Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Андрэй Баболя
Абставiны мучанiцтва Кс. Феліцыян Палюшкевіч SJ

У вынiку разнастайнасцi культур i палiтычных умоваў усходнiя Касцёлы неаднойчы разрывалi сувязь з каталiцкiм Рымам. У 867 г. ад паўсюднага Касцёла адлучыўся канстанцiнопальскi патрыярх Фоцiй, аднак гэта працягвалася нядоўга. Прынцыповы падзел Касцёла адбыўся толькi ў 1054 г., калi канстанцiнопальскi патрыярх Мiхаіл Керулярый абвясцiў сябе роўным Папу.

Русь прыняла хрысцiянства з Канстанцiнопаля, таму атрымала яго ў вiзантыйскiм абрадзе i iерархiчна падпарадкоўвалася канстанцiнопальскаму патрыярхату. Пасля разрыву Керулярыя з Папам рускiя бiскупы таксама спынілi адносiны са Сталiцаю Пятра. У XIV стагоддзi пасля Крэўскай унii на тэрыторыі Беларусі i Украiны iзноў ажыло iмкненне да унii з заходнiм Касцёлам. Аднак ў польска-лiтоўскай дзяржаве не змагла ўкаранiцца Фларэнтыйская унiя (1439 г.). Толькi пасля Трыдэнцкага Сабору, калi новы павеў Духа Святога агарнуў Касцёл, рускiя бiскупы, а разам з iмi езуiты (у першую чаргу Пётр Скарга), распачалi справу па аб’яднаннi хрысцiянства ў Рэчы Паспалiтай.

У 1596 г. у Брэсце была падпiсана унiя памiж усходнiм i заходнiм Касцёламi. Адначасова з сiнодам, вынiкам якога стала ўрачыстае абвяшчэнне 20 кастрычнiка акту унii ў касцёле св. Мiкалая, у Брэсце працаваў антысiнод. Яго ўдзельнікі прысягнулi змагацца з унiяй.

Час паказаў, што i для гэтага пасеву, якiм была Берасцейская унiя, не ўсюды належным чынам была падрыхтавана глеба. Езуiты фармавалi грамадскую думку ў справе аб’яднання Касцёла праз свае школы i мiсiйныя цэнтры. Гэтага было замала, каб паўплываць на шырокія колы грамадства. Людзi прывыклi да старых абрадаў, а дагматычныя адрозненнi не цiкавiлi простых сялянаў.

Слабыя месцы ў дзейнасцi як Касцёла, так i Царквы (адсутнасць цэнтралiзаванай улады спрыяла злоўжыванням) выкарыстоўвалi людзi, якiя шукалi ва ўсiм зямных выгодаў. Яны распальвалi памiж католiкамi i праваслаўнымi нянавiсць, а рэлiгiйныя адрозненнi зрабiлi зброяй у палiтычных гульнях. Iх саюзнiкамi сталi казакi. Жыццё на ўсходнiх межах ператварылася ў пекла. Гэтыя трагiчныя падзеi адлюстраваў Генрык Сянкевiч у рамане «Агнём i мячом».

Сярод шматлікіх ахвяраў, якiя з-за сваёй прыналежнасцi да Касцёла паплацiлiся жыццём, быў полацкi унiяцкi арцыбiскуп св. Язафат Кунцэвiч, закатаваны ў 1623 г. у Вiцебску. Вынiшчалi не толькi iерархаў, але i ўсё каталiцкае насельнiцтва. Зло найбольш трыумфавала ў часы Багдана Хмяльнiцкага. Католiкаў забiвалi, не зважаючы на ўзрост, пол цi грамадскае становішча. Ратуючыся ад небяспекi, людзi хавалiся ў лясах. Напэўна, там таксама хацелi знайсцi прытулак езуiты Сымон Мафон i Андрэй Баболя. Першага з iх казакi схапiлi 15 мая 1657 г. у Гарадцы. З яго сарвалi адзенне, прыбiлi цвiкамi да лавы, галаву абкруцiлi вяроўкамi i так iх сцiскалi, што вочы вылазiлi. Пасля яму садралi скуру з грудзей i плячэй, а адкрытыя раны палiвалi кiпенем. Нарэшце, замучанага, дабiлi шабляй.

На другi дзень казакi паехалi ў Янаў, дзе пазабiвалi не толькi католiкаў, але i яўрэяў. Даведаўшыся, што тут нядаўна быў Андрэй Баболя, арганiзавалi за iм пагоню. Недзе апоўдні яго схапілi ў мясцовасцi Перадзела. Было гэта ў сераду, 16 мая. Распачалася своеасаблiвая «катэхеза», якая павiнна была схiлiць Андрэя да схiзмы. Казакi былi вынаходлiвымi ў катаваннi. Яны спачатку распранулi А.Баболю i бiлi яго нагайкамi, потым так моцна ударылі яго кулаком у твар, ажно павыляталi зубы. Андрэю Баболю, якi i пасля гэтай паказальнай экзекуцыi не выказаў жадання перайсцi ў праваслаўе, звязалi рукi вяроўкай i прывязалi да пары коней, якіх накiравалi ў Янаў. Чатыры кiламетры Андрэй Баболя бег памiж коньмi, падаючы і падаючы. Яго падганялі бізунамі, калолі дзідай, глыбока ранілі шабляй.

У Янаў збеглiся людзi, якiя хацелi ўбачыць незвычайнае вiдовiшча. Каб пазбавiцца ад празмернай колькасцi сведкаў, Баболю завялi пад навес, што служыў бойняй. З дубовага вецця сплялi вянок i ўздзелi яму на галаву. Пасля кiнулi яго на стол i, змушаючы адрачыся ад каталiцызму, агнём прыпякалi цела, пад пазногцi забiвалi стрэмкi, здзiралi скуру з рук, грудзей, плячэй i галавы, выкалалi правае вока, свежыя раны пасыпалi мякiнай, адсеклi нос i вусны, вырвалi язык, а пасля павесiлi за ногi да столi. Праз дзве гадзiны, яшчэ жывога, яго знялi. Удар шабляй па шыi закончыў зямную пiлiгрымку Баболi. Так Андрэй Баболя стаў 49-й па лiку ахвярай Таварыства Езуса, складзенай на алтары унii.

Нечакана ў ваколiцы Янава прыбылi часткi польскага войска. Уцякаючы ў панiцы, казакi пакiнулi знявечанае цела А.Баболі, якое езуiты з Пiнска перавезлi на возе ў кляштар. Цела паклалi ў драўляную труну, якую адразу забiлi, каб вучнi калегiума не бачылi страшнага вiдовiшча. Труну паставiлi ў падзямеллi касцёла, а ў спiсе памерлых запiсалi: «Айцец Андрэй Баболя быў бязлiтасна закатаваны бязбожнымi казакамi 16 мая 1657 г., пасля незлічоных мукаў з яго садралi скуру. Цела яго пакладзена пад вялiкiм алтаром».

Жыццёвы шлях

Калi 31 лiпеня 1611 г. дваццацiгадовы Андрэй Баболя, вучань езуiцкай школы ў Вiльнi, выказаў жаданне належаць да лiтоўскай правiнцыi Таварыства Езуса, ён, напэўна, не думаў аб тым, што рыхтуе яму будучыня. Ён хацеў быць верным Божаму паклiканню, таму, пачуўшы голас Хрыста «Iдзi за мною!», не марудзiў, але звярнуўся з просьбаю прыняць яго ў закон у той самы дзень, калi скончыў сярэднюю школу. Падабаўся яму размах апостальскай працы i iнтэлектуальны ўзровень вiленскiх езуiтаў, таму вырашыў ажыццявiць сваё паклiканне да святарства ў супольнасцi, якую пазнаў падчас вучобы. Тагачасны лiтоўскi правiнцыял Павел Бокша загадаў прыняць кандыдата. Як вучань, Андрэй, напэўна, меў у сваiм асяроддзi выключную характарыстыку. Усе тыя падзеі, якія павінны былі прывесці яго да янаўскай трагедыі, а дакладней, да янаўскай перамогі, пачаліся вельмі звычайна. Пераступаючы парог навiцыяту, якi тады знаходзiўся ў мурах Вiленскай Акадэмii, ён запiсаў у спецыяльны сшытак прызнанне: «Я, Андрэй Баболя, з Малапольшчы, дапушчаны ў апошнi дзень лiпеня 1611 г. да першых выпрабаванняў, гатовы з Божаю дапамогаю выканаць усё, што мне прапанавана».

10 жнiўня ён атрымаў габiт законнiка i распачаў навiцыят. Пэўную манатоннасць навiцыяцкiх заняткаў перапынiў час выпрабаванняў. Андрэй прайшоў iх тры: месяц аказваў паслугу хворым у шпiталi, вёў катэхiзацыю на гарадской плошчы для выпадковых слухачоў, а таксама пiлiгрымаваў, просячы мiласцiну, у ваколiцах Вiльнi. Асаблiва прыкрым было гэтае апошняе, але каталiкi, як i евангелiсты цi праваслаўныя, не перабiралi ў сродках барацьбы з апанентамi. Непрыязнасць, а часам нават варожасць iншаверцаў да Таварыства Езуса спалучаліся са знявагаю. Заканчэннем навiцыяту былi законныя шлюбы: вечнай убогасцi, чыстасцi i паслухмянасцi. Андрэй склаў iх 31 лiпеня 1613 г. падчас Св. Iмшы, якую цэлебраваў яго рэктар i настаўнiк навiцыяту Лаўрэнцiй Барцiлiус. Яшчэ ў той самы дзень А.Баболя перайшоў у студэнцкi калегiум на факультэт фiласофii.

У 1616 г. здаў выпускны экзамен па фiласофii. Паводле звычаю Таварыства маладых магiстраў высылалi на выхаваўчую i дыдактычную практыку ў якi-небудзь калегiум. Андрэя скiравалi да калыскi польскiх езуiтаў – у Бранева. Напэўна, ён быў задаволены гэтым месцам працы, бо ў заўсёды перапоўненым «Hosianum» панаваў добры дух. Аб духоўнай дынамiцы гэтага асяродка сведчыць наступны факт. У той год, калi Баболя адыходзiў з Бранева, трынаццаць вучняў школы звярнулiся з просьбай прыняць iх у Таварыства, а пяць пайшлi ў iншыя законы.

Другiм месцам, дзе Андрэй правяраў свае сiлы як педагог, быў Пултуск. Навучальная ўстанова, якая налiчвала тады больш за 800 студэнтаў, была любiмай школай сыноў магнатаў.

Пасля двухгадовай педагагiчнай практыкi ён распачаў вучобу на тэалагiчным факультэце Вiленскай акадэмii. Рэктарам калегiума тады працаваў лiтовец Ян Грузэўскi, якi, як яго папярэднiк кс. Барцiлiус, настаўнiк навiцыяту, побач са звычайнымi заняткамi, звязанымi з яго пасадай, з ахвотаю наведваў вязняў, хворых у шпiталях, а таксама катэхiзаваў дзяцей. Гэты прыклад не мог не паўплываць на Андрэя.

Святарскiя пасвячэннi, мэту i прадмет мараў кожнага клерыка, ён атрымаў 12 сакавiка 1622 года, у дзень кананiзацыi першых езуiтаў: Iгнацыя Лаёлы i Францiшка Ксаверыя. Удзялiў iх яму бiскуп Яўстафiй Валовiч.

За год да святарскiх пасвячэнняў Андрэй атрымаў дазвол генерала закона Mуцiуса Вiтэлесхi перайсцi з лiтоўскай правiнцыi ў польскую, аднак Баболя пажадаў застацца ў той правiнцыi, у якую ўступiў. Вiдавочна, думаў, што тут зможа больш плённа працаваць для Божай хвалы.

У 1622 г., адразу пасля заканчэння тэалагiчнага факультэта, быў скiраваны на год трэцяй прабацыi ў Нясвiж, дзе паглыбляў сваё знаёмства з канстытуцыяй Таварыства i асабiсты кантакт з Богам праз «Духоўныя практыкаваннi» св. Iгнацыя. Там, пасля прабацыi, ён правёў першы год сваёй апостальскай працы. Стаў рэктарам касцёла. Праявiў сябе як дасканалы адмiнiстратар, а таксама старанны душпастыр: быў выдатным спаведнiкам i прапаведнiкам. Акрамя заняткаў на месцы, быў «народным» мiсiянерам ваколiц: у суседнiх вёсках удзяляў святы хрост, сакрамэнтальным вузлом злучыў 49 пар, якiя жылi без шлюбу, многiх прывёў да споведзi i направы жыцця. У Нясвiжы выконваў таксама абавязак прэфекта бурсы для моладзi з бедных сем’яў.

Напэўна, А.Баболя ўжо быў вядомы як прапаведнiк Божага Слова, бо аб iм клапацiлiся, менавiта як аб выдатным прапаведнiку, езуiты з Варшавы. Аднак правiнцыял паслаў Баболю ў Вiльню на працу ў касцёл св. Казiмiра. Тут яму даверылi Марыянскую Садалiцыю мяшчанаў, амбону, канфесiянал, касцёльную адмiнiстрацыю, а таксама лекцыi з Святога Пiсання i дагматыкi. Калi ў чэрвенi 1625 г. Вiльню апанавала невядомая эпiдэмiя, ён, не зважаючы на небяспеку заразiцца, паспяшыў разам з iншымi аказваць паслугу хворым. Вынiкам самаранскай дапамогi тады стала смерць 6 езуiтаў. Аднак сабраны быў немалы духоўны плён: выслухана на споведзi 8000 чалавек, дзякуючы прыкладу гераiчнага пасвячэння навярнулася 26 iншаверцаў...

У 1627 г. узнiкла пытанне аб дапушчэнні Андрэя да складання чатырох шлюбаў. Напiсаныя характарыстыкi адзiнадушна падкрэслiвалi кемлiвасць кандыдата, добрую адукацыю, глыбiню думак, прапаведнiцкiя здольнасцi, а таксама вялiкi ўплыў на людзей. Праўда, яго папракалi за ўпартасць, а таксама за выбуховы характар. Канчаткова Баболя быў дапушчаны скласці чатыры шлюбы 2 чэрвеня 1630 г. у касцёле св. Казiмiра ў Вiльнi.

Пасля складання шлюбаў ён адчуў на сабе адну з асаблівасцяў езуiцкага харызмату: перанясенне з аднаго месца працы на другое. Спачатку яго выслалi ў Бабруйск, невялiчкае мястэчка, забудаванае драўлянымi домiкамi . Католiкi, рассеяныя сярод iншаверцаў, былi цалкавiта пазбаўленыя душпастырскай апекi. Рэлiгiйнае невуцтва, вымiранне сакрамэнтальнага жыцц прывяло да знiжэння ўзроўню маральнасцi. У 1630 г. езуiты заснавалi ў Бабруйску сваю пляцоўку, першым яе пробашчам стаў А.Баболя. Тут ён правёў тры гады. Справа, якую выконваў, была пiянерскай як у сэнсе матэрыяльным, так i ў духоўным. Побач з клопатам аб эканамiчным забеспячэннi, неабходным для існавання, Андрэй прамаўляў казаннi i спавядаў. Дапамагаць яму прыбылі чатыры святары i законны брат. Святары аддавалi свае сiлы i час перад усiм для мiсiянерскай дзейнасцi ў суседнiх вёсках. Брат Кшыштаф Гэнэль, скульптар, быў заняты будаўнiцтвам касцёла. Пiшучы ў гэты час характарыстыку А. Баболi ў Рым, правiнцыял Мiкалай Ленчыцкi падкрэслiваў яго разважлiвасць, добрую адукацыю, здольнасць лёгка знаходзіць кантакт з людзьмi, а таксама станоўчы ўплыў святара на атачэнне.

У 1633 г. Андрэй Баболя быў пераведзены ў Плоцк, дзе ён кiраваў Марыянскай Садалiцыяй вучняў езуiцкай школы (больш дакладных дадзеных з гэтага перыяду няма). З Плоцка Баболю перавялi ў Варшаву. Паклапацiўся аб iм мясцовы пробашч.У Варшаве полем дзейнасцi Андрэя павiнна была стаць перш за ўсё амбона, аднак ён нядоўга тут затрымаўся; праз год вярнуўся ў Плоцк, прыняўшы на гэты раз абавязкi прэфекта калегiума, а таксама абвяшчэнне Божага слова. Школа, якой кiраваў, была невялiкай – налiчвала толькi чатырох настаўнiкаў. Падчас побыту Баболi ў Плоцку значна ажывiўся культ св. Станiслава Косткi, чаму, несумненна, паспрыяў Андрэй сваiмi казаннямi.

З моманту выезду з Плоцка да 1642 г. А.Баболя працаваў у Ломжы, дзе – як і ў Плоцку – яму была даверана разам з амбонаю школа.

У лiпенi 1642 г. ён вярнуўся ў Вiльню, каб, як раней, кiраваць Садалiцыяй Марыянскай i весцi ў касцёле заняткi па тлумачэнні Святога Пiсання. У канцы 1642г. (на пачатку 1643г.) Андрэя перавялi ў Пiнск. У гэты час узраслi намаганнi мясцовых езуiтаў у прапаведнiцтве. Многiя з праваслаўных вернiкаў прыходзiлi ў езуiцкi касцёл, каб паслухаць казаннi або выкладанне катэхiзiса. Плённая дзейнасць святароў вяла да шматлiкiх навяртанняў. Не безвынiковым быў клопат аб развiццi марыйнага культу, якi пашыралi члены Садалiцыі пад кіраўніцтвам А.Баболі.

У 1646 г. Андрэй апынуўся зноў у Вiльнi. На гэты раз прычынаю стала яго здароўе, якое да гэтага часу здавалася непахiсным. Клiмат Вiльнi быў куды лепшым, чым на Палессi. У касцёле св. Казiмiра Баболя ён вярнуўся да абавязкаў, якiя выконваў перад гэтым, i працаваў тут шэсць гадоў.

Летам 1652 г., маючы лепшы стан здароўя, ён зноў вярнуўся ў Пiнск, дзе практычна пражыў, да канца жыцця. На працягу гэтага апошняга перыяду сваёй зямной дзейнасцi працаваў перадусiм як мiсiянер на Палессi. Заданне, якое паставiў перад iм Божы Провiд праз вусны настаяцеляў, было не зусiм лёгкiм. Апостальства ўскладнялi як знешнiя ўмовы, так i духоўная атмасфера. Адсутнасць дарог i адсюль цяжкi доступ да людзей, iзаляваных ад свету, прычынiліся да таго, што рэлiгiйна-маральны стан палешукоў быў вартым жалю. Яны пакланялiся розным забабонам. Праўда, у нядзелю натоўпам ездзiлi ў горад, але ў касцёле або ў царкве з’яўлялiся толькi на благаславенне ў канцы Святой Iмшы, а ўвесь астатнi час праводзiлi ў карчме.

Спачатку ў вёсках Пiншчыны езуiцкiх мiсiянераў прымалi вельмi неахвотна. Аднак пасля, калi растаў лёд недаверу, шмат сялян збiралася на казаннi ў вясковых хатах. Душпастырская праца неаднаразова была для Баболi аказiяй, каб прымаць удзел у дыскусіях з праваслаўным духавенствам. Знаёмства з працамi Айцоў усходняга Касцёла дапамагала з кожнай дыскусіі выходзiць пераможцам. Самым вялiкiм яго дасягненнем стала навяртанне жыхароў дзвюх вёсак – Баландычы i Удрожын.

Аднак разам з апостальскiмi дасягненнямi ўзрастала непрыязнасць да Андрэя. Калi, нягледзячы на слабое здароўе, ён хадзiў з вёскi ў вёску, часта яго закiдвалi не толькi знявагамi, але таксама кідалі наўздагон гразёю i каменнем. Завяршэннем гэтай варожасцi сталі трагічныя падзеі ў Янаве.

Духоўны воблiк

Добраахвотнае ахвяраванне ўласнага жыцця за iншага чалавека патрабуе гераiзму. Да гэтай гатоўнасцi адносна Бога i Яго пастановаў Баболю падрыхтавалi «Духоўныя практыкаваннi» – рэкалекцыi св. Iгнацыя, у якiх ён удзельнiчаў, як кожны святар-езуiт, двойчы: першы раз – у навiцыяце, другi – ужо ў сталым узросце пасля заканчэння фiласофска-тэалагiчнага факультэта. Тады, у своеасаблiвым клiмаце, якi трэба адчуць самому, выспелi сталыя жыццёвыя рашэннi Андрэя, што дазволiлi яму пакласцi ўсё на адну шалю. Не было гэта лёгкiм. Кожны чалавек прыносiць з сабою ў кляштар цяжар першароднага граху, цяжар недахопаў, якiя агульна называюцца пажадлiвасцю вачэй, пажадлiвасцю цела i пыхi або славалюбства. Супрацьяддзем на гэтую людскую слабасць павiнны быць законныя шлюбы, але яны не дзейнiчаюць аўтаматычна. Андрэя папракалi ў многiх недахопах. Тэмперамент халерыка з рысамi сангвiнiка адзначаўся мiж iншым iмпульсiўнасцю i ўпартасцю. Аднак ён паслядоўна iшоў да вызначанай мэты, якою з моманту ўступлення ў Таварыства стала служэнне Хрысту ў Касцёле пад штандарам Крыжа i кiраўнiцтвам Святога Айца. Гэтаму галоўнаму харызмату езуiты былi заўсёды верныя. Апостальская дынамiка Баболi i прапаведнiцкi запал нарадзiлiся з жадання служыць Створцы i блiжняму, з пошуку ва ўсiм большай Божай хвалы праз працу над збаўленнем людскiх душаў, адкупленых Крывёю Хрыста. I тое, што ён атрымаў мянушку «душахват», з’яўляецца рэхам «Разважанняў аб двух штандарах» з кнiгi «Духоўныя практыкаваннi».

Плённасць апостальскай працы не прыходзiць сама. Не з’яўляецца яна таксама толькi эфектам прыгожых слоў. Апiрышчам звышнатуральнага дзеяння становiцца капiтал малiтвы. Праз гэтую моц можна зарабiць тое, што ў законным лексiконе называецца «духоўным плёнам». Iгнацы навучыў сваiх паплечнiкаў i iх наступнiкаў уменню «сузiраць у дзеяннi». У штодзённым жыццi i пры поўнай iнтэнсiўнасцi працы А.Баболя ў вялiкай ступенi быў паяднаны з Богам, паколькi яго абвяшчэнню Праўды спадарожнiчала значнае аднаўленне спосабу мыслення i спосабу ацэньвання сапраўдных каштоўнасцяў у слухачоў.

Амаль кожны чалавек, якi прагне поспеху, прызнання, славы, у хвiлiны, калi ён замест чаканай удзячнасцi сустракаецца са знявагай i нянавiсцю, падае духам. Калi Андрэй, нягледзячы на неаднаразовыя знявагi, узброены выключна любоўю, далей iдзе ў палескiя мястэчкi, вёскi i на хутары, заселеныя пераважна праваслаўнымi, бачна, што ён мае дух «трэцяга ўзроўню пакоры» з iгнацыянскiх рэкалекцый. Яго супрацоўнiцтва з ласкай было такiм дынамiчным, што Провiд Божы вынес яго да хвалы алтара.

У часы казацкага пераследу аддалi сваё жыццё за веру больш за шэсцьдзесят езуiтаў. Напярэдаднi смерцi А.Баболi бязлiтасна быў закатаваны Сымон Мафон. Гэтыя святары разам працавалi на Божай нiве i былi вернымi сябрамi душпастырскiх вандровак. Тагачасны генерал езуiтаў Госвiн Нiкель ставiў мучанiцтва абодвух святароў на аднолькавым узроўнi. Аднак толькi аднаго з iх выбраў Бог як асаблiвы ўзор i як заступнiка.

Гiсторыя культу

Пастаянныя войны, якiя вяла Польшча ў XVII стагоддзi, спустошылi краiну i паралiзавалi грамадскае жыццё. Гэтая сiтуацыя не спрыяла развiццю культа мучанiка, якi за еднасць Касцёла аддаў сваё жыццё. Памяць пра Баболю знiкла пасля смерцi тых, хто ведаў яго асабiста. Зерне, кiнутае ў глебу, належны яму час прарастае i развiваецца ў цудоўны колас. Падобным чынам вырас культ Баболi. Мiнула 45 гадоў пасля смерцi Андрэя. Польшча ў гэты раз зноў перажывала трагедыю паўночнай вайны. Небяспека пагражала таксама i Пiнску. Калi ў нядзелю, 16 красавiка 1702 г., заклапочаны рэктар тутэйшага калегiума Марцiн Гадэбскi прасiў неба аб паратунку, яму прыснiўся невядомы езуiт, якi пераканаў яго, што ён, Андрэй Баболя, будзе апекавацца кляштарам з умоваю, што яго цела будзе ўшанавана. Адшуканне астанкаў Баболi не было лёгкiм. У падзямеллi касцёла спачывала шмат езуiтаў, а ўсялякiя запiсы загiнулi ў бурлiвай гiсторыi калегiума. На месцы не ўдалося нават устанавiць даты смерцi, што аблегчыла б пошукi. У ноч з 18 на 19 красавiка (на гэты раз свецкаму закрыстыянiну) другi раз паказаўся Баболя i дакладна апiсаў месца, дзе быў пахаваны. Праз тры гадзiны працы з зямлi выкапалi труну з лацiнскiм надпiсам: «Айцец Андрэй Баболя Таварыства Езуса забiты казакамi». Было вялiкае здзiўленне, калi ў труне ўбачылi астанкi, якiя захавалiся нятленнымi, з усiмi слядамi катаванняў. Рэлiквii прыбралi ў новыя шаты i пераклалi ў другую труну. Навiна аб адшуканнi цела, якое захавалася ў вiльготным склепе сярод тлеючых трупаў маланкаю абляцела ўсё Палессе. Жыхары Пiнска, Янава i ваколiц пачалi ўспамiнаць аповеды старэйшых. Нечакана адрадзiлася вуснае паданне аб гераiзме Андрэя. Шмат людзей з ваколiц прыходзiла да акенца крыпты, у якой спачываў Баболя, каб пакланiцца мучанiку.

Андрэй Баболя атулiў апекаю не толькi езуiцкi калегiум. Калi ў 1709–1710 г. страшная эпiдэмiя паглынула тысячы ахвяраў (у 1710 г. лiтоўская правiнцыя пахавала 118 езуiтаў, сярод якiх 94 паплацiлiся жыццём за самаранскую паслугу), толькi Пiншчыну эпiдэмiя абмінула. Таксама памнажалiся ласкi, якiя былi ўпрошаны праз пасрэднiцтва А.Баболі.

Генерал Таварыства Езуса Мiхал Тамбурынi, якому паведамiлi аб пашане, якою акружаюць Баболю вернiкi, i аб тым, што яна ўсё больш распаўсюджваецца, загадаў працуючаму ў Рыме польскаму езуiту Яну Давiдовiчу заняцца справаю беатыфiкацыi. У хуткiм часе слава Мучанiка выйшла па-за межы Польшчы, паколькi першая бiяграфiя Баболi была надрукавана не ў мясцовых выдавецтвах, а ў Вюрзбургу.

Нягледзячы на тое, што культ пашыраўся, вынясенне Баболi на алтар праходзiла з цяжкасцю. Клопат польскiх бiскупаў, а таксама намаганнi езуiтаў паспрыялi таму, што 9 лютага 1755 г. Бенедыкт XIV упiсаў Баболю ў спiс мучанiкаў за веру.

У 1764 г. на канвакацыйным сейме ў Варшаве зноў паўстала справа аб беатыфікацыі. У канстытуцыi, якой прысягаў кароль Станiслаў Аўгуст Панятоўскi ў дзень сваёй каранацыi, было змешчана таксама абавязацельства: «Мы будзем iмкнуцца ўнесцi просьбу да Апостальскай Сталiцы аб беатыфiкацыi Андрэя Баболi SJ». Аднак наступiла скасаванне закону i падзел Польшчы, а справа беатыфiкацыi стаяла практычна на месцы.

Нягледзячы на гэта, культ А.Баболі пашыраўся. Набажэнства да Андрэя Баболi давала сiлы i езуiцкiм мiсiянерам, калi яны патаемна, пераапранаючыся ў купцоў альбо вандроўных рамеснiкаў, працавалi сярод палескiх унiятаў, рызыкуючы быць сасланымi ў Сiбiр цi закатаванымi ў расiйскiх турмах. Не зважаючы на тое, што царскi ўрад рабiў усё, каб перашкодзiць справе беатыфiкацыi, 30 кастрычнiка 1853 г. Папа Пiй IХ абвясцiў Андрэя Баболю благаславёным. Была наладжана вялiкая ўрачыстасць. Усю базылiку св. Пятра выклалi чырвонай адамашкай i асвяцiлi мноствам агнёў. У месцы, дзе паводле звычаю знаходзiўся папскi герб i герб кiраўнiка дзяржавы, з якой паходзiў благаславёны, Святы Айцец параiў павесiць два папскiя гербы, каб такiм чынам сiмвалiчна падкрэслiць, што прыгнечанаму народу ён замяняе караля. У беатыфiкацыйным брэве Святы Айцец напiсаў: «Жадаючы, каб у такi цяжкi час i сярод такой вялiкай колькасці непрыяцеляў вернiкi Хрыста атрымалi новы прыклад, якi павялiчыў бы iх адвагу ў барацьбе, мы дазваляем Слугу Божага Андрэя Баболю, святара-законнiка Таварыства Езуса, якi за каталiцкую веру i за збаўленне душаў прыняў мучанiцтва, з гэтага дня называць благаславёным».

Па-свойму ўшанаваў гэтую беатыфiкацыю раззлаваны цар, асуджаючы на смерць шэсць палякаў, якiя служылi ў рускай армii. Не зважаючы на рэпрэсii, культ благаславёнага пашыраўся таксама i ў Расiйскай iмперыi. У 1908г. удалося нават надрукаваць у Пецярбургу бiяграфiю Андрэя Баболi, напiсаную кс. Янам Урбанам SJ.

Пасля атрымання незалежнасцi польскi епiскапат распачаў працэс кананiзацыi благаславёнага Андрэя. Намаганнi былi паспяхова завершаны Пiем ХI у свята Змёртвыхпаўстання.

Апошнiм актам Апостальскай Сталiцы, якi датычыў Андрэя Баболi, з’яўляецца энцыклiка Пiя ХII у сувязi з 300-годдзем са дня смерцi святога, скiраваная да бiскупаў усяго Касцёла. «Мы горача жадаем, – пiша аўтар энцыклiкi, – каб перш за ўсё сыны той зямлi, для якiх непераможны Хрыстовы герой Андрэй Баболя з’яўляецца гонарам i прыгожым прыкладам хрысцiянскай мужнасцi, паразважалi над яго мучанiцтвам i яго смерцю... Сярод iншых хвалебных рысаў больш за ўсе ўражвае цнота веры, моц якой... дадала яму адвагi мужна прыняць мучанiцтва».

Гiсторыя святых рэлiквiй

Пасля лiквiдацыi ордэна целам мучанiка пачалi апекавацца унiяцкiя святары. Рэлiквii святога вельмi ўшаноўвалiся. У вынiку другога падзелу Польшчы Пiнск апынуўся на тэрыторыi Расiйскай Iмперыi. Паезуiцкая святыня неўзабаве перайшла ў рукi базыльянаў. Новыя гаспадары ўшанавалi цела i пакiнулi яго на месцы, тым больш, што да труны прыходзiлi таксама i праваслаўныя. Гэта не падабалася мясцоваму архiмандрыту. Калi езуiты, якiя засталiся на Белай Русi, даведалiся аб намеры зноў закапаць рэлiквii ў зямлю, яны папрасiлi Аляксандра I аддаць iм цела. Цар пагадзiўся, i ў студзенi 1808 года, нягледзячы на цяжкую зiму i вялiкi снег, рэлiквii прывезлi ў Полацк i паставілi ў крыпце.

13 сакавiка 1820 года цар падпiсаў дэкрэт аб выгнаннi езуiтаў з Расii. (Гэта адбылося пасля вяртання ордэна ў iншыя краiны.) Усе паезуiцкiя пабудовы ў Полацку аддалi пiярам. Праз 10 гадоў гэтак, як езуiты, былi выгнаныя i пiяры, а касцёл перайшоў да праваслаўных. Цела Андрэя перавезлi ў касцёл дамiнiканаў i паклалi ў асобнай каплiцы. У 1864 годзе з Полацка выгналi i дамiнiканаў, а iх святыня перайшла ў рукi дыяцэзiяльных святароў.

У 1866 г. у Полацк з Пецярбурга прыехала ўрадавая камiсiя, бо распаўсюдзiлiся чуткi, што благаславёнаму аддаюць пашану не толькi католiкi, але i праваслаўныя. Падчас iнспекцыi са столi звалiлася цэгла i, спадаючы, паранiла аднаго з чыноўнiкаў. Камiсары, якiя верылi ў забабоны, убачылi ў гэтым «умяшацельства Баболi» i хуценька пакiнулi каплiцу. Цела пакiнулi ў спакоi аж да рэвалюцыi. У савецкiя часы неаднаразовыя спробы зняславiць рэлiквii былi рашуча спыненыя грамадствам. Толькi 23 чэрвеня 1922 года касцёл акружыла армiя: з’явiлiся пасланцы Крамля. Адчынiўшы труну, з цела знялі адзенне i кiнулi на падлогу. На здзiўленне прысутных, астанкi не рассыпалiся. Быў складзены пратакол аб iх стане, дзе сцвярджалася, што «труп» добра захаваўся дзякуючы ўласцiвасцям зямлi, у якой ён знаходзiўся. Пасля гэтага антыгуманнага акту рэлiквii пакiнулi ў спакоi, але не надоўга. 20 лiпеня ў касцёл уварвалiся «байцы» i, разагнаўшы парафiянаў, якiя ахоўвалi труну, вывезлi цела ў Маскву, дзе яно было змешчана ў будынку Гiгiенiчнай Выставы Народнага Камiсарыята Здароўя.

Урад Польшчы безвынiкова звяртаўся з просьбай вярнуць святыя рэлiквii. Паводле сведчанняў Пiя ХI, яшчэ да гэтых падзеяў Юзаф Пiлсудскi планаваў паход на Полацк, каб забраць труну з целам благаслаўлёнага, але перашкодзiлi абставiны.

У 1922 г., калi ў Савецкiм Саюзе быў голад, Папа Пiй ХI выдзелiў вялiкую дапамогу галадаючаму народу. Тады савецкi ўрад за заслугi Папскай ратунковай камiсii прыхiльна паставiўся да просьбы Святога Айца аб вяртаннi рэлiквiй. 21 верасня 1923 года два прадстаўнiкi ўзгаданай камiсii, езуiты Эдмунд Вальш i Леанард Галлагер, у суправаджэннi вiцэ-сакратара стану Камiсарыята замежных спраў i трох членаў Надзвычайнай камiсii накiравалiся да будынка Гiгiенiчнай Выставы, дзе iм паказалi труну з астанкамi Баболi. Савецкi ўрад не хацеў, каб цела везлi праз Польшчу, таму быў выбраны шлях праз Адэсу i Канстанцiнопаль. 25 верасня ад кс. Вальша запатрабавалi, каб да пратакола «прыёмкі» ён далучыў абавязацельствы, што цела застанецца ў Рыме i не будзе нiкому перададзена. З гэтымi ўмовамi кс. Вальш не згадзiўся.

У Вечны Горад рэлiквii прыбылi ва ўрачыстасць Усiх Святых. Яны былi змешчаныя ў базылiцы святога Пятра на Ватыкане, а ў маi 1924 года Папа перадаў цела езуiцкаму касцёлу del Gesu. Пасля кананiзацыi ў 1938 годзе рэлiквii праз Югаславiю, Венгрыю i Чэхаславакiю былi перапраўлены ў Польшчу. Тут у трыумфальнай працэсii іх павезлі спачатку ў Чэхавiцы, потым у Асвенцiм, Кракаў, Катавiцы, Познань i Лодзь, i нарэшце труна спынiлася ў Варшаве. Усюды рэлiквii святога А. Баболi горача вiталi, аб чым сведчыць захаваная кiнахронiка. У сталiцы адбылося спецыяльнае набажэнства на Замкавым пляцы, потым труна была выстаўлена ў катэдры св. Яна. Прэзiдэнт Iгнацы Масцiцкi, як вотум, паклаў на труну свой Крыж Незалежнасцi.

Пасля ўрачыстага ўшанавання рэлiквii спачылi ў каплiцы езуiтаў на вулiцы Ракавецкай, дзе яны павiнны былi чакаць пабудовы спецыяльнага санктуарыя. Тым часам распачалася вайна. У вераснi 1939 года падчас блакады Варшавы, калi немцы наступалi на Макотаў, польскiя лётчыкi вынеслi народны скарб у Стары Горад i паклалi каля ног Найсвяцейшай Панны Марыi Ласкавай у касцёле езуiтаў. Тут у часы акупацыi ўмацоўвалi свае сэрцы прыгнечаныя вернікi. Падчас Варшаўскага паўстання, калi гарэла Свентаянская вулiца, рэлiквii перанеслi ў касцёл святога Яцка i паклалi ў падзямеллi. Заваленыя руiнамi, яны праляжалi так да лютага 1945 года. Пасля задушэння Варшаўскага паўстання немцы вялi пошукi труны з рэлiквiямi. На шчасце, яны не даведалiся аб месцы яе захавання. Пасля вызвалення Варшавы труна была адкапаная i перавезеная зноў на вулiцу Ракавецкую.

Утоены скарб

Нямала славутых езуiтаў, што жылi ў Польшчы, былi сучаснiкамi Андрэя. Выдадзеная Акадэмiяй Гiсторыi Навукi i Тэхнiкi ПАН «Гiсторыя польскай навукi» (т.2: Вроцлаў, 1970) пералiчвае 28 вядомых езуiтаў, якiя працавалi ў той самы час, што i Баболя. Сярод iх Мацвей Бэмбус – аўтар працы «Заклiк да еднасцi», якi працягваў намаганii Пятра Скаргi па ўтварэннi унii праваслаўнай Расii з Рымам; Мiхал Боўм – вялiкi сiнолаг; Рыгор Кнапскi – славуты польскi лексiкограф; Освальд Кругер – спецыялiст вайсковай справы, каралеўскi iнжынер; Караль Малапарт – славуты астраном; Мiкалай Ленчыцкi – вядомы тэолаг-пiсьменнiк; Мацей Сарбеўскi – паэт, гонар польскага барока; Ян Смагулецкi – мiсiянер у Кiтаi, дзе ён таксама быў паслом польскай навукi i разам з праўдамi веры прынёс на тыя землi лагарыфмiчнае вылiчэнне; Станiслаў Сольскi – аўтар першага польскага падручнiка iнжынерыi; Францiшак Шамбека – першы польскi тыбетолаг; Канстанцiн Шырвiд – аўтар першага лiтоўскага слоўнiка, рэпрынт якога з’явiўся ў 1979 годзе ў Вiльнi; Караль Вота – дыпламат; Барталамей Вансоўскi – вядомы архiтэктар i пiсьменнiк; Лука Залускi – фiлосаф, аўтар шырокага нарысу гiсторыi фiласофii. Многiя з iх былi звязаныя з вiленскiм асяроддзем i таму добра вядомыя А.Баболi; М.Сарбеўскi i А.Рудамiн (вялiкi мiсiянер у Кiтаi) былi нават сябрамi Баболi падчас вучобы на факультэце тэалогii.

Сярод гэтых вялiкiх зорак XVII стагоддзя на небасхiле Таварыства Езуса ў Польшчы выключнае месца Пан Бог вызначыў Андрэю Баболю. У вачах сучаснiкаў тыя, каго мы толькi што ўзгадалi, зрабiлi большую «кар’еру», чым ён – спачатку звычайны працаўнiк на шматлiкiх езуiцкiх пляцоўках, а пазней – мiсiянер Палесся. Аднак здаецца, што Провiд захаваў гэтую асобу на заўтра, каб выкарыстаць яе для больш вялiкiх спраў.

Значнай падзеяй у агульначалавечым вымярэннi стаў выбар славянiна-паляка Папам. Гэты чалавек, адораны спецыяльным харызматам Духа Святога, амаль што на кожным кроку звяртае ўвагу на неабходнасць распазнавання знакаў часу. Ён, калi вучыў свет падчас пiлiгрымкi па роднай зямлi ў чэрвенi 1979 года, закрануў шмат пытанняў, над якiмi трэба задумацца i паразважаць.

Iдэю еднасцi ўказаў людзям Папа Ян ХХIII. Гэтую думку з новым дынамiзмам працягвае Ян Павел II, якi заклiкаў падчас сваёй усеславянскай прамовы на Узгор’i Леха ў Гнезне да унii з братамi, што захоўваюць традыцыю ўсходняга Касцёла. 4 чэрвеня 1979 года ў «Акце аддання Мацi Божай» на Яснай Гуры ён прасiў Багародзiцу: «Дазволь нам надалей выходзiць насустрач усiм людзям, якiя ў розных рэлiгiях шукаюць Бога i жадаюць Яму служыць». Урэшце, у Кракаўскіх Блонях ён падкрэслiў, што «знакi часу клiчуць нас да дыялогу з нашымi братамi-хрысцiянамi, хоць яшчэ раз’яднанымi, але злучанымi адной верай у Хрысце».

Кiруючыся святлом, якое дае нам Пан праз свайго намеснiка, трэба нанова адкрыць святога Андрэя i ўчынiць яго ўзорам для сучаснага чалавека i для экуменiчнай будучынi. Вялiкая iдэя еднасцi як бы ажыццяўлялася каля труны святога Андрэя, бо ў Пiнску, а пасля ў Полацку каля яе збiралiся як католiкi, так i браты-праваслаўныя, каб праз заступнiцтва св. Андрэя ўзносiць малiтвы да Бога.

Ян Павел II падчас сустрэчаў з супрацоўнiкамi Люблінскага каталіцкага універсітэта падкрэслiў, што небяспечным з’яўляецца толькi той чалавек, якi заключае саюз з канфармiзмам. Святы Андрэй Баболя ў любых абставiнах умеў быць сведкам евангельскай праўды i таму, нягледзячы на абрадавыя цi культавыя адрозненнi, прыцягваў сэрцы ўсiх, хто хоча быць сведкам Хрыстовай мукi i Яго змёртвыхпаўстання.

I яшчэ адно сказаў Святы Айцец на гэты раз падчас набажэнства ў канцлагеры на тэрыторыi Бжэзiнкi: калi мы дайшлi да трагедыi Асвенцiма, то таму, што не здолелi зразумець, да чаго можа прывесцi нянавiсць. Зноў узнiкае думка, што рэлiквii Баболi надта ўкрытыя, каб яны маглi прамовiць да чалавека, разгубленага перад мноствам розных фiласофскiх накiрункаў. Можа, Бог хоча iзноў адкрыць гэты ўкрыты ад памяцi скарб для III тысячагоддзя веры, каб зерне, якое было ўкiнута ў глебу, урэшце прабiлася моцаю Хрыста праз шкарлупiну зямнога быцця, а таксама было сведчаннем, што «знак супрацiву» павiнен стаць «знакам еднасцi». Не адзiн раз ў гiсторыi Провiд нечакана адкрываў i ўказваў святога Андрэя ў самыя дзiўныя моманты. Магчыма, i сёння настаў час, каб ён сваiм прыкладам умацоўваў нас у выкананнi заданняў, якiя Пан прызначыў для кожнага з нас.

Бібліяграфія:

    Кс. Феліцыян Палюшкевіч SJ,
    Да праліцця крыві (Святы Андрэй Баболя),
    Мінск 2001 Выдавецтва Pro-Christo

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.