«Пане, дазволь мне, нібы свечцы, згарэць дашчэнту на Тваім Алтары». Гэтае вялікае жаданне благаславёнага Юрыя Матулевіча здзейснілася. На працягу ўсяго свайго святарскага жыцця ён гарэў, як свечка, - ярка і трывала. Сваёй службай ён асвятляў самыя далёкія, закінутыя і страшныя куткі тае гістарычнае эпохі, у якой палітыка, нянавісць, шавінізм крыжавалі лёсы хрысціянскіх народаў. Гэтае святло ніколі не прыцьмянела, але было яркім і палымяным. І свяціла яно да таго самага часу, пакуль жывіла яго сваімі ўдарамі сэрца вялікага і святога чалавека.