Распачынаецца Адвэнт | Друк |
Каляндар
25.11.2010 13:10

Набліжаецца Адвэнт — час радаснага чакання Нараджэння Збаўцы. Гэты перыяд літургічнага года распачынаецца ў нядзелю пасля ўрачыстасці Хрыста, Валадара сусвету. Сёлета пачатак Адвэнту прыпадае на 28 лістапада.

У гэтым годзе напярэдадні Адвэнту, 27 лістапада, па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI ва ўсім свеце будуць маліцца ў інтэнцыі кожнага ўзнікшага жыцця. Папская ініцыятыва «Клопат пра кожнае чалавечае жыццё» будзе рэалізавана і ў Беларусі.

У Адвэнт, які з’яўляецца выключным часам для хрысціянаў, мае своеасаблівы настрой і не падобны ні да анаго з перыядаў літургічнага года, Касцёл заклікае вернікаў чуваць у чаканні Нараджэння Пана. Гэтае чуванне мае на ўвазе трыванне на малітве, добрыя ўчынкі, працу над сабой. Галоўная ж мэта ўсяго гэтага — у жаданні быць бліжэй да Бога і імкненні да святасці, што з’яўляецца пакліканнем кожнага чалавека.

Абавязковым у гэты перыяд з’яўляецца ўдзел у адвэнтовых рэкалекцыях. Гэтыя духоўныя практыкаванні праводзяцца святаром-рэкалекцыяністам, які запрашаецца ў парафію для цэлебрацыі набажэнстваў, удзялення сакрамэнту пакаяння і абвяшчэння Божага слова.

Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна гэтая літургія цэлебруецца на світанні. З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу...» ва ўсім касцёле запальваецца святло. Назва rorate паходзіць ад першага слова лацінскай песні «Rorate coeli» («Свет наш абмыйце, чыстыя росы...»).

24 снежня, у апошні дзень Адвэнту, вернікі збяруцца разам са сваімі душпастырамі на вігілійнай святой Імшы. 25 снежня ўвесь Каталіцкі Касцёл радасна заспявае «Бог нам явіўся…»

 
© 2003-2024 Catholic.by