Святому Айцу прадстаўлены новы даведнік са статыстычнай інфармацыяй пра Касцёл |
Святы Айцец |
13.05.2013 13:37 |
Новы даведнік са статыстычнай інфармацыяй пра Касцёл «Annuario Pontificio» прадставілі Святому Айцу 13 мая Дзяржаўны сакратар кардынал Тарчызіо Бэртонэ і субстытут Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Анджэло Бэчу. Даведнік распрацавала Цэнтральная статыстычная служба Святога Пасаду. Як вынікае з даведніка, на які спасылаецца Ватыканскае радыё, на сённяшні дзень католікаў у свеце налічваецца 1214 мільёны чалавек, што на 1,5% больш у параўнанні з 2011 г. Католікі складаюць 17,5% ад усяго насельніцтва планеты. Найбольш інтэнсіўна іх колькасць расце ў Афрыцы (на 4,3% у параўнанні з 2011 г.) і ў Азіі (на 2%). У Еўропе і Амерыцы колькасць католікаў павялічылася толькі на 0,3%. Назіраецца таксама павелічэнне колькасці біскупаў. Ва ўсім свеце іх налічваецца 5132, што на 0,55% больш, чым ў 2010 г. Асабліва заўважна іх колькасць узрасла ў Акіяніі (на 4,6%) і Афрыцы (на 1%). 70% біскупаў паходзяць з Еўропы і Амерыкі. (AG) |