Гісторыя Касцёла ў Беларусі |
Х ст. Княгіня Вольга (у хросце Алена; ? - 969) прымае хрост. У 959 г. Вольга, ужо будучы хрысціянкаю, магчыма, лацінскага абраду, звярнулася з просьбаю да германскага караля Атона І высвяціць для яе народу біскупа і святароў. Кароль падпарадкаваў землі палабскіх славянаў уладзе біскупа Адальдага. Першы памянёны ў летапісах полацкі князь Рагвалод і яго дачка Рагнеда былі хрысціянамі. Рагнеда пастрыглася ў манаства, прыняўшы імя Анастасіі, і заснавала непадалёку каля Заслаўя жаночы кляштар. Канец Х - пачатак ХІ ст. Св. Бруна Баніфацый разам з св. Адальбертам-Войцехам прапаведваў паганцам і быў забіты імі ў 1009 г. «на сумежжы Літвы і Русі», г.зн. недзе на захадзе ці паўднёвым захадзе Беларусі. Цела святога пасля ягонай смерці было пахавана «рускім каралём» і над ім паставілі храм. Паміж 1008 і 1013 гг. Князь Святаполк ажаніўся з дачкою польскага князя (будучага караля) Баляслава Храбрага. Пры біскупе Райнберну ў Тураве было створана біскупства. 1186 г. Заснавана Лівонскае (Рыжскае) біскупства, якое моцна паўплывала на рэлігійную сітуацыю і на суседніх беларускіх землях. Першым біскупам часткі беларускіх і літоўскіх земляў быў прызначаны Хрысціян, катэдра якога, відаць, таксама размяшчалася ў Наваградку. Апостальская Сталіца выдала прывілей на падпарадкаванне новастворанага біскупства непасрэдна папу. Такім чынам, яно атрымала правы арцыбіскупства. Паміж 1300 і 1316 гг. Заснавана праваслаўная Літоўская мітраполія са сталіцаю ў Наваградку, падпарадкаваная Канстанцінопалю. У ХІV ст. развіццё хрысціянства заходняга абраду на Беларусі запаволілася, але не спынілася цалкам. Вялікія князі Альгерд і Кейстут, якія кіравалі разам (1345-1377), таксама не чынілі перашкодаў каталіцтву. Адзін з сыноў Кейстута прыняў каталіцтва. Да таго ж часу паданне адносіць прыбыццё ў Вільню вялікай колькасці францішканскіх манахаў і мучаніцкую смерць 14 з іх. Канец ХІV ст. Адбыўся падзел улады паміж Вітаўтам і Ягайлам. У 1385 г. быў заключаны палітычны саюз Польшчы і ВКЛ - Крэўская унія. Ён прадугледжваў шлюб Ягайлы з польскай каралеўнай і каранаванне яго каралём Польшчы. Узамен Ягайла абяцаў прыняць хрост паводле лацінскага абраду і ахрысціць паганцаў у ВКЛ. У 1386 г. ён ахрысціўся пад імем Уладзіслаў і быў каранаваны, паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў (Ягелонаў). Пры Вітаўту і Ягайлу ў сённяшніх межах Беларусі было збудавана каля 20 касцёлаў. Вітаўт у 1386 г. дабіўся ад Апостальскай Сталіцы ўзнаўлення прывілею, дадзенага Міндоўгу, - на непасрэднае падпарадкаванне Каталіцкага Касцёла ВКЛ Рыму. ХV ст. Адбываўся далейшы якасны і колькасны рост Каталіцкага Касцёла ў Літве-Беларусі. Напрыканцы стагоддзя налічвалася ўжо каля 150 парафій. Пашыралася колькасць кляштараў. ХVІ ст. З 20-х гадоў ў Вялікае Княства Літоўскае пачало пранікаць пратэстанцтва, якое да сярэдзіны стагоддзя ўмацавала свае пазіцыі. У 1569 г. ВКЛ і Польшча заключылі Люблінскую унію. Да змагання з пратэстантызмам далучыліся езуіты і пачалі засноўваць свае калегіумы. Езуіты заснавалі два універсітэцкія цэнтры - Віленскую (1579-1773) і Полацкую (1812-1820) езуіцкія акадэміі. У 1596 г. у Берасці была абвешчана царкоўная унія, да якой далучылася большасць праваслаўнага насельніцтва Літвы-Беларусі. Пачатак ХVІІ ст. Пачалося актыўнае будаўніцтва цэркваў і манастыроў. Стагоддзе адзначылася мучаніцкай смерцю ў Віцебску Язафата Кунцэвіча (1623 г.), якога потым кананізавалі. У 1720 г. былі пастаўленыя асобныя каталіцкія біскупы для ўсходняй Беларусі - у Магілёве, Мсціслаўлі і Оршы. Каля 80 % насельніцтва дзяржавы былі уніятамі, а яшчэ каля 15 % - каталікамі. На землях Беларусі было каля 240 рыма-каталіцкіх парафіяў, да якіх належала каля 430 000 вернікаў. У 1773 г. Кацярына ІІ без згоды Апостальскай Сталіцы стварыла Беларускую дыяцэзію. У выніку доўгіх перамоваў у 1783 г. было ўтворана Магілёўскае арцыбіскупства, якому падпарадкоўваліся каталіцкія дыяцэзіі і каталікі ўсёй Расійскай імперыі. У 1798 г. узнікла Мінская дыяцэзія. ХІХ ст. Нацыянальны і рэлігійны ўціск беларусаў з боку Расійскай імперыі. Гвалтоўнае далучэнне да Расіі пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. пацягнула за сабою закрыццё ў перыяд з 1830 да 1870 г. амаль усіх каталіцкіх кляштараў і навучальных установаў. У 1839 г. была ліквідавана унія. Пачаўся прымусовы перавод насельніцтва ў праваслаўе. Пачаўся перыяд жорсткага, больш чым 200-гадовага нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. Разам з народам цярпеў пераслед і Каталіцкі Касцёл. У 1869 г. была ліквідавана Мінская дыяцэзія: яе тэрыторыю прыядналі спачатку да Віленскай, а ў 1883 г. да Магілёўскай дыяцэзіі. Царскі ўрад усяляк перашкаджаў рэлігійнаму жыццю каталікоў. Пасля рэвалюцыі 1905 г. адбылося пэўнае ажыўленне ў дзейнасці каталіцкага Касцёла на Беларусі, былі адроджаны асобныя парафіі. У 1917 г. Мінская дыяцэзія аднавілася. Але з 20-х гадоў у сувязі са зменай рэлігійнай палітыкі савецкіх уладаў і падзелам Беларусі (Рыжская дамова 1921 г.) дзейнасць і Магілёўскага арцыбіскупства, і Мінскага біскупства была амаль цалкам паралізаваная. У 1923 г. быў асуджаны і рэпрэсаваны арцыбіскуп Я.Цепляк. У 1926-1936 гг. функцыі галавы Магілёўскага арцыбіскупства выконваў П.Э.Невё. У 1921 г. быў арыштаваны і змушаны выехаць мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі, які затым узначаліў новаствораную Пінскую дыяцэзію. Хваля рэпрэсіяў супраць каталіцкага Касцёла і духавенства дасягнула ў БССР эпагею ў 1939 г., калі былі зачыненыя амаль усе храмы, а ў дзесяці фармальна не зачыненых не было ніводнага святара. Была фізічна знішчана вялікая колькасць святароў. У час Другой сусветнай вайны ў акупаванай немцамі Беларусі адбылося частковае адраджэнне каталіцкага Касцёла, але адразу ж пасля вайны рэпрэсіі распачаліся з новаю сілаю. Пасля смерці Сталіна пераслед католікаў крыху аслаб, аднак не спыніўся. І ўсё ж у гэтых цяжкіх умовах пакрысе аднаўлялася рэлігійнае жыццё. 25 ліпеня 1989 г. Апостальская Сталіца менавала біскупам Тадэвуша Кандрусевіча і прызначыла яго Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі. У Гродне адчынілася Вышэйшая духоўная семінарыя. 13 красавіка 1991 г. Апостальскай Сталіцай біскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны арцыбіскупам, Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі з сядзібаю ў Маскве. У гэты ж дзень менаваны два біскупы: Казімір Свёнтэк, які быў прызначаны Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Апостальскім Адміністратарам адноўленай Пінскай дыяцэзіі, і Аляксандр Кашкевіч, які быў прызначаны ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі. 5 ліпеня 1992 г. Створана мітрапалітальная камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры на беларускую мову, дзякуючы якой падрыхтаваны да выдання асноўныя літургічныя тэксты і шэраг іншых матэрыялаў. 18 мая 1994 г. Апостальская Сталіца прызначыла Апостальскага нунцыя для католікаў Беларусі арцыбіскупа Агостыно Маркетто, а 26 лістапада менавала Казіміра Свёнтка кардыналам. 15 красавіка 1996 г. Апостальскім нунцыем для Беларусі быў прызначаны арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі. 1994 г. Пачалі выдавацца каталіцкія часопісы «Дыялог» (Пінская дыяцэзія) і «Ave Maria» (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). У 1995 г. выйшлі першыя нумары квартальніка «Наша вера» і штомесячнага інфармацыйнага бюлетэня «Каталіцкія навіны». 1998-1999 гг. Апостальскай Сталіцаю былі менаваныя дапаможныя біскупы для Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 29 верасня 1998 г. У Гродзенскай катэдры адбылася кансэкрацыя дапаможнага біскупа Антонія Дзям'янкі. 24 чэрвеня 1999 г. у Пінску быў кансэкраван біскуп Казімір Велікаселец, а 4 снежня таго ж года ў Мінскім архікатэдральным касцёле прыняў біскупскае пасвячэнне Кірыл Клімовіч. Створана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Зацвердзіў Канферэнцыю папа Ян Павел ІІ падчас аўдыенцыі 28 лістапада 1998 г., выслухаўшы меркаванні Дзяржаўнага Сакратарыяту і Кангрэгацыі па справах Біскупаў. 6 мая 1999 г. рэспубліканскае рэлігійнае аб'яднанне «Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі» было зарэгістравана Дзяржаўным камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь. Першае пасяджэнне ККББ адбылося 11 лютага 1999 г. Старшынёй Канферэнцыі абраны кардынал Казімір Свёнтэк. 30 верасня 2000 г. Завяршыў сваю працу Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій - першы Сінод за ўсе пасляваенныя гады, які працягваўся чатыры гады. Сінод выпрацаваў Статуты Касцёла па ўсіх галоўных накірунках яго дзейнасці. Павялічваецца колькасць парафій і вернікаў, рэстаўруюцца і будуюцца новыя касцёлы. Беларуская мова паступова становіцца моваю рэлігійнага жыцця католікаў. 21 жніўня 2004 г. кардыналу Казіміру Свёнтку, Арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму прадстаўлены выдаўцамі выдадзены на беларускай мове «Рымскі Імшал», які з’яўляецца асноўнай літургічнай кнігай для цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі. З гэтай нагоды ў спецыяльным лісце ад 27 кастрычніка Святы Айцец Ян Павел ІІ выказаў Яго Эмінэнцыі кардыналу падзяку. Гэта першае ў гісторыі выданне зацверджанага “Рымскага Імшала” па-беларуску і першае выданне трэцяй яго рэдакцыі на нацыянальнай мове. 15 верасня 2004 г. Святы Айцец прызначыў Апостальскім нунцыем у Беларусі вялебнага монсіньёра Марціна Відавіча (Martin Vidovic), афіцыяла Дзяржаўнага сакратарыяту, адначасова ўзвёўшы яго на тытулярны пасад Ноны ў годнасці арцыбіскупа. 21 студзеня новапрызначаны нунцый прыбыў у Мінск. 27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку, Арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI у г. Брэшыя (Італія). 23 і 24 кастрычніка 2004 г. па запрашэнні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка ў Беларусі знаходзіўся з візітам кардынал Альфонсо Лопес Трухільё, Старшыня Папскай Рады па пытаннях сям’і. 14 снежня 2004 г. Папа Ян Павел II прызначыў дапаможным біскупам для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям'янку, тытулярнага біскупа Лесві, вызваліўшы яго ад выканання абавязкаў дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі. 2 красавіка 2005 г. у Рыме ў 21:37 еўрапейскага часу адыйшоў да вечнасці Папа Ян Павел ІІ. Падчас святой Імшы за супакой душы Папы перад 130 тысячамі вернікаў і шматлікімі прадстаўнікамі ўладаў кардынал Садано назваў Яна Паўла ІІ «вялікім», як называюць толькі святых пантыфікаў. Раніцою 8 красавіка адбылася пахавальная святая Імша і апоўдні труну з целам Яна Паўла ІІ 8 красавіка паклалі ў крыпту базылікі св. Пятра, у якой да 2000 г. знаходзілася грабніца Яна ХХІІІ, перанесеная ў базыліку пасля яго беатыфікацыі. Згодна з апошняй воляй, выказанай у тэстамэнце, Ян Павел ІІ спачыў у зямлі, без саркафага. Служэнне Папы Яна Паўла ІІ, якое працягвалася больш за 26 гадоў, стала ў Каталіцкім Касцёле самым працяглым пантыфікатам XX стагоддзя і трэцім па працягласці ў гісторыі Касцёла. Гэты пантыфікат быў адначасова найбольш плённым і ў іншых аспектах (напрыклад, па колькасці папскіх замежных пілігрымак — 104 і наведаных падчас іх краінаў — 129). Было апублікавана 14 Папскіх Энцыклік. Падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ было праведзена 148 беатыфікацыйных працэсаў і 51 кананізацыйны працэс (абвешчана 1343 благаславёных і 482 святых). Ён быў першым за апошнія 455 гадоў наступнікам св. Пятра не італьянскага паходжання і першым Папам-славянінам. 19 красавіка 2005 г. па выніках чацвёртага тура галасавання 115-ці кардыналаў, сабраных на канклаў у Сіксцінскай капліцы кардынал Ёзаф Ратцынгер быў абраны новым, 265-м па ліку Папам, прыняўшы імя Бэнэдыкта XVI. 24 красавіка адбылася інаўгарацыя новага Пантыфіка. 10 снежня 2005 г. у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося асвячэнне рэканструяванага алтара і новых арганаў, а таксама каранацыя абраза Імя Марыі Беззаганна Зачатай, асвячанага Слугой Божым Янам Паўлам ІІ і падараванага ім нашаму касцёлу. Урачыстую святую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк разам з усімі беларускімі біскупамі, прадстаўніком епіскапату Аўстрыі і шматлікімі святарамі з розных дыяцэзій Беларусі. Гэтая падзея азнаменавала завяршэнне значнага этапа ў адраджэнні галоўнай каталіцкай святыні Беларусі. 14 чэрвеня 2006 г. прэс-служба Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў адрачэнне ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1. Разам з тым, Святы Айцец прызначыў Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям’янку, тытулярнага біскупа Лесвійскага і дапаможнага Мінска-Магілёўскага, Апостальскім Адміністратарам sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis названай Мітрапалітальнай сталіцы. Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку, Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу на пенсіі, даручана надалей выконваць абавязкі Пінскага Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis. Таксама 14 чэрвеня 2006 г., завяршаючы ХХІХ Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кардынал Казімір Свёнтэк папрасіў вызваліць яго ад пасады Старшыні названай Канферэнцыі ў сувязі з тым, што ён ужо не з’яўляецца дыяцэзіяльным біскупам (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 376). На Пленарным пасяджэнні пасада Старшыні была сёння даверана Яго Эксцэленцыі Аляксандру Кашкевічу, біскупу Гродзенскаму, які да гэтага часу з’яўляўся Намеснікам Старшыні. На згаданым Пасяджэнні пасада Намесніка Старшыні была даверана Яго Эксцэленцыі Уладзіславу Бліну, біскупу Віцебскаму. 5 ліпеня 2006 г. быў вернуты вернікам будынак найстарэйшай (з ХІУ ст.) у Мінску каталіцкай святыні – касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. адбылася гістарычная падзея, якой мінскія каталікі чакалі пятнаццаць гадоў. 14-16 чэрвеня 2007 г. у Мінску прайшла 35-я сустрэча Генеральных сакратароў канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы, тэма якой «Міграцыя — выклік для Еўропы». Яе ўдзельнікі таксама мелі магчымасць сустрэцца з праваслаўным Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам, цэлебравалі святыя Імшы ў розных парафіях Мінска і змаглі бліжэй пазнаёміцца з жыццём вернікаў і станам Касцёла ў Беларусі. 21 верасня 2007 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вызваліў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад пастырскага кіраўніцтва кафедрай Маці Божай у Маскве і менаваў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Падчас урачыстага інгрэсу — цырымоніі кананічнага ўступлення на пасаду арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, якое адбылося 10 лістапада 2007 г. у мінскім архікатэдральным касцёле пры ўдзеле вялікай колькасці духавенства і вернікаў, быў зачытаны Апостальскі Ліст аб прызначэнні яго эксцэленцыі арцыбіскупа на гэтую пасаду і абвешчаныя першыя дэкрэты новапрызначанага мітрапаліта. Адным з якіх біскуп Антоній Дзям’янка быў прызначаны на Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. 1 сакавіка 2008 г. з нагоды VI Еўрапейскага дня студэнтаў універсітэтаў а 18-й гадзіне ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску быў усталяваны малітоўны тэлемост, які ўпершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі злучыў паміж сабою Мінск і Апостальскую Сталіцу. Тэлемост праводзіцца штогод падчас Вялікага посту, каб у ружанцовай малітве з’яднаць са Святым Айцом моладзь з розных куткоў свету. Дэвізам тэлемосту сталі словы «Еўропа і Амерыкі разам для пабудовы цывілізацыі любові». 29 мая 2008 г. уручыў даверчыя граматы Святому Айцу Бэнэдыкту XVI і ўступіў на пасаду новапрызначаны надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь Сяргей Алейнік. Падчас гэтай цырымоніі пантыфік адзначыў важную ролю Беларусі ў паяднанні Еўропы і экуменічным працэсе. 18-22 чэрвеня 2008 г. адбыўся візіт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Падчас яго былі наладжаныя вельмі важныя сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, шэрагам прадстаўнікоў дзяржаўнага апарату, дзе падымаліся важныя пытанні узаемаадносінаў Касцёла і дзяржавы, будаўніцтва новых святыняў, суіснавання хрысціянскіх канфесіяў у нашай краіне, дыпламатычных стасункаў. Была дасягнутая дамоўленасць аб падрыхтоўцы Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь. Апрача таго, праз Дзяржаўнага сакратара Папы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь перадаў Яго Святасці Бэнэдыкту ХУІ запрашэнне наведаць Беларусь. Яго Эмінэнцыя кардынал Тарчызіо Бэртонэ сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе прачытаў лекцыю на тэму «Вера і розум: як гаварыць пра Бога сучаснаму чалавеку», наведаў і цэлебраваў святыя Імшы ў каталіцкіх святынях Пінска і Гродна, і ўрачыстую Літургію ў Мінскім архікатэдральным касцёле, асвяціў вугольны камень касцёла ў Серабранцы. Візіт Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI быў з вялікім энтузіязмам успрыняты беларускімі вернікамі. «Папа вас любіць і моліцца за вас» -- гэтыя словы, сказаныя Яго Эмінэнцыяй на сустрэчы з моладдзю пасля цырымоніі асвячэння вуглавога каменя, выказваюць сутнасць духовай повязі Апостальскай сталіцы з мясцовым Касцёлам і вернікамі. 29 чэрвеня 2008 г. ў свята святых апосталаў Пятра і Паўла на знак лучнасці са Святым Айцом Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў у базыліцы святога Пятра ў Рыме з рук Бэнэдыкта XVI палій — элемент літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны з вышытымі чорнаю воўнаю крыжамі; на канцах — з абшытымі чорным шоўкам кавалачкамі свінца. Насіць палій мае права Святы Айцец (падчас кожнай Літургіі), а таксама адзначаныя асаблівым гонарам іерархі Касцёла (толькі на вялікія святы). Папа Бэнэдыкт XVI узначаліў урачыстую Літургію ў бызыліцы святога Пятра, якую канцэлебравалі разам з ім новапрызначаныя мітрапаліты. Ва ўрачыстасці прыняў удзел Канстанцінопальскі Патрыярх Барталамей І. Святы Айцец прамовіў разам з духоўным лідэрам сусветнага праваслаўя ўрачыстую гамілію. Абодва іерархі таксама прамовілі разам Вызнанне веры і ўдзялілі благаслаўленне. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія атрымала 7 рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі, беатыфікацыя якога адбылася 28 верасня 2008 г. у Беластоку (Польшча). Рэліквіі былі перададзены ў тыя парафіі архідыяцэзіі, з якімі было звязана жыццё і дзейнасць благаслаўлёнага: мінская архікатэдра, магілёўская архікатэдра, парафія ў Забрэззі, парафія святога Юзафа ў Валожыне, парафія ў Лебедзеве, парафія ў Барысаве, парафія ў Бабруйску. У лютым 2009 г. выйшаў першы пераклад на беларускую мову Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору, здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ па ініцыятыве і падтрымцы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. 27 красавіка 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку. 4–5 ліпеня 2009 г. у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся ўрачыстасці з нагоды каранацыі абраза Маці Божай Тракельскай. Папскія кароны на цудоўны абраз былі ўскладзены кардыналам Казімірам Свёнткам. 4 жніўня 2009 г. у мінскім касцёле святых Сымона і Алены прайшла першая агульнабеларуская сустрэча святароў. 22 жніўня 2009 г. у Браславе (Віцебская дыяцэзія) арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер здзейсніў каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. 10 кастрычніка 2009 г. — кансэкрацыя касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску, першай за амаль 125 гадоў рыма-каталіцкай святыні ў гэтым горадзе. Цырымонію кансэкрацыі ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. 21 кастрычніка 2009 г. кардынал Казімір Свёнтэк, адзін з найстарэйшых іерархаў у свеце, адзначыў 95-годдзе. 25 кастрычніка 2009 г. — Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняты ў шэрагі Мальтыйскага Ордэна. 8–10 лістапада 2009 г. Беларусь па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, наведаў з візітам кардынал Вальтэр Каспер, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У межах візіту ватыканскі іерарх асвяціў новыя стацыі ў мінскай архікатэдры, прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай хрысціянска-юдэйскаму дыялогу, і сустрэўся з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. 11–17 снежня 2009 г. — трэці візіт аd limina біскупаў з Беларусі ў Апостальскую Сталіцу. Аўдыенцыю беларускім іерархам Святы Айцец удзяліў 17 снежня. 15 ліпеня 2010 г. Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі зацвердзіла Ratio institutionis sacerdotalis pro Bielorussia — першы дакумент Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які вызначае прынцыпы святарскай фармацыі ў нашай краіне. Паводле артыкула
і архіва навінаў сайта Сatholic.by |
Адноўлена 08.11.2012 15:20 |