Рымская Курыя (ад лат., іт. — Curia Romana) — галоўны адміністрацыйны орган Апостальскай Сталіцы. Асобныя ведамствы Рымскай Курыі ад імя і ўладаю Папы Рымскага адказваюць на пытанні, разглядаюць прапановы, апеляцыі, скаргі, просьбы, накіраваныя ў адрас Апостальскай Сталіцы, выносяць распараджэнні, рашэнні або загады, выступаюць з разнастайнымі прапановамі і г. д.
Курыя складаецца з Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, які ў сваю чаргу падзяляецца на два аддзелы (1-ы аддзел— агульных спраў, 2-і аддзел— па адносінах з дзяржавамі), 9 Кангрэгацый, 3 Трыбуналаў, 12 Папскіх радаў, 4 Папскіх камісіі. Акрамя гэтага, ёсць таксама Сінод Біскупаў, Кадравая служба пры Апостальскай Сталіцы і іншыя гістарычна сфарміраваныя ўстановы.
Дзяржаўны Сакратарыят накіроўвае і каардынуе дзейнасць Курыі. Пасада Дзяржаўнага сакратара, які з’яўляецца галоўнай асобай пасля Папы, суадносная з пасадай прэм’ер-міністра ў іерархіі свецкай улады.
Сярод структурных падраздзяленняў Курыі найбольш важнымі з’яўляюцца Кангрэгацыя Веравучэння, Кангрэгацыя па справах Духавенства, якая кіруе прызначэннем біскупаў па ўсім свеце, Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў, якая каардынуе ўсю місіянерскую дзейнасць, а таксама Папская рада справядлівасці і спакою. (Поўны пералік кангрэгацый, радаў,і камісій і г.д. глядзі ніжэй)
Прэфектура па эканамічных пытаннях каардынуе бюджэт структурных установаў Апостальскай Сталіцы і кіруе «Спадчынай Апостальскай Сталіцы» — інвестыцыйным фондам, створаным на аснове Латэранскіх пагадненняў. Камісія з 15 кардыналаў, падначаленая Дзяржаўнаму сакратару, кантралюе ўсе фінансавыя пытанні Апостальскай Сталіцы, у тым ліку дзейнасць «Інстытута па справах рэлігіі» — банка Ватыкана.
У XX ст. Рымская Курыя рэфармавалася тройчы. Першы раз — пасля абвяшчэння апостальскай канстытуцыі Пія X «Sapienti consilio» ў 1908 г., якая без зменаў была пацверджана «Кодэксам Кананічнага Права» 1917 г. У канстытуцыі размяжоўваліся тры катэгорыі ведамстваў: кангрэгацыі, трыбуналы і кіраўніцтвы. У пастанаўленні «Christus Dominus» ІІ Ватыканскага Сабору было выказана пажаданне, каб яны былі рэарганізаваны і атрымалі характар інтэрнацыянальных, г. зн. уключалі ў свой склад некаторых біскупаў мясцовых касцёлаў і свецкіх прадстаўнікоў з ліку веруючых. Гэтыя рэкамендацыі выканаў Павел VI, які агучыў 15 жніўня 1967 г. апостальскую канстытуцыю «Regimini Ecclesiae universae». Апошняя рэформа, распачатая Паўлам VI, была завершана апостальскай канстытуцыяй Яна Паўла II «Pastor bonus» ад 28 чэрвеня 1988 г. Згодна з артыкулам 38, кожнае ведамства курыі абавязана было распрацаваць асобны статут або спецыяльныя нарматывы і прадставіць іх для публічнага азнаямлення. Канстытуцыю дапоўнілі два motu proprio — «Iusti iudicis» ад 28 чэрвеня 1988 г. (аб курыяльных адвакатах) і «Nil primo anniversario» ад 1 студзеня 1989 г. (аб установах кіравання справамі Апостальскай Сталіцы і яе статусе, а таксама аб агульным уставе Курыі, які быў адобраны Папам 4 лютага 1992 г.).
- Кангрэгацыя Веравучэння
- Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў
- Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
- Кангрэгацыя па справах Кананізацыі
- Кангрэгацыя па справах Біскупаў
- Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў
- Кангрэгацыя па справах Духавенства
- Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця
- Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі (па справах навучальных установаў)
- Апостальская Пэнітэнцыярыя
- Найвышэйшы Трыбунал Апостальскай Сігнатуры
- Трыбунал Рымскай Роты
- Папская рада па справах свецкіх
- Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству
- Папская рада па справах сям’і
- Папская рада «Iustitia et Pax»
- Папская рада «Cor Unum»
- Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў
- Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя
- Папская рада (па інтэрпрэтацыі) заканадаўчых тэкстаў
- Папская рада па міжрэлігійным дыялогу
- Папская рада па культуры
- Папская рада па сродках масавай камунікацыі
- Папская рада па новай евангелізацыі
- Апостальская палата
- Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы
- Прэфектура эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы
- Іншыя ўстановы Рымскай Курыі
- Прэфектура папскага дому
- Служба папскіх літургічных цэлебрацый
- Прэс-служба Апостальскай Сталіцы
- Цэнтральная статыстычная служба
- Папская камісія па культурнай спадчыне Касцёла
- Папская камісія па сакральнай археалогіі
- Папская біблійная камісія
- Папская камісія «Ecclesia Dei»
- Міжнародная тэалагічная камісія
- Камісія па справах Лацінскай Амерыкі
- Папскі камітэт па Міжнародных эўхарыстычных кангрэсах
- Папскі камітэт гістарычных навук
- Дысцыплінарная камісія Рымскай Курыі
- Швейцарская гвардыя
- Установы пры Апостальскай Сталіцы
- Ватыканскі сакрэтны архіў
- Ватыканская Апостальская Бібліятэка
- Ватыканская тыпаграфія
- L’osservatore Romano
- Выдавецтва «Libreria Editrice Vaticana»
- Ватыканскае радыё
- Ватыканскае тэлебачанне
- Кадравая служба пры Апостальскай Сталіцы
|