5 чэрвеня падчас святой Імшы ў ватыканскаай базыліцы св. Пятра Папа Рымскі Францішак нагадаў, што ў нядзелю завяршыўся Велікодны перыяд.
Гаворачы пра 50 дзён ад Уваскрасення Пана да Пяцідзесятніцы, Пантыфік нагадаў, якім важным з’яўляецца Святы Дух — Дух Стварыцель.
«У дзень Пяцідзесятніцы Дух сышоў з неба, нібы “языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах” (пар. Дз 2, 3–4). Такім чынам слова Божае апісвае дзеянне Духа, які спярша затрымліваецца на кожным, а потым усіх аб’ядноўвае ўзаемаадносінамі, — сказаў Пантыфік. — Іншымі словамі, гэты Дух стварае разнастайнасць і адзінства і такім чынам стварае новы народ, непадобны і з’яднаны — паўсюдны Касцёл».
Каб дасягнуць гэтага, паводле Святога Айца, неабходна дапамагаць адно аднаму пазбягаць дзвюх сустрэчных спакусаў.
Першая заключаецца ў пошуку адметнасці без адзінства.
«Гэта здараецца, калі ўзнікае жаданне адрознівацца, калі ствараюцца хаўрусы і партыі, калі закрываюцца ва ўласнай выключнасці і нават лічаць, што яны — найлепшыя і заўжды маюць рацыю. Гэта тыя, каго называюць “ісціна ў апошняй інстанцыі”. Тады выбіраюць пэўную частку, а не ўсё; прыналежнасць да таго ці да іншага перш чым да Касцёла».
Супрацьлеглая спакуса, на думку Святога Айца, гэта імкненне да адзінства без адрозненняў, калі адзінства становіцца ўніфікацыяй, абавязак якой — рабіць усё разам і ўсё аднолькава, усім заўжды думаць паводле шаблону.
«Тады адзінства ператвараецца ў адпаведнасць стандарту, і ўжо больш няма свабоды. Але святы Павел кажа, што “дзе Дух Пана, там свабода” (пар. 2 Кар 3, 17)», — дадаў Пантыфік. «Нашая малітва да Святога Духа — гэта просьба аб ласцы прыняць Ягонае адзінства, позірк, які абдымае і любіць, які вышэй за асабістыя прыхільнасці, — падкрэсліў Папа Рымскі. — Гэта таксама просьба аб сэрцы, якое адчувае Касцёл як нашую Маці і наш дом: дом гасцінны і адкрыты, дзе дзеляцца разнастайнымі радасцямі Святога Духа».
Як дадаў Святы Айцец, Дух — гэта першы дар Уваскрослага, які даецца перадусім для адпушчэння грахоў.
«Дух заклікае нас да таго, каб ісці па шляху з двухбаковым рухам атрыманага прабачэння і дараванага прабачэння. Папросім ласкі рабіць усё прыгажэйшым аблічча Касцёла, нашай Маці, аднаўляючы сябе праз прабачэнне і выпраўляючы саміх сябе — толькі так мы зможам выправіць іншых у любові», — заключыў папа Францішак.
Дк. Мікола Гракаў
|