«Пілігрымаванне вучыць нас слухаць сябе, людзей і Бога»: у Будславе прайшла Імша для пілігрымаў |
Беларусь |
30.06.2017 20:56 |
Жыць духам Евангелля і дзякаваць Марыі за пройдзены шлях заахвоціў пілігрымаў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Адмысловая Імша для пілігрымаў у 18.00 прайшла ў санктуарыі 30 чэрвеня. У ёй прынялі ўдзел шматлікія пешыя пілігрымы, а таксама кіраўнікі пілігрымак і біскупы. Імшу ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. Напачатку св. Імшы да пілігрымаў звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыбіскуп падзякаваў усім пілігрымам за іх прысутнасць і дадаў, што найкарацейшы шлях да Езуса — праз Марыю. «Мы прыходзім да Маці Божай Будслаўскай, але што нас сюды цягне? Што прыводзіць нас? — спытаў біскуп пілігрымаў. — Пілігрымаванне вучыць нас слухаць іншага чалавека, слухаць Марыю і слухаць Бога». Іерарх нагадаў словы папы Францішка падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве, які заахвочваў «устаць з канапы і дзейнічаць». «Калі ведаю, што Бог са мной, куды прасцей становіцца прыслухвацца да сябе і бліжняга. Калі мы гэтаму навучымся, свет пераменіцца і стане іншым», — дадаў біскуп Віцебскі.
Напрыканцы Імшы былі пералічаныя пешыя пілігрымкі, якія прыйшлі ў санктуарый і іх колькасць. Сёлетнія святкаванні ў Будславе прысвечаныя 100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў і праходзяць пад дэвізам «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання». |
Фотарэпартаж |