Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Капліцу Маці Божай Фацімскай асвяцілі ў шпіталі ў Бараўлянах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.07.2017 11:39

9 ліпеня ў Рэспубліканскім клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. Машэрава ў Бараўлянах адкрылі і асвяцілі капліцу Маці Божай Фацімскай. 

Апекавацца капліцай будуць сабраты-салезіяне з мясцовай супольнасці, якія прысутнічалі на мерапрыемстве на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктарам Гайдукевічам SDB.

Асвячаць капліцу прыбыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На ганку шпіталя яго прывітаў галоўны ўрач Віктар Лішакоў, які падзякаваў іерарху за наведванне і правёў для яго экскурсію.

Пасля адбылася ўрачыстая святая Імша для супрацоўнікаў шпіталю, пацыентаў і вернікаў бараўлянскай парафіі. У гаміліі Мітрапаліт звярнуў увагу прысутных на пакору Езуса, Які быў паслухмяны Богу ажно да смерці.

«Езус з’яўляецца прыкладам пакоры як для святароў, так і для лекараў, бо, лечачы цела і душу, неабходна быць пакорным і ахвярным. Таксама і цярпенні хворых з дапамогай веры набываюць новы сэнс, — зазначыў арцыпастыр. — Вера дапамагае хвораму мужна зносіць цярпенні, яднаць іх з цярпеннямі Хрыста і ахвяраваць у пэўных інтэнцыях».

«Ярмо лекара азначае абавязкі і служэнне, якія нясуць палёгку для цела хворага. Ярмо святара нясе палёгку для душы спакутаваных. Ярмо хворага ўключае яго самога ў збаўчую місію Хрыста», — сказаў іерарх.

Прыгадваючы словы з Евангелля, дзе Езус кажа пра цноты пакоры і міласэрнасці, Мітрапаліт падкрэсліў, што гэтыя цноты найлепш праяўляюцца як у служэнні ўрачоў, так і святароў. «І адзін, і другі, не зважаючы на час і змучанасць, днём і ноччу спяшаюцца да хворага. Урач, каб дапамагчы з хваробамі цела, а святар — з хваробамі душы. У сваім служэнні яны пакорна следуюць за прыкладам Хрыста, які прыйшоў не каб Яму служылі, але служыць».
Арцыпастыр зазначыў важнасць веры для хворага.

«Вера дапамагае мужна зносіць цярпенні, яднаць іх з цярпеннямі Хрыста і ахвяроўваць у адных ці іншых інтэнцыях. Дзякуючы гэтаму, цярпенні хворага набываюць новы сэнс. Нездарма св. Ян Павел II называе цярпенні чалавека, злучаныя з цярпеннямі Хрыста, збаўчымі».

Мітрапаліт пажадаў, каб новая капліца стала сапраўдным месцам сустрэчы чалавека з Богам праз слова, якое там будзе абвяшчацца, і праз сакраманты, якія там будуць цэлебравацца. «Няхай гэта капліца служыць дапамогай лекарам у выкананні іх няпростых абавязкаў, каб ярмо, якое нясуць, было лёгкім. Няхай капліца служыць хворым, каб у складаных абставінах свайго жыцця звярталіся да Бога і ў Ім праз паслугу лекараў мелі надзею», — заключыў арцыпастыр напрыканцы.

Пасля св. Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў падзяку святарам салезіянам, а асабліва пробашчу Бараўлянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў кс. Казіміру Шыдэлку SDB. Таксама Мітрапаліт падзякаваў Нацыянальнаму «Карытас» і асабіста дырэктару Віталію Дабраловічу за дапамогу ў супрацоўніцтве са шпіталем.

Пасля адбылося асвячэнне аднаго з аддзяленняў шпіталя і непасрэдна самой капліцы Маці Божай Фацімскай. Святая Імша будзе адбывацца тут кожны чацвер у 17.00.

Варта адзначыць, што ўсяго ў Бараўлянах працуюць восем розных шпіталяў і ў трох з іх дзейнічаюць каталіцкія капліцы.

Пасля асвячэння капліцы галоўны ўрач Віктар Барысавіч атрымаў ад іерарха каталіцкага касцёла ганаровую грамату «За супольны клопат аб духоўным развіцці беларускага грамадства і Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі».

Уладзіслаў Зарэцкі ASC, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.