Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэліквіярый св. Яна Паўла ІІ благаславілі ў мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.07.2017 10:32

Ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай 2 ліпеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў св. Імшу ў  аднайменнай парафіі на Каменнай горцы ў Мінску.

У гаміліі іерарх прыпомніў вернікам, што год таму каменнагорскі касцёл быў асвячаны папскім легатам кардыналам Крыстафам Шонбарнам ва ўрачыстасць сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.


«Гэта быў дзень нараджэння новай і першай святыні ў сталіцы Беларусі пасля больш чым 100-гадовага перапынку. Апошні касцёл, які быў пабудаваны у Мінску, быў Чырвоны касцёл Свв. Сымона і Алены», — зазначыў арцыбіскуп.

Паводле яго слоў, новы касцёл у Мінску — гэта сведчанне адраджэння веры на нашай зямлі, як гэта 100 гадоў таму ў Фаціме прадказала Марыя.

«Сімвалічна, што святыня знаходзіцца на самым высокім месцы Мінска і бачна здалёк. Яе крыж, які ўзносіцца высока ў нябёсы, дае нам нагоду адарваць наш позірк ад зямлі і зямных спраў і накіраваць яго ўверх да Бога. Дапамогай у гэтым ёсць Марыя», — дадаў іерарх.


Прыпамінаючы ўрывак з Евангелля пра адведзіны Марыяй св. Альжбеты, арцыбіскуп засяродзіўся на моманце Звеставання. Іерарх адзначыў, што менавіта дзякуючы яе слаўнаму «Fiat» — згодзе з Божай воляй, распачаўся працэс практычнага ажыццяўлення Божага плану збаўлення.

«Сённяшняе Евангелле прадстаўляе не толькі сустрэчу двух благаслаўлёных жанчын — Марыі і Альжбеты, але яшчэ не народжаных Езуса і св. Яна Хрысціцеля, — засяродзіўся арцыпастыр. — Сцэны Звеставання Езуса і адведзін Марыяй св. Альжбеты не з’яўляюцца толькі гісторыяй. Яны актуальны ўвесь час. І сёння Бог нам праз Евангелле і розныя падзеі прамаўляе і звястуе сваю волю. На жаль, мы заўсёды яе належным чынам успрымаем.


Часта стараемся інтэрпрытаваць Евангелле не паводле Божага замыслу, але паводле нашага і прыстасовоўваем да нашых, не заўсёды згодных з Божай воляй жаданняў. Так паступаючы, мы забываемся, што яно дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла. Заўсёды неабходна памятаць, што калі Бог чагосці хоча, то толькі дабра для чалавека», — заключыў арцыбіскуп.

Паводле слоў Мітрапаліта, сёння, ужо ў новых абставінах, Бог прамаўляе праз фацімскае пасланне, якое актуальна ўвесь час, бо чалавек грашыць і патрабуе навяртання.

«Адведзіны Марыяй св. Альжбеты нагадваюць пра неабходнасць служэння бліжняму. Езус казаў пра сябе, што не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць. Папа Францішак заклікае да спраў любові да бліжняга і міласэрнасці. Святы апостал Якуб кажа, што вера без учынкаў мёртвая. Мы павінны адзначацца жывой верай», — заахвоціў арцыбіскуп.


Прыкладам жывой веры іерарх назваў святога Яна Паўла ІІ, які «сваё служэнне даверыў Марыі, бо бачыў ў ёй надзею на змяненне свету, асабліва навяртанне былых камуністысных краін».

Калі многія ў свеце апусцілі рукі і казалі, што нічога нельга змяніць, што атэізм будзе існаваць вечна, Папа Рымскі не апускаў рук. Гэтым самым ён «вярнуў мільёнам людзей новую надзею — і падчас яго пантыфікату змены наступілі». Дзякуючы ім, як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, мы цешымся сёння свабодай веравызнання.

Дзякуючы гэтым змяненням, як дадаў Мітрапаліт, і паўстаў касцёл Маці Божай Будслаўскай на Каменнай горцы ў Мінску.

«Сімвалічна, што герб Мінска змяшчае выяву Марыі. Гэтым самым нашы продкі даверылі лёсы горада Божай Маці. Сёння ў сваёй будслаўскай выяве Яна спазірае на горад з самага яго высокага месца і ахінае нас адтуль сваёй матчынай апекай», — адзначыў іерарх.

Заклікаючы на завяршэнне гаміліі, арцыбіскуп заклікаў: «Марыя, наша апекунка, і св. Ян Павел ІІ, благаславіце нам, нашай сталіцы і Бацькаўшчыне».

Пасля святой Імшы адбылося благаслаўленне рэліквіярыя св. Яна Паўла ІІ, які захоўваецца ў святыні.
(cath)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.