28 мая падчас малітвы «Уладарка неба» на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане
папа Францішак закрануў тэму ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана, якая
святкавалася ў гэты дзень у Італіі і іншых краінах. Як адзначыў Святы Айцец, евангельскі тэкст (гл. Мц 28, 16–20), якім завяршаецца Евангелле паводле Мацвея, апісвае момант апошняга развітання Уваскрослага з Ягонымі вучнямі.
«Унебаўшэсце Езуса, такім чынам, завяршае місію, атрыманую Сынам ад Айца, і дае працяг гэтай місіі Касцёлам, — адзначыў папа Францішак. — Сапраўды з моманту Унебаўшэсця прысутнасць Хрыста ў свеце забяспечваецца пасрэдніцтвам Ягоных вучняў — тых, якія вераць у Яго і Яго абвяшчаюць».
Як адзначыў Папа, Унебаўшэсце нагадвае пра гэтую прысутнасць Езуса і Ягонага Духу, які робіць годным даверу і пэўным нашае хрысціянскае сведчанне ў свеце.
«Яно адкрывае нам праўду пра тое, чаму існуе Касцёл: Касцёл існуе для таго, каб абвяшчаць Еванегелле, і толькі для гэтага! — падкрэсліў Пантыфік. — Акрамя таго, радасць Касцёла — гэта абвяшчэнне Евангелля. Касцёл — гэта ўсе мы, ахрышчаныя. Сёння мы запрошаныя лепш зразумець, што Бог надзяліў нас вялікай годнасцю і адказнасцю абвяшчаць Яго свету, зрабіць яго даступным для людзей. Гэта — найбольшы гонар кожнага з нас».
Гаворачы пра місію хрысціянаў, папа Францішак дадаў, што яна заключаецца ў сведчанні пра Евангелле ў кожным асяроддзі і жыцці згодна з ім.
«Аднак мы добра разумеем, што яна [наша місія] не залежыць перадусім ад нашых сілаў, ад арганізатарскіх здольнасцяў і чалавечых талентаў. Толькі са святлом і з моцаю Святога Духа мы можам эфектыўна выконваць нашую місію даваць іншым усё больш пазнаць і адчуць любоў і прыхільнасць Езуса».
«Папросім Дзеву Марыю дапамагчы нам сузіраць нябесныя даброты, якія Пан абяцае нам, і станавіцца ўсё больш годнымі даверу сведкамі Яго Уваскрасення, сапраўднага Жыцця», — адзначыў Святы Айцец. Пасля малітвы Пантыфік памаліўся ў інтэнцыі Тэадора ІІ і ўсяго егіпецкага народа, а таксама за ахвяраў тэракту ў Манчэстэры і іх родзічаў.
«Я побач з роднымі і з усімі тымі, хто аплаквае іх адыход», — сказаў Папа Рымскі. Дк. Мікола Гракаў
|