Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будслаў у тысячах агнёў: начная працэсія і Імша ў санктуарыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.07.2017 01:23

Тысячамі агеньчыкаў зіхаціць сквер перад касцёлам. Сапраўдная вогненная рака! У кожнага верніка — свой зніч у руках. Аб тым, з якой сілай гарыць агонь унутры кожнага з іх, ведае толькі Бог.

Традыцыйная начная працэсія сёлета прайшла з фігурай Маці Божай Фацімскай, 100-годдзе аб’яўленняў якой адзначаецца ва ўсім свеце. Святую Імшу апоўначы ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Вітаючы прысутных на начной Імшы, нунцый адзначыў, што прыбыў на ўрачыстасць як прадстаўнік Святога Айца, які падчас наведвання Фацімы адзначаў: «Я жадаю прыйсці да Божай Маці, ахвяруючы Ёй у дар самыя прыгожыя “кветкі”, якія Езус даверыў маёй пастырскай апецы, гэта азначае —  братоў і сясцёр ва ўсім свеце, збаўленых Яго крывёю, не выключаючы нікога».

«Гледзячы на вас, якія сабраліся вакол нашай любай Маці, магу сказаць, што жаданне папы Францішка спаўняецца і ў Беларусі», — зазначыў іерарх.

Апостальскі нунцый заклікаў вернікаў перажыць ахвяру Эўхарыстыі ў духоўнай лучнасці з Пантыфікам і ўсім Касцёлам.

«У сваю чаргу я давяраю Багародзіцы кожнага з вас, просячы Яе, каб яшчэ раз шапнула на вуха кожнаму: “Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога”», — заключыў Пантыфік.

У сваёй гаміліі арцыбіскуп Габар Пінтэр заахвоціў вернікаў «прасякнуцца любоўю Айца, каб яшчэ раз адчуць моц яднання ў Хрыстовым Касцёле»:

«Мы прыйшлі ў Будслаў, каб “нашыя душы грэліся”, — зазначыў нунцый. — Тут мы сустракаем асаблівую прысутнасць міласэрнага Бога. Тут мы адчуваем сябе як дома, дзе Нябесная Маці заўсёды цярпліва і аддана чакае нашага вяртання дадому».

Марыя — не тая жанчына, якая падала духам

Заахвочваючы вернікаў даверыцца Марыі, Апостальскі нунцый дадаў, што варта глядзець на Божую Маці «як на Маці і дабравесніцу хрысціянскай надзеі».

«Марыя не тая жанчына, якая падае духам сярод трывог жыцця, асабліва калі здаецца, што ўсё не так. Яна — верная Божаму плану, верная свайму прамоўленаму слову “так”. Яе прыклад паказвае, што наш Збаўца звяртаецца да кожнага чалавека», — адзначыў нунцый.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр нагадаў, што ў кожным святым месцы свету, куды прыходзяць пілігрымы, яны трапляюць пад плашч Божай Маці і просяць яе: «Пакажы нам Езуса!» «Сапраўды, у святынях Марыі мы асаблівым чынам услаўляем Сына, а Маці амаль цалкам “хаваецца” ў таямніцы Бога», — дадаў іерарх.

Як падкрэсліў Апостальскі нунцый, у момант прамаўлення свайго Fiat «Марыя паўстае як адна са шматлікіх маці, якія жывуць на свеце і гатовыя на ўсё, прыняўшы ў сваё ўлонне жыццё новага чалавека».

 

«Бязмежны давер — адметная ўласцівасць Марыі. Яна — не тая жанчына, што падае духам сярод трывог жыцця... Яна нават не тая жанчына, якая энергічна пратэстуе, паўстае супраць цяжкасцяў, прынесеных жыццём. Наадварот, Марыя — жанчына веры,  якая ўспрымае лёс такім, якім ён дадзены», — нагадаў арцыбіскуп Габар Пінтэр.

«Марыя трывае каля свайго Сына да апошняй хвіліны Яго жыцця. Цяжка ўявіць, што ў гэты момант перажывала сэрца маці. У Евангеллях мала гаворыцца пра гэта. Толькі простым дзеясловам апісваецца прысутнасць маці: Яна там “была” (Ян 19, 25). Евангелісты нічога не пішуць пра Яе боль», — адзначыў іерарх, падкрэсліўшы, што праз свой прыклад Марыя вучыць чалавека правільнаму светаўспрыманню.

Каб ісці ўслед за Хрыстом, як сцвердзіў нунцый, патрэбна многа любові. «На маю думку, Багародзіца, як клапатлівая родная маці, перадала б менавіта гэтае пасланне, як духоўную дарожную карту, паклаўшы яе нам у заплечнікі», — адзначыў арцыбіскуп Габар.

На завяршэнне гаміліі іерарх дадаў: «Шчыра жадаю, каб мы ўсе навучыліся любіць Бога і абвяшчаць Божую любоў іншым так, як гэта рабілі Марыя, Францішак, Ян Боско — не словамі, а ле ўчынкамі, штодзённым уласным жыццём! Маці Будслаўская, апякуйся намі».

Валянціна Грамыка, Ілья Лапато
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.