Што робіць Дух Святы, каб весці Касцёл і кожнага чалавека да праўды? Адказу на гэтае пытанне прысвяціў катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 15 мая папа Францішак. Святы Айцец нагадаў, што Бэнэдыкт XVI казаў пра распаўсюджаныя скептычныя адносіны да існавання аб’ектыўнай праўды, пра рэлятывізм і «тэндэнцыю лічыць, што не існуе нічога канчатковага», што «праўда залежыць ад кантэксту» ці ад жадання чалавека.
Папа ўзгадаў пытанне рымскага пракуратара Понція Пілата да Езуса: «Што такое праўда?» «Пілат не змог зразумець, што Праўда стаяла перад ім, не змог убачыць у Езусе аблічча праўды, аблічча Бога. Але Езус — менавіта Праўда, якая ў поўні часоў „сталася целам”, прыйшла да нас, каб мы яе пазналі. Праўда не набываецца, як рэч; праўда сустракаецца. Гэта не авалодванне, але сустрэча з Асобай», — сказаў Пантыфік, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.
Паводле Папы, менавіта Дух Святы, «дар Хрыста Уваскрослага, дазваляе распазнаць Праўду», дазваляе пазнаць, што Езус — гэта Слова Праўды. Каб весці Касцёл і кожнага з нас да праўды, Дух накладае на сэрцы вернікаў адбітак словаў Езуса. Яго словы, у сваю чаргу, «кіруюць нашымі штодзённымі ўчынкамі» і становяцца «жыццёвымі прынцыпамі». «Сапраўды, нашы ўчынкі нараджаюцца з глыбіні нас саміх: гэта менавіта сэрца павінна навярнуцца да Бога, а Дух Святы яго перамяняе, калі адкрываемся на Яго», — звярнуў увагу Папа.
Пантыфік адзначыў, што Дух вядзе «да ўсёй Праўды»: вядзе не толькі на сустрэчу з Езусам, поўняй Праўды, але «ўнутр» праўды, дае магчымасць увайсці ў яшчэ большую камунію з самім Езусам, дорачы Божае разуменне рэчаў.
«Гэтага мы не можам дасягнуць уласнымі сіламі. Калі Бог нас не асветліць унутрана, наша хрысціянскае сэрца будзе павярхоўным. Традыцыя Касцёла сцвярджае, што Дух праўды дзейнічае ў нашым сэрцы, адкрываючы „сэнс веры” (...), дзякуючы чаму (...) Народ Божы, пад кіраўніцтвам Навучання, дакладна прытрымліваецца перададзенай веры, паглыбляе яе праз правільнае разважанне і больш поўна прыкладае да жыцця. Паспрабуем спытаць саміх сябе: ці адкрыты я на дзейнасць Духа Святога? Ці прашу Яго, каб даў мне святло, зрабіў больш адчувальным да Божых справаў?» — заахвоціў вернікаў Папа.
Святы Айцец нагадаў пра прыклад Панны Марыі, якая «захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы іх у сэрцы». «Прыняцце словаў і праўдаў веры, каб яны ажыццявіліся, рэалізуецца і ўзрастае дзякуючы дзейнасці Духа Святога», — нагадаў Папа і заклікаў спытаць саміх сябе: «ці сапраўды наша жыццё натхнёнае Богам?», «ці зрабілі мы канкрэтныя крокі, каб больш ведаць Езуса і праўды веры, чытаючы і разважаючы над Святым Пісаннем, вывучаючы Катэхізіс, пастаянна прымаючы сакрамэнты?»
Папа Францішак заахвоціў усіх «пастаянна пытацца ў сябе, якія крокі робім, каб вера кіравала нашым жыццём», і не быць «часовымі» хрысціянамі, якія паказваюць сваю хрысціянскую сутнасць толькі ў выбраных сітуацыях. «Будзем хрысціянамі ў кожны момант!» — заклікаў Пантыфік. (AG)
|