Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Да папскай ініцыятывы «Клопат пра кожнае чалавечае жыццё» малітоўна далучаецца Касцёл Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.11.2010 16:02

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, а таксама Папская Рада па справах сям’і інфарміруе, што 27 лістапада 2010 г. Святы Айцец правядзе ўрачыстае «Малітоўнае чуванне ў інтэнцыі кожнага ўзнікшага жыцця», спалучанае з Нешпарамі Першага тыдня Адвэнту з рэферэнцыяй (аднясеннем) да надыходзячай урачыстасці Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста. Да ініцыятывы Пантыфіка малітоўна далучаецца Касцёл Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Малітоўнае чуванне павінна ўключаць эўхарыстычную Адарацыю, каб падзякаваць нашаму Пану за Яго цалкавітае ахвяраванне сябе свету, за тое, што Ён стаўся Чалавекам, праз што кожнае чалавечае жыццё набывае сапраўдную каштоўнасць і годнасць. Трэба таксама папрасіць Пана абараніць кожную чалавечую істоту, якая паклікана да існавання.

Папа прагне, каб кожны дыяцэзіяльны біскуп (і роўныя з імі ў правах), далучыліся да гэтай цэлебрацыі ў сваіх дыяцэзіях разам з вернікамі ў парафіях, законных супольнасцях, таварыствах і рухах.

І Нешпары Першай Нядзелі Адвэнту >>>

І Нешпары Першай Нядзелі Адвэнту (на польскай мове) >>>

Прапанова: Казанне падчас чування
  1. «Чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш?» (Пс 8, 5). Чалавек заўсёды задае сабе пытанне пра мэту свайго існавання.
  2. «Хрыстус, новы Адам, у самім аб’яўленні таямніцы Айца і Яго любові поўнасцю паказвае чалавека самому чалавеку і адкрывае яму яго найвышэйшае пакліканне» (Gaudium et spes, 22). Таямніца, якую адзначаем падчас надыходзячай урачыстасці Нараджэння Езуса Хрыста, — гэта поўнае прыняцце Богам чалавечага жыцця, Яго вялікае ТАК чалавечаму жыццю. «Бо Ён, Сын Божы, праз сваё ўцелаўленне пэўным чынам аб’яднаўся з кожным чалавекам. Народжаны з Дзевы Марыі, Ён сапраўды стаў адным з нас» (Gaudium et spes, 22).
  3. Спецыяльна і з неабходнасцю сёння «Касцёл лічыць сваім абавязкам з гэткай жа смеласцю падаць свой голас у абарону тых, хто не мае голасу. Голас Касцёла — гэта заўсёды евангельскі крык у абарону ўбогіх гэтага свету, тых, хто знаходзіцца ў небяспецы, кім пагарджаюць, і чые людскія правы парушаюцца. (…) Рашучым і адназначным пацвярджэннем каштоўнасці людскога жыцця і яго недатыкальнасці, а разам з тым і гарачым заклікам, скіраваным у імя Божае да ўсіх і да кожнага: шануй, барані, любі жыццё і служы жыццю — кожнаму чалавечаму жыццю!» (Evangelium vitae, 5).
  4. «Бараніць жыццё і ўмацоўваць, шанаваць і любіць яго — вось заданне, якое Бог даручае кожнаму чалавеку» (Evangelium vitae, 42). Гэта заданне і абавязак кожнага з нас. Сям’я таксама — як «санктуарый жыцця» — мае непазбыўнае значэнне ў выкананні гэтага задання, а значыць яна таксама мае гэтае права і
    абавязак.
  5. Гэтае заданне асаблівым чынам падагульнена жыццём і праслаўленнем Евангелля жыцця, радасцю ў Богу, які ёсць Стварыцелем жыцця, праслаўленнем, якое ўключае малітву, літургію і сакрамэнты. Аднак перадусім, праслаўленне Евангелля жыцця павінна выяўляцца ў нашым штодзённым жыцці праз дух любові да кожнага, праз наш поўны дар з сябе (пар. Evangelium vitae, 83-86), праз клопат аб усім жыцці і аб жыцці кожнага канкрэтнага чалавека (пар. Evangelium vitae, 87-91). Цэнтральным пунктам гэтага задання з’яўляецца абвяшчэнне і прапаганда культуры жыцця, у якім «народ жыцця» з яго вялізнымі і разнастайнымі супольнасцямі і інстытутамі пакліканы выконваць у грамадстве непаўторнае і незаменнае служэнне жыццю (пар. Evangelium vitae, 78-79).
  6. Малітоўнае чуванне за кожнае зачатае чалавечае жыццё павінна стаць крыкам усяго чалавецтва, які ўзносіцца да Бога Айца, Даўцы ўсіх дабротаў, каб кожнае чалавечае жыццё было прынятае, абароненае і ўмілаванае.

Малітоўнае чуванне ў абарону жыцця на пачатку літургічнага года 2010/2011

Можна арганізаваць двума спосабамі:

  • распачаць выстаўленнем Найсвяцейшага Сакракмэнту і Нешпарамі;
  • або закончыць выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і Нешпарамі.

 


Першы спосаб:

Змясціць на алтары (у месцы, дзе знаходзіцца Евангелле) абраз Маці Божай і навокал свечкі.

  1. Працэсія на ўваход: спеў Rorate caeli
    Калі працэсія прыйдзе да алтара, адбываецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. У адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту могуць удзельнічаць дзеці з пальмамі і ліхтарыкамі. Можна заспяваць гімн. Выстаўленне адбываецца згодна з прадпісаннямі Рытуалу. Прапанаваны спеў — Ave verum.
    Пасля кароткага сакральнага маўчання святар ідзе да крэсла, з якога будзе весці І Нешпары Першай нядзелі Адвэнту.

  2. Нешпары праводзяца згодна з Літургіяй гадзінаў. Падчас гаміліі трэба растлумачыць значэнне і важнасць гэтай урачыстасці, якая адбываецца на пачатку літургічнага года. На заканчэнне Нешпараў святар адаруе Найсвяцейшы Сакрамэнт у маўчанні.

  3. Суплікацыя аб жыцці
    Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам гэтая частка малітвы распачынаецца малітвай да Пана аб жыцці…
    Пасля малітвы ўсе сядаюць.
  • Чытанне (Быц 3, 9-15)
  • Спеў Ave Maria Stella
  • Святар распачынае разважанне Радасных таямніц жыцця нашага Пана і Яго Маці
  • Разважанне Радасных таямніц Святога Ружанца.

Разважанні можна весці наступным чынам:

  • біблійнае чытанне
  • хвіліна адарацыі, разважання і асабістай малітвы
  • Ойча наш, 10 Вітай, Марыя і Хвала Айцу могуць спявацца.

Таямніцы можна раздзяліць паміж рознымі групамі (бацькі, якія чакаюць патомства, хворыя дзеці і іх бацькі, сем’і з дзецьмі, дзядулі і бабулі з унукамі, настаўнікі).

  • хвіліна сакральнага маўчання, пасля якой святар чытае малітву на заканчэнне:
    Просім Найсвяцейшую Панну Марыю прадставіць нашыя малітвы свайму Сыну, які ёсць Святлом і Жыццём.
  • малітва:

О Марыя, заранка новага свету, Маці жывых, Табе давяраем справу жыцця: глянь, о Маці, на незлічоную колькасць дзяцей, якім не дазваляюць прыйсці на свет, на ўбогіх, што змагаюцца з жыццёвымі цяжкасцямі, на мужчын і жанчын — ахвяраў нялюдскага гвалту, на старых і хворых, забітых праз абыякавасць або фальшывую літасць. Учыні, каб усе веруючыя ў Твайго Сына здолелі адкрыта і з любоўю абвяшчаць людзям нашай эпохі Евангелле жыцця. Вымалі ім ласку прыняць яго як заўсёды новы дар, радасць праслаўлення яго з удзячнасцю праз усё жыццё, а таксама адвагу дзейснага і трывалага сведчання пра яго, каб яны маглі будаваць, разам з усімі людзьмі добрай волі, цывілізацыю праўды і любові на праслаўленне і хвалу Бога Стварыцеля, які любіць жыццё (Evangelium vitae, Ян Павел ІІ).

  • гімн O salutaris Hostia і акаджванне
  • малітва
  • благаслаўленне


Другі спосаб:

  1. Працэсія з абразом Найсвяцейшай Панны Марыі

    Працэсія можа распачацца на пляцы перад касцёлам або з іншага месца ў касцёле. Яна павінна мець пакаяльны характар, як узнагароджванне за ўсе напады на жыццё ад моманту зачацця да моманту натуральнай смерці. Можа спявацца літанія Ларэтанская, іншыя Марыйныя спевы і малітвы.

    Калі працэсія прыйдзе да алтара, абраз Найсвяцейшай Панны Марыі змяшчаецца там, дзе знаходзіцца Евангелле. Спяваецца Salve Regina. У гэты час можна акадзіць алтар. Дзеці могуць паставіць свечкі вакол абраза.

    • уводзіны (святар)
    • чытанне (Быц 3, 9-15). (усе садзяцца)
    • спяваецца Ave Stella Maris
    • уступ да чування (Хрыстус, Евангелле жыцця)


  2. Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту

    Найсвяцейшы Сакрамэнт выстаўляецца на алтары (згодна з прадпісаннямі Рытуала). У адарацыі могуць удзельнічаць дзеці з пальмамі і ліхтарыкамі. Можа спявацца гімн.

    • Найсвяцейшы Сакрамэнт выстаўлены
    • спеў Ave verum
    • святар садзіцца, распачынаецца разважанне Радасных таямніц Ружанца


  3. Біблійнае разважанне з Марыяй Паннай

    • чытанне Святога Пісання
    • хвіліна сакральнага маўчання, адарацыя і асабістая малітва
    • Ойча наш, 10 Вітай, Марыя і Хвала Айцу — могуць спявацца.

      1 таямніца — вядуць бацькі, якія чакаюць патомства
      2 таямніца — могуць весці хворыя дзеці з бацькамі
      3 таямніца — вядуць сем’і
      4 таямніца — вядуць дзядулі і бабулі і ўнукі
      5 таямніца — вядуць настаўнікі

    • кароткае сакральнае маўчанне, малітва святара
    • суплікацыя аб жыцці
    • кароткае маўчанне
    • суплікацыя, спалучаная з просьбамі, якія кажуць групы або адна ці дзве асобы
    • маўчанне, адарацыя і асабістая малітва


  4. І Нешпары Першай нядзелі Адвэнту
    Спеў Rorate caeli
    Кароткае чытанне, раз’ясненне важнасці малітоўнага чування ў гаміліі. На заканчэнне калекты святар кленчыць у маўчанні перад Сакрамэнтам.


  5. Заканчэнне чування і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам

    • кленчачы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, молімся:
      Просім Найсвяцейшую Панну Марыю прадставіць нашыя малітвы свайму Сыну, які з’яўляецца жыццём свету.

    • малітва з Evangelium vitae.

    • пасля кароткага маўчання ўдзяляецца благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам згодна з прадпісаннямі Рытуалу:
      • гімн O salutaris Hostia і акаджванне
      • малітва
      • благаслаўленне.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.