Уладзімір Татарнікаў: «Лютэранская Царква заўсёды адкрыта да дыялогу з прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій» | | Друк | |
Экуменізм |
22.01.2015 13:17 |
Паводле слоў пастара, «стасункі, якія пераходзяць канфесійныя межы, не маюць за мэту прадставіць сябе як нешта лепшае, але павінны дапамагчы нам асэнсаваць, што ўсе мы ад аднаго Айца і аб’яднаныя ў Яго Сыне». «Ніхто не павінен прыносіць сваю ідэнтычнасць у ахвяру экуменэ, але павінен прызнаць за іншымі права на існаванне, — адзначыў Уладзімір Татарнікаў. — Таму, хто яскрава ўсведамляе сваю ідэнтычнасць, прасцей прыняць ідэнтычнасць іншага». Пастар таксама звярнуў увагу на сустрэчу Папы Францішка з дэлегацыяй нямецкай Евангельска-лютэранскай Царквы 18 снежня 2014 г. Прыводзячы зварот Святога Айца, пастар падкрэсліў, што «ў афіцыйным дыялогу паміж лютэранамі і католікамі, які доўжыцца ўжо амаль 50 гадоў, дасягнуты значны прагрэс, які сведчыць пра сяброўства».
Уладзімір Татарнікаў таксама адзначыў, што адным з яркіх прыкладаў служэння бліжняму з’яўляецца ўзаемадзеянне ў сацыяльнай сферы. «Адзін з такіх прыкладаў — супрацоўніцтва каталіцкага «Карытас», праваслаўнага сацыяльнага аддзела і лютэранскага дыяканскага цэнтра, — сказаў пастар. — Бачачы прымірэнне паміж хрысціянамі, людзі хутчэй знаходзяць шлях да прымірэння адзін з адным і з Богам». З 18 па 25 студзеня ва ўсім свеце праходзіць Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. 24 студзеня ў мінскай архікатэдры з гэтай нагоды адбудзецца экуменічная малітва з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. У той жа дзень падобная малітва будзе арганізавана і ў Гродне. (ILS) |