавязковых успамінаў. А ад нядаўна на гэты дзень устаноўлена свята святых Кірыла і Мятода. Гэта, здаецца, яшчэ больш паглыбляе напружанне сярод вернікаў і душпастыраў, асабліва ў нашай частцы свету. Што рабіць? Ісці за літургічнымі прадпісаннямі і святкаваць дзень святых Кірыла і Мятода — апосталаў і асветнікаў славянаў? Ці ўсё ж пайсці насустрач масавай культуры, святкуючы св. Валянціна? Можа, хоць так мы здолеем захаваць хрысціянскае аблічча гэтага дня?

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2022 Catholic.by