Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыяцэзіі
Пінская дыяцэзія Гродненская  дыяцэзія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія Віцебская  дыяцэзія

Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі: статыстычныя даныя на 1 сакавіка 2009 г.

У Беларусі налічваецца 619 парафій, аб’яднаных у 4 дыяцэзіі. У 1991 г. была заснавана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, а таксама Пінская і Гродзенская дыяцэзіі, у 1999 г. — Віцебская дыяцэзія.

Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію ўзначальвае Мітрапаліт, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (з 21 верасня 2007 г.), Пінскую дыяцэзію — біскуп Антоні Дзям'янка (з 16 чэрвеня 2012 г.), Гродзенскую — біскуп Аляксандр Кашкевіч (з 20 чэрвеня 1991 г.), Віцебскую — біскуп Алег Буткевіч (з 18 студзеня 2014 г.). У красавіку 1999 г. Святы Пасад стварыў Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Старшынёй Канферэнцыі да чэрвеня 2006 г. з’яўляўся кардынал Казімір Свёнтэк, на сёння — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У краіне дзейнічаюць 9 рыма-каталіцкіх місій і 9 манаскіх супольнасцяў.

Абшчыны Рыма-каталіцкага Касцёла маюць 451 святыню, яшчэ 35 знаходзяцца на стадыі будаўніцтва. У 2008 г. завершана будаўніцтва 2 новых касцёлаў. У парафіях Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі працуюць 407 святароў, з якіх 168 — замежныя грамадзяне (у тым ліку 161 з Польшчы). У 2008 г. святарскія пасвячэнні атрымалі 18 новапрэзбітэраў.

У Беларусі налічваецца 1 402 605 чалавек каталіцкага веравызнання. У прыватнасці, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія — 610 490, Пінская дыяцэзія — 50 115, Гродзенская дыяцэзія — 591 000, Віцебская дыяцэзія — 151 000.

З 1990 г. працуе Вышэйшая духоўная семінарыя Гродзенскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла, якая падрыхтавала і выпусціла 168 святароў. З 2001 г. працуе Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Фамы Аквінскага ў Пінску, якая ў 2007–2008 г. выпусціла 12 святароў.

Рыма-каталіцкі Касцёл здзяйсняе шырокую выдавецкую дзейнасць. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія выдае часопісы «Наша вера», «Ave Maria», інфармацыйны бюлетэнь «Каталіцкія навіны», у Пінскай дыяцэзіі выдаецца часопіс «Дыялог». У Гродне выходзіць дыяцэзіяльная газета «Слова жыцця» на беларускай, рускай і польскай мовах.

Функцыянуе каталіцкае выдавецтва «Про Хрыста», якое выдае рэлігійную літаратуру на беларускай мове. Беларускае радыё па нядзелях транслюе набажэнствы на беларускай мове з архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, рэспубліканскае тэлебачанне паказвае святочныя набажэнствы на Божае Нараджэнне і Вялікдзень з касцёлаў краіны, у шэрагу выпадкаў забяспечваецца ўключэнне прамой трансляцыі фрагментаў святочных набажэнстваў з Ватыкана.

Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі прыняў удзел у правядзенні 1 сакавіка 2008 г. тэлемосту, прысвечанага VI Еўрапейскаму дню студэнта, з удзелам папы Бэнэдыкта XVI і моладзі з 14 краінаў свету.

Рыма-каталіцкі Касцёл актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю. У Гомелі створаны прытулак на 50 чалавек, які абслугоўваецца сёстрамі міласэрнасці ордэна Маці Тэрэзы. Пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ва ўсіх дыяцэзіях дзейнічаюць філіялы дабрачыннай арганізацыі «Карытас», якія аказваюць значную дабрачынную дапамогу патрабуючым.

Дабрачынныя арганізацыі Рыма-каталіцкага Касцёла актыўна супрацоўнічаюць з установамі сацыяльнай аховы насельніцтва.

Традыцыйным стала правядзенне штогадовага міжканфесійнага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве. У Віцебскай вобласці з 2005 г. пры падтрымцы мясцовых уладаў праводзіцца міжнародны кінафестываль «Магніфікат».

У чэрвені 2008 г. адбыўся візіт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ, які быў прыняты Главою дзяржавы. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні і перспектывы развіцця Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Рыма-каталіцкі Касцёл падтрымлівае канструктыўныя адносіны з Беларускай Праваслаўнай Царквой і іншымі канфесіямі і рэлігійнымі накірункамі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 26 лютага 2009 г. быў абраны намеснікам старшыні Кансультатыўнай міжканфесійнай рады пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў. Рада заклікана спрыяць далейшаму развіццю міжканфесійнага дыялога ў нашай краіне, актывізацыі ўзаемадзеяння дзяржавы і рэлігійных арганізацый у рашэнні сацыяльна важных пытанняў.

Адноўлена 12.10.2016 09:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.