Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак пра выклікі, якія стаяць перад Усходнімі Касцёламі
Слова Папы
23.06.2017 11:21

Нават там, дзе няма магчымасці існавання касцёльных структур, Касцёл можа жыць у сваіх верніках, лічыць папа Францішак. 22 чэрвеня Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO).

Дадзенае аб’яднанне каардынуе фінансавую падтрымку душпастырскай, адукацыйнай і дабрачыннай дзейнасці каталіцкіх супольнасцяў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.

Папа нагадаў, што на працягу дзесяцігоддзяў Усходнія Касцёлы, як на Блізкім Усходзе, так і ва Усходняй Еўропе, падвяргаліся пераследу. Моцная эміграцыя аслабіла іх прысутнасць на тых тэрыторыях, дзе яны квітнелі цягам стагоддзяў. «Зараз, дзякуй Богу, некаторыя з іх вярнуліся да свабоды пасля пакутнага перыяду таталітарных рэжымаў, але іншыя, асабліва ў Сірыі, Іраку і Егіпце, бачаць боль сваіх дзяцей з прычыны няспыннай вайны і бессэнсоўнага насілля, што нясе фундаменталісцкі тэрарызм», — сказаў Папа.

Па словах папы Францішка, усе гэтыя падзеі даюць магчымасць для сустрэчы з крыжам Езуса — прычынай хваляванняў і пакут, і адначасова, крыніцай збаўлення.

Спасылаючыся на тэму пленарнай сесіі ROACO, прысвечанай пачатковай фармацыі семінарыстаў і пастаяннай фармацыі святароў, Пантыфік звярнуў увагу на гераізм многіх з іх, а таксама на спакусу, з якой могуць сустракацца: пошук пэўнага сацыяльнага статусу, які прызнаецца за кансэкараванымі асобамі ў некаторых геаграфічных абшарах, ці выканання кіраўнічай функцыі, згодна з крытэрыямі чалавечага самасцвярджэння або паводле схем культуры і асяроддзя.

Папа заклікаў біскупаў да «стылю евангельскай блізкасці» ў адносінах да святароў, каб тыя, у сваю чаргу, маглі дзяліцца сваім адчуваннем Божай пяшчоты з даверанымі ім вернікамі, былі гатовыя стаць «апошнімі з апошніх». «Такім чынам семінарыст і малады святар адчуе радасць быцця супрацоўнікам збаўлення, прынесенага Панам, які пахіляецца, як Добры Самаранін, каб выліць на параненыя сэрцы і чалавечыя гісторыі алей суцяшэння і віно евангельскай надзеі», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак нагадаў пра пераслед хрысціян на Блізкім Усходзе, іх эміграцыю і важнасць іх прыняцця на новых месцах, а таксама стварэння ўмоў для вызнавання імі сваёй веры, згодна з уласнай рэлігійнай традыцыяй.

(be.radiovaticana.va/vgr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.