Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфікат Бэнэдыкта ХVI у лічбах
16.04.2010 12:16

19 красавіка 2010 г. — пятая гадавіна Пантыфікату Святога Айца Бэнэдыкта ХVI. За гэты час Папа здзейсніў 13 замежных падарожжаў, падчас якіх наведаў 15 дзяржаў. 26 разоў Святы Айцец падарожнічаў па Італіі і наведаў 11 рымскіх парафій.

Падчас Пантыфікату Бэнэдыкта ХVI адбылося 63 беатыфікацыі, і 774 чалавекі былі абвешчаны благаслаўлёнымі. 39 з агульнага ліку гэтых цырымоній узначаліў кардынал Хасэ Сараіва Марцінс, сёння прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, а 11 — яго наступнік арцыбіскуп Анджэло Амато. 6 цырымоній кананізацыі, падчас якіх былі абвешчаны 28 новых святых, узначаліў сам Пантыфік. Падчас 5 абрадаў Бэнэдыкт ХVI удзяліў сакрамэнт святарства 106 святарам, а падчас дзвюх цырымоній (29 верасня 2007 г. і 12 верасня 2009 г.) 11 новых біскупаў атрымалі сакру з рук Папы. Падчас дзвюх кансісторый Бэнэдыкт XVI уключыў у склад Калегіі Кардыналаў 38 іерархаў.

За перыяд свайго Пантыфікату Бэнэдыкт XVI сустрэўся са 197 палітычнымі дзеячамі: Прэзідэнтамі краін (27 красавіка 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку), прэм’ер-міністрамі, манархамі, міністрамі замежных спраў і кіраўнікамі найбольш буйных міжнародных арганізацый, у тым ліку такіх, як ААН, FAO, Еўрапейскі парламент, Ліга арабскіх дзяржаў. З некаторымі дзеячамі Святы Айцец сустракаўся двойчы або нават тройчы — у тым ліку з Прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім, якому Папа ўдзяліў аўдыенцыю 26 студзеня 2006 г., 2 красавіка 2007 г. і 18 мая 2008 г. і які трагічна загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам (Расія) 10 красавіка гг.

Папа ўзначаліў два пасяджэнні Сіноду Біскупаў: па справах Эўхарыстыі (2–23 кастрычніка 2005 г.) і па справах Святога Пісання (5–26 кастрычніка 2008 г.). Бэнэдыкт XVI абвясціў тры энцыклікі: «Deus caritas est» — аб Божай любові (датавана 25 снежня 2005 г.), «Spe salvi» — аб хрысціянскай надзеі (30 лістапада 2007 г.) і  «Caritas in veritate» — аб любові ў праўдзе (29 чэрвеня 2009 г.). Акрамя гэтага, 22 лютага 2007 г. выйшла апостальская адгартацыя «Sacramentum caritatis», прысвечаная Эўхарыстыі як сакрамэнту любові. Таксама Бэнэдыкт XVI абвясціў пасланні падчас 5-ці Сусветных дзён міру, 6-ці Сусветных дзён моладзі і 5-ці Сусветных дзён сродкаў масавай камунікацыі.

Па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI з 28 чэрвеня 2008 г. па 29 чэрвеня 2009 г. адзначаўся Год святога апостала Паўла і зараз працягваецца Год святарства, які распачаўся 19 чэрвеня 2009 г. і завершыцца 19 чэрвеня 2010 г.

З 2005 па 2009 гг. у Апостальскай Сталіцы адбыліся 207 агульных аўдыенцый. Паводле дадзеных Ватыкана, у масавых сустрэчах з Папам, у тым ліку малітвах «Анёл Панскі», «Regina Caeli», публічных літургічных урачыстасцях, прынялі ўдзел каля 13, 4 мільёна чалавек з усяго свету.

Варта адзначыць, што ў суботу, 17 красавіка 2010 г., Святы Айцец накіруецца ў сваю першую ў гэтым годзе замежную паездку на Мальту. Гэты візіт стане 14-м замежным падарожжам за гады Пантыфікату Папы. У пілігрымаванні па свеце Пантыфік бачыць працяг экуменічнай традыцыі, закладзенай сваімі папярэднікамі Паўлам VI і Янам Паўлам ІІ.

Адноўлена 16.04.2010 13:56
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме