Грэка-католікі Беларусі адзначаюць 1150-годдзе cлавянскай місіі святых Кірыла і Мятода | Друк |
Грэка-Каталіцкая Царква
14.02.2013 10:43

14 лютага ў візантыйскім царкоўным календары ўзгадваецца спачын роўнаапостальнага Кірыла, настаўніка славянаў. У рыма-каталіцкім календары ў гэты дзень адзначаецца свята Кірыла, мніха, і Мятода, біскупа, апекуноў Еўропы.

У гэтым годзе 14 лютага ў Грэка-каталіцкай Царкве ў Беларусі распачынаецца святкаванне 1150-годдзя славянскай місіі святых Кірыла і Мятода. З гэтай нагоды ў капліцы Душпастырскага цэнтра святога Язэпа ў Мінску Боскую літургію ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у саслужэнні душпастыраў грэка-каталіцкіх парафій Мінска.

«У духоўнай сулучнасці з хрысціянамі, якія сёння ў Рыме, ля магілы святога Кірыла, і ў Салоніках у Грэцыі ўзгадваюць святых братоў Кірыла і Мятода, дзякуем Богу за іх місійны подзвіг сярод славянаў. Прыклад іх душпастырскай руплівасці і мужнасці актуальны і сёння і заахвочвае нас абвяшчаць Божае слова на роднай мове нашым суграмадзянам і падтрымліваць развіццё беларускай хрысціянскай культуры», — адзначыў архімандрыт Сяргей Гаек.

Напрыканцы літургіі адміністратар парафіі Праведнага Язэпа нагадаў, што пачатак юбілею святых Кірыла і Мятода супадае з 20-годдзем прызначэння архімандыта Сяргея Гаека Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі (15 лютага 1993 г.), і пажадаў архімандрыту апекі святых Кірыла і Мятода ў яго пастырскім служэнні.

А. Яўген Усошын

 
© 2003-2022 Catholic.by