У Гродне прайшло святкаванне 25-годдзя духоўнай семінарыі (+фотарэпартаж) | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.02.2015 17:34

16 лютага ў Гродне адбыліся святкаванні 25-годдзя Вышэйшай духоўнай семінарыі. У святкаваннях прынялі ўдзел духавенства Гродзенскай дыяцэзіі, навучэнцы і выкладчыкі семінарыі. У межах урачыстасцяў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з дакладам.


«Гэтае сэрца б’ецца ўжо 25 гадоў»

«Дзякую Богу за тое, што Ён мне дазволіў заснаваць гэтую семінарыю ў тыя часы, калі гэта здавалася абсалютна немагчымым аж да такой ступені, што многія лічылі саму ідэю ўтапічнай, — адзначыў арцыпастыр у дакладзе. —  Ужо 25 гадоў гэта сэрца б’ецца і пампуе новую, напоўненую духоўным кіслародам і Божай ласкай, кроў у жывы арганізм Касцёла ў Беларусі.

Гэтай крывёй з’яўляюцца святары. Без іх Касцёл не можа дзейнічаць, не можа ў поўні быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, бо не будзе тых, якія пакліканы  выконваць місію абвяшчэння Божага слова, цэлебрацыі сакрамэнтаў – гэтых бачных знакаў нябачнай Божай ласкі – і кіравання Божым Народам, служачы яму ў любові».



 

Іерарх распавёў пра доўгую і няпростую гісторыю заснавання семінарыі. «Яшчэ да біскупскай кансэкрацыі я разважаў над праблемамі Касцёла ў Беларусі і ў тым ліку думаў, як буду вырашаць справу падрыхтоўкі новых святароў. Да гэтага часу большасць з мясцовых беларускіх святароў атрымлівала фармацыю ў Рыжскай духоўнай семінарыі, некаторыя – у Каўнаскай. Мне, аднак, не давала спакою думка заснаваць сваю», — узгадаў Мітрапаліт.

Арцыпастыр падзякаваў усім, хто садзейнічаў заснаванню гэтай навучальнай установы, святарам, парафіям і проста людзям, якія фінансава і прадуктамі дапамагалі, каб семінарыя магла дзейнічаць. «Энтузіязму таго часу нельга забыцца», — заўважыў іерарх.

«Дзверы семінарыі адчыненыя для ўсіх, хто пачуў голас Пана»

«Аднак нельга засяроджвацца толькі на мінулым і дасягнутым. Неабходна глядзець наперад.

Заданнем семінарыі ёсць падрыхтоўка мясцовых беларускіх святароў. Ад гэтага будзе залежаць будучыня Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне, яго ўкараненне ў культурнай, сацыяльнай і духоўнай глебе нашага народа, каб ён быў жывым штандарам Хрыста.

Для семінарыстаў яна павінна быць домам, сям’ёй і месцам, дзе развіваецца такі каштоўны дар, якім з’яўляецца дар паклікання. У выхаванцаў павінна развівацца пачуццё прывабнасці і прыгажосці хрысціянскага ідэалу, перадусім праз разважанне над вобразам Хрыста, – як да гэтага заклікае св. Ян Павел II, а таксама ўсведамлення паклікання, як служэння па прыкладу Першасвятара Езуса Хрыста.

У навучальным і выхаваўчым працэсе неабходна больш увагі прысвячаць умовам працы і сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. Ён адраджаецца, але адраджаецца пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў і намаганняў вырваць веру з душаў людзей», — адзначыў Мітрапаліт.



 

Арцыбіскуп пажадаў гродзенскай семінарыі, каб яна «давала семінарыстам адпаведную патрабаванням нашага часу не толькі чалавечую, інтэлектуальную і пастырскую, але і духоўную фармацыю» і каб «семінарысты і выпускнікі семінарыі імкнуліся да сапраўднай, укаранёнай у малітве, Эўхарыстыі і сакрамэнце пакаяння святасці», а «лучнасць з Хрыстом садзейнічала дынамізму руплівага гарэння ў іх пастырскай дзейнасці і надавала гэтаму служэнню правільны напрамак і эфектыўнасць».

«Асабліва жадаю выпускнікам семінарыі і семінарыстам, каб маладыя юнакі, гледзячы на вас, адкрывалі пакліканне да святарства, — дадаў Мітрапаліт. — Заклік Езуса “Ідзі за Мною” (Мц 9, 9) гучыць і сёння на нашай зямлі. Дзверы семінарыі адчыненыя для ўсіх, хто пачуў голас клічучага Пана і адказаў Яму: “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8)».

Поўны тэкст даклада>>>

Таксама ў межах урачыстасцяў адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а затым святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Імшу канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары дыяцэзіі.

У гаміліі Мітрапаліт звярнуў увагу на духоўную фармацыю, якая з’яўляецца вельмі важнай як для семінарыстаў, так і для святароў:

«Папа Ян Павел ІІ таксама на першае месца ставіў фармацыю. Людзі бачаць у святары таго чалавека, з якім можна паразмаўляць, да якога можна заўсёды прыйсці, які ўзяты Богам з народа і для народа пастаўлены. Папа Францішак неаднаразова паўтараў і паўтарае, што святары павінны мець пах сваёй паствы, г.зн. ведаць чым жывуць вернікі, ведаць пра іхнія праблемы, а не хавацца за сцяною сваёй “вышэйшасці” ці “выключнасці”».



 

Важнасць фармацыі

У якасці прыкладу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў святара, які аддана служыў у Віцебскай дыяцэзіі — кс. Юзафа Бульку, які «і працаваў сам фізічна, шмат часу аддаваў на споведзь, шмат маліўся на ружанцы і ўвесь час прымаў людзей».

Іерарх адзначыў, што «сёння часта то адзін біскуп, то другі не можа знайсці святара, які б змог яго замяніць». Арцыбіскуп дадаў, што «вельмі важна ў нашым служэнні мець Бога ў сабе», бо толькі ў такім выпадку магчыма будзе даць Яго іншым людзям.

«Мы павінны ўвесь час пытацца ў самога сябе: ці памятаю я пра сваю фармацыю, як я цэлебрую святую Імшу, ці іду я да людзей?» — нагадаў іерарх, заклікаючы прысутных святароў і семінарыстаў «памятаць пра тое, што трэба быць дарам для Касцёла і для людзей».

Рэктар семінарыі кс. Раман Рачко, звяртаючыся да Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, напрыканцы святой Імшы адзначыў:

«Мы шмат можам гаварыць пра Вашыя дасягненні ў службе для Касцёла, пра шматлікія поспехі, радасці, якія перажылі ў сваім душпастырскім жыцці. Аднак адно з вельмі важных Вашых рашэнняў было скіравана да нараджэння духоўнай семінарыі ў Гродне. Менавіта таму імя “Тадэвуш Кандрусевіч” запісана залатымі літарамі ў гісторыі гродзенскай духоўнай Alma Mater».

(AG), (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by