Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Memento mori. Ксяндза Яна Шуткевіча пахавалі на гарадскіх могілках у Гродне (+фотарэпартаж)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.06.2017 15:37

Першага пасля аднаўлення каталіцкіх структур у Беларусі дзекана Мінскага — кс. Яна Шуткевіча — пахавалі на гродзенскіх могілках па вул. Касманаўтаў. Магіла спачылага святара знаходзіцца побач з магілай яго маці.

Пахавальная св. Імша прайшла 7 чэрвеня ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі).

З біяграфіі спачылага

Святару было 84 гады. Ён нарадзіўся 3 ліпеня 1932 года. Вучыўся ў Каўнаскай духоўнай семінарыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 16 ліпеня 1983 года. З 1987 г. па 1994 г. быў пробашчам парафіі Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах.

Дзякуючы яго намаганням, быў адноўлены касцёл Св. Антонія Падуанскага ў Паставах. У гэты ж час ён нёс служэнне ў парафіі ў Камаях і ў Лучаі. Адбудаваў капліцы ў Груздове, Маньковічах, Мегунах.

У 1994-1997 гг. выконваў абавязкі пробашча мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і прычыніўся да яе рэстаўрацыі. Адышоў у вечнасць у Вільнюсе 4 чэрвеня пасля працяглай хваробы.



«Ты пакінуў пасля сябе вялікі след, бачны ў адноўленых святынях Беларусі і Літвы»

Святую Імшу, на якой прысутнічалі святары з Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзій, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У літургіі таксама прыняў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да біяграфіі памерлага святара і адзначыў, што хоць той і нарадзіўся ў сям’і графа Тышкевіча пад Вільнюсам, але «служыў усім народам і культурам, нікога не дзяліў, ахвяраваўся і беларусам, і палякам, і літоўцам»:
«Пасля таго, як cавецкія салдаты забілі яго бацьку, маці з малым сынам Янам схавалася ў Гродне, які стаў месцам іх жыхарства», — сказаў іерарх.

У гісторыю Касцёла ў Беларусі кс. Ян Шуткевіч увайшоў як выдатны рэстаўратар.

«Ты пакінуў пасля сябе вялікі след, бачны ў адноўленых святынях Беларусі і Літвы», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

(grodnensis/cath)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.