Архімандрыт Сяргей Гаек узначаліў паніхіду па памерлым Міхасю Чарняўскім | Друк |
Грэка-Каталіцкая Царква
23.01.2013 10:57
Раніцай 22 студзеня ў Доме смутку ў Мінску адбылося адпяванне Міхася Чарняўскага, верніка грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа, выбітнага беларускага гісторыка і археолага, пісьменніка, грамадскага дзеяча. Адпяванне ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

«Словы евангельскіх благаславенстваў (Мц 5, 3–12), якія Царква спявае на развітальным набажэнстве: „Шчаслівыя ціхія…, шчаслівыя чыстыя сэрцам…, шчаслівыя міратворцы…, шчаслівыя тыя, каго пераследуюць за праўду, бо іх ёсць Валадарства нябеснае“, адносім сёння да нашага спачылага брата Міхася, — прыводзіць словы архімандрыта сайт парафіі Св. Язэпа. — Яго цела будзе сёння пакладзена ў беларускую зямлю, якую ён шчыра любіў ды якую, як археолаг, раскопваў, каб пазнаць багацце яе гісторыі. Беларускую зямлю і беларускую гісторыю святой памяці Міхась любіў і любіць яе навучаў іншых. І за гэта мы яму вельмі ўдзячныя».

Напрыканцы малітвы Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі заклікаў маліцца, каб «мы глыбока прынялі і асэнсавалі каштоўную духоўную спадчыну, якую давярае нам святой памяці Міхась: прыклад яго шляхетнага жыцця, прыклад яго руплівай працы, прыклад мужнай любові да Бацькаўшчыны, да яе мовы і гісторыі».

Пахаванне Міхася Чарняўскага на радзіме, у вёсцы Круці Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, узначаліў протапрэзбітэр Яўген Усошын.

(SZh)
 
© 2003-2024 Catholic.by