Папу Францішку падараваны дыск «Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага» на беларускай мове |
| Друк | |
Грэка-Каталіцкая Царква
|
22.05.2016 12:24 |
18 мая напрыканцы агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек падарыў Святому Айцу Францішку дыск «Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага» на беларускай мове.
«Гэта дар вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, асабліва моладзі, якія на роднай мове моляцца за Папу, за Каталіцкую Царкву і за сваю Бацькаўшчыну Беларусь, асабліва ў гэтыя дні», – сказаў архімандрыт Святому Айцу. Папа Францішак перадаў сваё благаслаўленне беларускім грэка-католікам. 

На дыску традыцыйныя напевы і творы кампазітара Міколы Равенскага, запісаныя паводле «Царкоўнага спеўніка» і «Спеваў Боскай Літургіі» пад рэдакцыяй Гая дэ Пікарда (1931-2007) — англійска-французскага музыказнаўцы, даследчыка беларускай культуры, абыходны напеў — паводле «Палескага зборніка».
Спевы на дыску запісаў малы моладзёвы хор у складзе: Наста Казаровец (альт), Андрэй Гайдукевіч і Сяргей Раюнец (тэнары), Арцём Сітнікаў (бас, чытальнік); святарскія часткі ў выкананні а. Яўгена Усошына.
Праца над запісам дыска пачалася яшчэ пры жыцці а. Аляксандра Надсана. Пасля ягонай смерці працу над запісам падтрымаў а. Сяргей Стасевіч і ягоныя супрацоўнікі з беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Лондане. Над падрыхтоўкай рэпертуару, рэдагаваннем і нотавым запісам працаваў Сяргей Раюнец, запіс і выданне здзейсніла студыя Зміцера Папко (вядомага як Vinsent).
Паводле svjazep.org
Фота svjazep.org
|