| Сястра М. Стэла | | Сястра М. Імэльда | | Сястра М. Канізія | | Сястра М. Раймунда | | Сястра М. Даніэла | | Сястра М. Гвідона | | Сястра М. Феліцыта | | Сястра М. Геліядора | | Сястра М. Барамэя | | Сястра М. Канута | | Сястра М. Сергія |
Сцены наваградскай Фары, якія бачылі многае за гісторыю свайго існавання, у тыя ліпеньскія дні 1943 г. напоўніліся ціхай і шчырай малітвай. З вуснаў не сыходзілі таксама трывожныя пытанні:
Калі ж скончацца арышты?
Калі людзі змогуць спаць спакойна?
Калі скончыцца гэта страшная вайна, якая патрабуе столькі ахвяраў?
Сястра Стэла і 11 назарэтанак не пераставалі паўтараць: «Божа, прымі нашую ахвяру, прымі, Божа...»
Сёстры не маглі забыць ні на хвіліну, не маглі адарваць сваіх думак ад лёсаў сотняў людзей, ад лёсаў многіх знаёмых, якім ў тыя ліпеньскія дні гестапа вынесла смяротны вырак. «Мой Божа, калі патрэбна ахвяра з жыцця, хай лепш нас расстраляюць, чым тых, што маюць сем'і», - прасілі яны.
Наваградак жыў у чаканні. Што будзе з усімі арыштаванымі, ці жывыя яны яшчэ?
Маці і жонкі прыходзілі да сясцёр і са слязьмі на вачах расказвалі пра сваё гора. А сёстры маліліся. Яны ведалі, што ўжо некалькі дзён гестапа шукае таксама ксяндза Аляксандра Зянкевіча - адзінага наваградскага святара, які яшчэ быў жывы.
«Божа, - шаптала сястра Стэла, а за ёю паўтаралі сэрцы сясцёр, - ксёндз-капелан больш патрэбны на гэтай зямлі, чым мы, таму просім: калі патрэбна далейшая ахвяра - прымі нас».
Надышоў апошні дзень ліпеня 1943 г. Быў пасляабедзенны час. Ксёндз Зянкевіч рыхтаваўся да набажэнства. Сястра Імэльда запальвала свечкі, выносіла на касцёл манстранцыю... У гэты момант у закрыстыю ўвайшла сястра Стэла - настаяцельніца Наваградскага кляштара. Яна паведаміла, што да сясцёр прыйшоў немец у цывільным адзенні і перадаў, каб усе сёстры на чале з настаяцельніцай у 19.30 з'явіліся ў камендатуру.
- Гэта ўжо хутка, - сказала сястра Стэла і спытала ў ксяндза Зянкевіча, як лепш зрабіць?
- А што сястра сама думае аб гэтым? - запытаў ксёндз.
- Думаю, што нас могуць вывезці на работы ў Германію.
- Гэта магчыма, гэта больш чым праўдападобна, - адказаў ксёндз Зянкевіч, каб трохі супакоіць сястру.
Роўна ў 18.00 пачалося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ружанец. Сёстры, як заўсёды, былі на сваіх месцах, кленчылі наперадзе, перад алтаром. Яны ў гэты вечар былі спакойныя, засяроджаныя на малітве, хоць праз некалькі хвілін павінны былі ісці ў гестапа. Святар узняў над імі - перш за ўсё над імі - Святыя Дары, благаслаўляючы іх.
Выйшлі з касцёла і няспешна пайшлі спачатку па сваёй вуліцы, потым праз галоўную гарадскую плошчу. Людзі здзіўлена пыталіся, куды ідуць сёстры ў такі час? Але на тварах сясцёр была ўсмешка, нішто не выдавала іх трывогі. Нізкае ўжо сонца ішло перад імі, яны ішлі ўслед за сонцам. Тужліва і задуменна пазіралі на іх кветкі з гародчыкаў, як бы развітваліся.
Сёстры ўвайшлі ў будынак камісарыяту. Праз некалькі хвілін на калідоры пачуліся жорсткія, адрывістыя пытанні немца і спакойныя адказы сясцёр: дзве з іх размаўлялі па-нямецку. Яшчэ праз гадзіну да будынка пад'ехаў грузавік, сясцёр вывелі вартавыя і загадалі лезці ў машыну. Фашысты ненавісна смяяліся, гледзячы, як сёстры ў доўгіх габітах з цяжкасцю карабкаюцца праз высокі борт. Грузавік паехаў за горад. Ноч паволі ўваходзіла ў свае правы. Станавілася цёмна. Непадалёк ад таго месца, дзе спынілася машына, былі сялянскія сядзібы. У гэты час людзі заганялі ў хлеў жывёлу, то там, то тут брахалі сабакі. Не, гэта быў не той час. Грузавік вярнуўся ў горад. Сясцёр змясцілі ў падзямеллі камендатуры. Там сёстры прабылі ноч. Гэта ноч мела двух сведкаў (работнікаў камендатуры), якія пазней расказвалі, што сёстры, не маючы магчымасці легчы крыжам усе адначасова, рабілі гэта па чарзе. У 3.00 іх зноў вывезлі, але гэтым разам трохі далей: машына спынілася за 3 км ад горада. Яма была выкапана ў некалькіх сотнях крокаў ад дарогі ў невялікім змешаным лесе.
Сясцёр павялі ў той бок. Віднела. Вакол стаяла цішыня. Цішыня была такая, што нават салдаты стараліся ступаць асцярожна, каб яе не парушыць. Адзін з іх, моцна п'яны, казаў на другі дзень сваёй гаспадыні: «Як яны ішлі, як яны ішлі! Трэба было бачыць, як яны ішлі - вашы сёстры». Ішлі са складзенымі рукамі, спакойныя, поўныя годнасці, лёгкія, як птушкі. Iшлі насустрач сонцу, якое якраз уставала, вітаючы іх.
Калі яны сталі каля ямы на калені, а іх Маці, іх настаяцельніца, падняўшы руку благаславіла іх, пачуўся першы стрэл.
Сястра Стэла ўпала першая, а за ёю - астатнія сёстры: Імэльда, Раймунда, Даніэля, Канута, Сергія, Гвідона, Фэліцыта, Хэліодора, Канізія і Барамэя.
12-я сястра, Малгажата, засталася ў хаце: яна папрасіла сястру Стэлу, каб па яе прыйшлі, калі гэта будзе неабходна... Ахвяра, складзеная Богу за братоў, была прынята. Пусты грузавік павярнуў у бок горада. Прачынаўся новы дзень - гэта была нядзеля 1 жніўня 1943 г. У Белай наваградскай Фары ў тую раніцу месцы сясцёр пуставалі.
- Дзе сёстры? - пыталіся адзін у аднаго вернікі. Дзе сёстры? Чаму не вярнуліся? - гэтыя пытанні задавалі сабе кс. А.Зянкевіч і с. Малгажата.
Пасля Св. Імшы ў Фары кс. Зянкевіч пайшоў да касцёла св. Міхала, каб паспавядаць. Хтосьці падышоў да акенца спавядніцы і ціха сказаў: «Сёння раніцою расстралялі сясцёр». Ксёндз не мог у гэта паверыць.
Праз некалькі дзён, калі інфармацыя пацвердзілася і ўтойваць яе было немагчыма, ён сказаў сястры Малгажаце:
- Яны ўжо не вернуцца.
Але сёстры вярнуліся. Амаль што праз два гады: 19 красавіка 1945 г.
У белых трунах, па белым снезе, што нечакана пакрыў за ноч вуліцы Наваградка, сёстры вярталіся ў сваю Белую Фару.
Вярталіся, каб праз два гады заняць свае месцы перад алтаром. Вярталіся, каб ужо назаўсёды застацца ў Белай Фары.
Ішлі гады, але людзі не змаглі забыць сваіх сясцёр. Жыхары Наваградка іх любілі і называлі не інакш, як «нашы сёстры».
Ахвяра сясцёр была мілая Богу: ніводзін з мужчынаў, арыштаваных у тыя ліпеньскія дні, не быў ужо расстраляны. Застаўся жывы і кс. Зянкевіч, які быў у спісках гестапа. Ён праз усё сваё жыццё насіў у сэрцы глыбокую ўдзячнасць сёстрам і вялікі боль...
Колькі ж духовага плёну прынесла, прыносіць і яшчэ прынясе гэта складзенае ў пакорнай ахвяры жыццё!
|