Прадстаўлена праграма візіту Папы ў Бразілію |
Святы Айцец
|
07.05.2013 19:58 |
Праграма візіту Святога Айца ў Бразілію на Сусветны дзень моладзі была прадстаўлена 7 мая ў Апостальскай Сталіцы. У праграме прадугледжаны сустрэчы Папы з касцёльнымі і дзяржаўнымі ўладамі, з моладдзю, удзел у споведзі, наведванне хворых і зняволеных.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, папа Францішак прыбудзе ў Рыа-дэ-Жанэйра вечарам 22 ліпеня і сустрэнецца з Прэзідэнтам краіны. 24 ліпеня Пантыфік узначаліць святую Імшу ў марыйным санктуарыі ў Апарэсіда і паабедае з мясцовымі біскупамі і семінарыстамі. Вечарам Папа наведае бальніцу св. Францішка Асізскага ў Рыа-дэ-Жанэйра.
25 ліпеня Пантыфік прыме ўдзел у цырымоніі благаслаўлення алімпійскіх сцягоў і атрымае сімвалічныя ключы ад горада. Пасля гэтага ён наведае адзін з самых бедных раёнаў Рыа — трушчобы «Вархінія», дзе сустрэнецца з мясцовымі жыхарамі. Вечарам запланавы ўдзел Святога Айца ў моладзевым свяце на пляжы «Кокакабана».
Раніцай 26 ліпеня Папа паспавядае ўдзельнікаў Сусветнага дня моладзі і сустрэнецца з групай маладых зняволеных. Таксама Пантыфік памоліцца «Анёл Панскі» разам з вернікамі і павячэрае з моладдзю. Закончыцца дзень тэатралізаваным Крыжовым шляхам на пляжы Кокакабана.
27 ліпеня ў праграме Папы Эўхарыстыя з біскупамі, святарамі, законнікамі і законніцамі, якія прыбылі на Сусветны дзень моладзі, і сустрэча з палітычным кіраўніцтвам Бразіліі. На вечар запланавана чуванне з моладзю на полі «Campus Fidei» ў прыгарадзе Рыа-дэ-Жанэйра.
Кульмінацыяй падарожжа Папы стане святая Імша раніцай 28 ліпеня. Пасля Святы Айцец узначаліць малітву «Анёл Панскі», сустрэнецца з каардынацыйным камітэтам епіскапату краін Лацінскай Амерыкі і валанцёрамі, якія дапамагалі ў арганізацыі форуму. Каля 19.00 Пантыфік пакіне Бразілію і накіруецца ў Рым. (AG)
|