Віншавальны ліст старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі з нагоды 25-годдзя аднаўлення адкрытага душпастырства і літургічнага жыцця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі | Друк |
Грэка-Каталіцкая Царква
11.03.2015 10:11

Архімандрыту Сяргею Гаеку
Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі


Дастойны архімандрыт Сяргей!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прагну выказаць Вам, шаноўным святарам і вернікам Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі братэрскае прывітанне і шчырыя віншаванні з нагоды 25-годдзя аднаўлення адкрытага душпастырства і літургічнага жыцця.

Дата 11 сакавіка з'яўляецца вельмі важнай для Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Мы вельмі ўдзячныя а. Аляксандру Надсану, Апостальскаму візітатару для беларусаў замежжа, які 25 гадоў таму цэлебраваў беларускамоўную службу ў Мінску. Гэты гістарычны момант даў пачатак адраджэнню Беларускай Уніяцкай Царквы ў нашай краіне.

Сардэчна i шчыра дзякую Вам за нястомную працу i вялiкi ўклад y адраджэннe Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, за Вашую адданую і шчырую паслугу.

Да словаў падзякі ўсім, хто прычыняецца да развіцця Божай справы ў нашай краіне, хочацца дадаць пажаданні, каб Вашыя душпастырскія высілкi, высілкі духавенства і вашых вернікаў прыносілі шчодры плён і служылі паглыбленню супрацоўніцтва паміж католікамі ўсходняй і заходняй традыцый.

У духу малітвы i еднасці ў Хрысце

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 8 сакавіка 2015 года


 
© 2003-2024 Catholic.by