Рэпартаж з Дубка — самай лясной капліцы ў Беларусі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
10.07.2017 14:12 |
Гэту капліцу пабудавалі ў 1929 годзе. Святую Імшу тут цэлебруюць толькі раз на год, пры запаленых свечках — да гэтага часу ў капліцы няма электрычнасці.
Гэта адна з нямногіх «лясных святыняў» Беларусі. Асвячана яна ў гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі, а пабудавана ў лясным гушчары на кургане. Верагодна, якраз таму мясцовыя жыхары называюць галоўны абраз капліцы абразом Маці Божай Курганнай. Маці Божая Нястомнай Дапамогі, маліся за нас... Капліца ў Дубку размешчана ў Астравецкім раёне і належыць да парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках, дзе вось ужо 15 гадоў пастырскае служэнне нясе кс. Павел Калеснік. Святар дадаў, што з моманту пабудовы (будаўніцтвам ў канцы 1920-х апекаваўся мясцовы пробашч з Жодзішак) капліца ні разу не перабудоўвалася. Быў зменены толькі алтар. «Мясцовыя вернікі самі нагледзелі і выбралі прыгожае месца ў лесе, дзе было вырашана пабудаваць капліцу, — працягвае кс. Павел. — З таго часу капліца тут і існуе». А яшчэ, як адзначаюць старажылы, у гэты дзень амаль заўсёды ідзе дождж. Не стаў выключэннем і сёлетні фэст, калі над мясцовасцю прайшлася навальніца.
«Тут адчуваецца асаблівы дух, што звязана, відаць, з асаблівасцю размяшчэння капліцы. Адзінства з прыродай, адсутнасць электрычнасці, незвычайнасць вітражоў, а таксама 7 стацый мукі Божай Маці — усё гэта аказвае незвычайнае ўражанне на цябе», — дзеліцца святар.
І капліца ў Дубку ізноў ажыла. Хоць толькі на дзень, але яна зноў адкрыла свае дзверы вернікам, каб даць ім магчымасць выказаць у цішы ўсе свае просьбы і думкі, з якімі яны прыбылі да Маці Божай. Тут лёгка дыхаецца, і думаецца, і моліцца. Здаецца, гэтая капліца адмыслова створана тут, каб нішто ў лясной цішы не перашкаджала ўнутранай размове паміж чалавекам і Божай Маці. Бо ці не такія размовы самыя плённыя? |
Фотарэпартаж |