16 лютага 2015 г., Гродна
Deo gratias
Вашыя Эксцэленцыі, Магніфіцэнцыя рэктар, выкладчыкі, браты ў святарстве, семінарысты!
1. Ад усяго сэрца шчыра ўсіх вас вітаю і дзякую за запрашэнне прыняць удзел у святкаванні сярэбранага юбілею заснавання гродзенскай Alma Mater, як сэрца мясцовага Касцёла. Дзякую Богу за тое, што Ён мне дазволіў яе заснаваць у тыя часы, калі гэта здавалася абсалютна немагчымым аж да такой ступені, што многія лічылі саму ідэю ўтапічнай.
Ужо 25 гадоў гэта сэрца б’ецца і пампуе новую, напоўненую духоўным кіслародам і Божай ласкай, кроў у жывы арганізм Касцёла ў Беларусі. Гэтай крывёй з’яўляюцца святары. Без іх Касцёл не можа дзейнічаць, не можа ў поўні быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, бо не будзе тых, якія пакліканы выконваць місію абвяшчэння Божага слова, цэлебрацыі сакрамэнтаў – гэтых бачных знакаў нябачнай Божай ласкі – і кіравання Божым Народам, служачы яму ў любові.
2. Касцёл у Беларусі, як і ва ўсім былым Савецкім Саюзе, пераследаваўся доўгія пакаленні. У адных рэгіёнах пераслед трываў тры пакаленні, у іншых два. Гэта быў час жорсткіх ганенняў з мэтай вырваць з коранем веру з душаў людзей і знішчыць яе, а зямлю з тысячагадовай хрысціянскай традыцыяй учыніць духоўнай пустыняй. Гэта быў час духоўнага Чарнобылю.
Аднак прыйшоў прадказаны Марыяй у Фаціме час навяртання, дзякуючы чаму мы атрымалі, хаця ў пэўным сэнсе і абмежаваную, аднак свабоду веравызнання. Адчыняліся канфіскаваныя падчас атэістычнага рэжыму касцёлы, паўставалі новыя парафіі, адраджалася кансэкраванае жыццё, трэба было думаць аб душпастырстве моладзі, катэхізацыі, фармацыі свецкіх, арганізацыі дабрачыннасці, каталіцкіх медыя і г.д.
З дапамогай прыехалі святары з замежжа, перадусім з Польшчы, за што мы ім вельмі ўдзячныя. Гэта быў глыток свежага духоўнага паветра, які быў так неабходны ў той час для Касцёла ў Беларусі. Гэта было як быццам пераліванне (трансфузія) крыві, каб выратаваць хворы, змучаны атэістычным рэжымам арганізм Касцёла. Аднак, як мы добра ведаем, трансфузія крыві патрэбна для таго, каб вылечыць чалавека. Для яго нармальнага жыцця і функцыянавання неабходна яго ўласная кроў.
3. Усё гэта нагадвала аб неабходнасці як мага хутчэйшага заснавання духоўнай семінарыі. У часы перабудовы справу неабходнасці падрыхтоўкі святароў пачалі ўздымаць і свецкія ўлады яшчэ да прызначэння біскупа.
Тады я служыў пробашчам францішканскага касцёла Маці Божай Анёльскай і фарнага касцёла св. Францішка Ксаверыя ў Гродна. Добра памятаю, як у Вялікую суботу 1989 г. у францішканскім касцёле з’явіўся нейкі незнаёмы чалавек. Па яго паводзінах было бачна, што ён чужы ў касцёле. Я спавядаў, хрысціў (тады ў Вялікую суботу таксама здараліся хросты), прымаў вернікаў. Ён прыйшоў у сакрыстыю, прадставіўся намеснікам Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў пры Радзе Міністраў БССР і сказаў, што хацеў бы паразмаўляць са мной. Я яму адказаў, што трэба пачакаць, бо я адзін і не магу разарвацца, тым больш што Вялікая субота і працы шмат.
Ён выглядаў не вельмі задаволеным такім маім адказам, але сядзеў на лаўцы і чакаў. Я скончыў спавядаць, і ён прыйшоў у сакрыстыю, кажучы, што я вельмі заняты і ў мяне сапраўды шмат працы. На што я яму адказаў, што так ёсць, бо няма святароў.
“Менавіта аб гэтай справе я хачу паразмаўляць”, – адказаў госць і прапанаваў мне па скарочанай праграме рыхтаваць святароў: “Вы абаранілі доктарскую дысертацыю і маглі б узяцца за падрыхтоўку новых святароў”. Я яму адказаў, што для аднаго чалавека гэта немагчыма і акрамя гэтага патрэбны біскуп, які ўдзеліць прэзбітэрскія пасведчанні, а біскупа ў Беларусі няма.
Я таксама дадаў, што ўлада не павінна ставіць абмежаванняў кандыдатам у семінарыю. Вядома, што ў тыя часы для кандыдатаў у святарскі стан трэба было мець дазвол свецкай улады і існаваў так званы Numerus clausulus, гэта азначае, што свецкая ўлада вырашала, колькі семінарыстаў можна прыняць у семінарыю.
Зважаючы на ўсё гэта, я не прыняў яго прапановы. Ён быў вельмі незадаволены і сказаў: “Быў у ксяндза Казіміра Свёнтка з такой самай прапановай, і ён адмовіў. Прыехаў да вас, і вы не прынялі прапановы”.
Я ж са свайго боку радаваўся, бо гэта быў знак таго, што надыходзяць новыя часы. І яны сапраўды надышлі. 25 ліпеня 1989 г. Папа Ян Павел II прызначыў мяне Мінскім біскупам і Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Хачу заўважыць, што Папа прызначыў мяне біскупам Мінскім. Гэтым самым Пантыфік хацеў падкрэсліць, што Мінская дыяцэзія фармальна існавала, хаця доўгія дзесяцігоддзі заставалася без біскупа.
4. Яшчэ да біскупскай кансэкрацыі я разважаў над праблемамі Касцёла ў Беларусі і ў тым ліку думаў, як буду вырашаць справу падрыхтоўкі новых святароў. Да гэтага часу большасць з мясцовых беларускіх святароў атрымлівала фармацыю ў Рыжскай духоўнай семінарыі, некаторыя – у Каўнаскай. Мне, аднак, не давала спакою думка заснаваць сваю.
Пасля біскупскага пасвячэння, якое мела месца 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане і ў якім прымаў удзел сённяшні Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, я вяртаўся дадому разам з прадстаўніком Ватыкана арцыбіскупам Франчэско Каласуонна на інгрэс, які адбыўся 28 кастрычніка 1989 г. у гродзенскім фарным касцёле.
Нечакана ў самалёце ён мяне спытаўся, ці не думаю я аб адкрыцці семінарыі. Гэтага я толькі і чакаў. Гэта была падтрымка для мяне, каб распачаць працэс заснавання семінарыі. Натуральна, што я яму адказаў, што задумваюся над гэтым пытаннем і хацеў бы, каб у Беларусі была свая семінарыя. Арцыбіскуп Франчэско Каласуонна ўзрадаваўся і сказаў, што будучыя святары павінны атрымліваць фармацыю ў сваёй краіне. Гэтага патрабуе таксама і Кананічнае Права.
5. Як кажуць: “Сказана – зроблена”. Маючы такую маральную падтрымку, параіўшыся са старэйшымі святарамі, я пачаў дзейнічаць. Ксёндз прэлат Міхал Арановіч, гродзенскі патрыярх, мне сказаў, што яшчэ перад Другой сусветнай вайной быў план утварэння Гродзенскай дыяцэзіі і заснавання духоўнай семінарыі ў пабернардынскім кляштары. Гэтая звестка была вельмі важнай, бо я адчуваў на сабе адказнасць здзейсніць тое, чаму перашкодзіла вайна. Хаця на 50 гадоў пазней, але ажыццявіць той план.
Распачаліся размовы з уладамі ў Гродне і Мінску. Акрамя пабернардынскага кляштара, мной разглядаўся таксама і варыянт размяшчэння семінарыі і курыі ў пабрыгідскім кляштары. Але ўлады сказалі, што не хочуць нават і слухаць аб гэтым, бо гэта будзе гродзенскі Ватыкан, таксама як яны не хацелі чуць і пра пабернардынскі.
Адказ уладаў быў станоўчы: “Семінарыя ёсць у Рызе і няхай туды едуць беларускія семінарысты”. Аднак у Рызе ў той час казалі: у вас ёсць свой біскуп і ён павінен паклапаціцца аб фармацыі будучых святароў. Гэта было адным з аргументаў, аднак улады былі няўступлівымі.
Тады я ўжыў аргумент змены сацыяльна-палітычнай сітуацыі, якая проста дыктавала неабходнасць мець сваю семінарыю. У рэшце рэшт улады далі згоду на заснаванне духоўнай семінарыі ў Гродне пад умовай, што рэктар, эканом, прэфект па выхаванні і духоўны айцец будуць з мясцовых святароў. Улады таксама паабяцалі да 1 верасня 1990 г. вызваліць частку будынка пабернардынскага кляштара, дзе знаходзілася медсудэкспертыза.
6. Гэта была вялікая перамога, але ў той жа час гэта быў пачатак цэлай літаніі праблем. Хто будзе рэктарам? Хто духоўным айцом, прэфектам, эканомам? Хто будзе выкладаць? Як у такіх абставінах арганізаваць дзейнасць гэтай духоўнай навучальнай установы? Адкуль узяць матэрыяльнае забяспячэнне? І многае іншае.
Але я маліўся і даверыў усю справу Божаму Провіду. Паехаў да ксяндза прэлата Станіслава Кучынскага і прапанаваў яму пасаду рэктара. Ён вельмі здзівіўся і сказаў, што хворы (яму тады аднялі нагу), аднак калі Касцёлу ён патрэбны ў такой якасці і калі біскуп аб гэтым просіць, то няма пытанняў, едзе. Потым па дарозе ў Брэст я заехаў да ксяндза Міхала Варанецкага ў Ружанах. Ён быў вельмі моцна здзіўлены: што сталася і чаму так нечакана да яго заехаў біскуп? Я яму прапанаваў пасаду духоўнага айца. На што гэты святаблівы святар адказаў, што старога дрэва не перасаджваюць, але калі біскуп так кажа, то ён павінен прыняць прапанову. Я быў вельмі рады, Рады таму, што знайшоў рэктара і духоўнага айца, але рады і таму, што святары з такім вялікім жыццёвым і пастырскім досведам не ставілі пытанняў біскупу: чаму я, а можа, хтосьці іншы? Як пры прэзбітэрскім пасвячэнні яны паабяцалі паслухмянасць біскупу, такімі і засталіся.
Ксяндза Вінцэнта Лісоўскага я ведаў даўно. У свой час мне нават прыйшлося рэдагаваць адпаведны дакумант аб яго прэзбітэрскім пасвячэнні, які падпісаў Яго Эмінэнцыя літоўскі кардынал Вінцэнтый Сладкявічус, каб ён мог атрымаць дазвол уладаў працаваць афіцыйна. Такія тады былі часы. Я прапанаваў яму пасаду эканома, і ён згадзіўся.
І нарэшце, я звярнуўся да ксяндза Люцыяна Радомскага, з якім вучыўся ў Каўнаскай духоўнай семінарыі, і прапанаваў яму быць прэфектам семінарыі. Ён таксама выказаў сваю згоду.
Такім чынам, было падабрана кіраўніцтва семінарыі, але трэба было знайсці ім замену і патрэбны былі выкладчыкі. З дапамогай мясцовых ксяндзоў і святароў з-за мяжы ўдалося вырашыць гэту праблему, у чым бачу дзеянне Божага Провіду.
7. Усе мы вельмі радаваліся. Аднак, як высветлілася, радавацца яшчэ было рана. Судмедэкспертыза, якая займала будынак, нават і не думала яго вызваляць. Распачаліся новыя перамовы з уладамі Гродна, якія не прынеслі пазітыўнага выніку.
15 жніўня 1990 г. я цэлебраваў святую Імшу на падворку Чырвонага касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску. Пасля Імшы я пайшоў у Дом Ураду на дамоўленую перад гэтым сустрэчу з першым намеснікам Старшыні Вярхоўнай Рады Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Станіславам Шушкевічам, якому паведаміў, што новазаснаваная духоўная семінарыя ў Гродне не мае месца, каб распачаць працу, бо судмедэкспертыза не вызваляе будынка. Станіслаў Шушкевіч адразу сказаў, што рашэнне прынята і ён не дазволіць, каб з Беларусі смяяліся. Цягам некалькіх наступных дзён судмедэкспертыза вызваліла некаторыя памяшканні.
Потым 18 жніўня адбыліся ўступныя экзамены ў семінарыю. Добра памятаю той дзень, калі раніцай я прыехаў да пробашча пабернардынскага касцёла ксяндза прэлата Міхала Арановіча. Ён прывітаўся са мной і заплакаў. “Што сталася?” – спытаў я. “Не трэба хвалявацца, гэта слёзы радасці. Раніцай я цэлебраваў святую Імшу і, як заўсёды, бачыў перад сабой вернікаў, якіх добра ведаю. Ведаю, дзе хто знаходзіцца, многіх ведаю па імені і прозвішчу. Але тут нечакана ў касцёл пачалі прыходзіць адзін за адным маладыя людзі. Я адразу зразумеў, што гэта кандыдаты ў семінарыю, і заплакаў ад радасці. Здавалася, што са смерцю апошняга святара Касцёл знікне, але Бог мае свае планы і ў Гродне адкрываецца семінарыя. Гэта мая самая вялікая радасць”, – сказаў ксёндз прэлат Міхал Арановіч.
На першы год былі залічаны 37 семінарысты, з якіх 24 былі з Беларусі, 12 з Украіны і 1 з Грузіі.
8. Так ужо ёсць у жыцці, што вырашэнне адных праблем нараджае іншыя. Але гэта добра, бо нагадвае аб жыцці і яго дынамізме. Трэба было думаць, як арганізаваць фармацыю семінарыстаў, дзе будзе капліца, дзе і за што карміць семінарыстаў і г.д.
І тут трэба выказаць асаблівую падзяку эканому ксяндзу Вінцэнту Лісоўскаму, які дваіўся і траіўся, каб толькі арганізаваць побыт семінарыстаў. Трэба падзякаваць і ксяндзу Андрэю Садоўскаму, які як вікарый пабернардынскай парафіі адразу ўключыўся ў дапамогу і вельмі шмат зрабіў.
Са словамі ўдзячнасці ўспамінаю шанштацкую сястру Францішку Ожэл, якая прывезла з Польшчы патрэбныя для капліцы алтар, стацыі Крыжовага шляху і многія іншыя літургічныя прылады. Словы асаблівай падзякі кірую сёстрам назарэтанкам і асабліва сястры Стэлле за арганізацыю побыту і харчавання семінарыстаў. У імправізаванай сталовай, якая знаходзілася на месцы сучаснай капліцы, яны арганізавалі правізорную сталовую, дзе семінарысты вячэралі. На снеданне і абед жа шэрагам хадзілі ў гарадскую сталовую, што мела таксама і евангелізацыйнае вымярэнне.
Словы падзякі кірую святарам, парафіям і проста людзям, якія фінансава і прадуктамі дапамагалі, каб семінарыя магла дзейнічаць. Энтузіязму таго часу нельга забыцца.
9. Афіцыйнае адкрыццё семінарыі адбылося 1 верасня 1990 г. святой Імшой на падворку і мела вельмі ўрачысты характар. У ім прымаў удзел прадстаўнік Апостальскага Пасаду ў Савецкім Саюзе арцыбіскуп Франчэско Каласуонна, спецыяльны пасланнік Ватыкана на гэтыя ўрачыстасці дапаможны біскуп Шчэцінска-Камянецкай архідыяцэзіі Блажэй Крушыловіч, шмат святароў і кансэкраваныхасобаў з Беларусі і замежжа, улады горада і вялікая колькасць вернікаў. У беларускім Касцёле і ў горадзе Гродна панаваў сапраўды святочны настрой, бо пасля доўгага перыяду ганенняў распачыналася пісацца яго новая гісторыя. Сэрца беларускага Касцёла пачало біцца, каб даць яму новую кроў. І яно ўжо б’ецца 25 гадоў.
10. Вельмі шмат было зроблена за гэты час пад кіраўніцтвам Яго Эксцэленцыі Гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча і намаганнямі кіраўніцтва і выкладчыкаў семінарыі. Семінарыя заняла сваё пачэснае месца ў шэрагу вышэйшых навучальных устаноў горада і Рэспублікі. Яна вядома і за мяжой.
Семінарыя можа ганарыцца выкладчыцка-выхавацельскім і духоўным складам. Развілася яе матэрыяльная база, ёсць вельмі прыгожая капліца, добрая бібліятэка, навучальныя залы, пакоі для пражывання семінарыстаў, адпавядаючая ўсім патрабаванням сталовая і г.д. Выдаецца навуковы часопіс “STUDIA THEOLOGICA GRODNENSIA”. Вядома яна сваім музычным гуртом “Ave” і спартыўнымі дасягненнямі, асабліва ў футболе. За 25 гадоў свайго існавання семінарыя падрыхтавала каля 200 мясцовых святароў, з якіх тры сталі біскупамі, што само па сабе нагадвае аб высокім узроўні святарскай фармацыі ў Гродзенскай семінарыі. Трэба падкрэсліць таксама і місійны напрамак яе дзейнасці, бо яна ў першыя гады свайго існавання рыхтавала святароў не толькі для Беларусі, але і для Украіны і Казахстана.
Гродзенская духоўная семінарыя мае добрыя сувязі з іншымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі горада Гродна і Беларусі, а таксама з грамадскімі структурамі. Гэта вельмі важна ў аспекце як евангелізацыі нашага грамадства, так і абвяшчэння хрысціянскіх каштоўнасцяў у ім.
11. Аднак нельга засяроджвацца толькі на мінулым і дасягнутым. Неабходна глядзець наперад.
Заданнем семінарыі ёсць падрыхтоўка мясцовых беларускіх святароў. Ад гэтага будзе залежаць будучыня Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне, яго ўкараненне ў культурнай, сацыяльнай і духоўнай глебе нашага народа, каб ён быў жывым штандарам Хрыста.
Для семінарыстаў яна павінна быць домам, сям’ёй і месцам, дзе развіваецца такі каштоўны дар, якім з’яўляецца дар паклікання. У выхаванцаў павінна развівацца пачуццё прывабнасці і прыгажосці хрысціянскага ідэалу, перадусім праз разважанне над вобразам Хрыста (пар. NMI 24), – як да гэтага заклікае св. Ян Павел II, а таксама ўсведамлення паклікання, як служэння па прыкладу Першасвятара Езуса Хрыста.
У навучальным і выхаваўчым працэсе неабходна больш увагі прысвячаць умовам працы і сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. Ён адраджаецца, але адраджаецца пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў і намаганняў вырваць веру з душаў людзей. Таму фундамент для гэтага працэсу пасля доўгай ночы духоўнага Чарнобылю нестабільны. Да гэтага далучаюцца праблемы, якія нясе секулярызм, які ўсё больш умацоўваецца, і маральны рэлятывізм, калі не прызнаецца існаванне абсалютнай параўды, а свабода разумеецца не як свабода дзяцей Божых жыць Божай праўдай, але свабода ад Божага закону. Трэба таксама быць падрыхтаваным працаваць у поліканфесійным грамадстве і развіваць адносіны з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой. Неабходна памятаць і аб тым, што семінарыя павінна рыхтаваць святароў для Касцёла, які мае багатую і адначасова трагічную гісторыю са сваімі традыцыямі, шматнацыянальнай культурай і г.д.
Гэта тое поле, на якое пойдзе выпускнік семінарыі, і таму ён павінен быць адпаведным чынам падрыхтаваны, каб мог адказаць на гэтыя вельмі сур’ёзныя і небяспечныя выклікі нашага часу, калі людзі жывуць так, як быццам Бог не існуе.
Так ужо сталася, што святар у Беларусі сустракаецца са спецыфічнымі праблемамі. З-за ўсё яшчэ адчувальнага недахопу святароў адзін ксёндз павінен абслугоўваць некалькі парафій. Існуе дыяметральная розніца ў парафіях – адны вялікія, іншыя малыя. Не ўсюды ёсць касцёлы ці нават капліцы. Святар, заданнем якога ёсць быць духоўным кіраўніком, павінен быць і будаўнічым. А будоўля ў наш час патрабуе шмат высілкаў і дапамогі з боку іншых, што не заўсёды ўдаецца.
У такіх, часамі вельмі далёкіх ад непасрэднай паслугі, да якой пакліканы святар, абставінах існуе вялікая пагроза, каб наша ваколкасцёльная актыўнасць не зацьміла мэты нашага служэння, а менавіта збаўлення душ людзей. У сувязі з гэтым неабходна па-новаму зірнуць на праблему фармацыі да святарства.
12. Узгадваючы сярэбраны юбілей Гродзенскай семінарыі, неабходна дзякаваць Божаму Провіду за гэтыя гады, за тое, што семінарыя прыносіць свае плёны. Трэба спяваць гімн удзячнасці «Те Deum», за тое, што на гэтую выпаленую сонцам атэізму зямлю, прыйшлі новыя святары, якія абвяшчaюць Божае слова, асвячаюць народ, цэлебруючы сакрамэнты, і будуюць касцёльную супольнасць.
Аднак пры гэтым неабходна глядзець наперад са свядомасцю больш адказнай фармацыі святароў у адпаведнасці з вучэннем Касцёла і выклікамі нашага часу. Касцёл вуснамі св. Яна Паўла II у Апостальскай адгартацыі “Pastores dabo vobis” (“Пастыраў даю вам”) вучыць аб чатырох вымярэннях фармацыі да святарства: чалавечым, духоўным, інтэлектуальным і пастырскім (пар. PDV 43-59). Пры гэтым сэрцам усёй святарскай фармацыі з’яўляецца духоўная фармацыя, без якой яна была б пазбаўлена падмурку (пар. PDV 45), бо духоўнае вымярэнне цесна звязана з іншымі вымярэннямі святарскай фармацыі. Другі Ватыканскі Сабор таксама не пакідае ніякіх сумненяў у гэтай матэрыі, навучаючы, што духоўная фармацыя павінна быць цесна спалучана з дактрынальнай і пастырскай і яе, найперш з дапамогай духоўнага кіраўніка, трэба весці так, каб семінарысты вучыліся жыць у глыбокай і няспыннай лучнасці з Айцом праз Яго Сына Езуса Хрыста ў Духу Святым (пар. OT 8).
Укаранёная ў антрапалогіі чалавечая фармацыя адкрываецца перад духоўнай і ў ёй знаходзіць сваё дапаўненне. Таму прыроджанае рэлігійнае імкненне чалавека становіцца зыходным пунктам для працэсу фармацыі духоўнага жыцця, якое разумеецца як еднасць з Богам (пар. PDV 45).
Нагадваючы аб інтэлектуальнай фармацыі, трэба сказаць, што яна цесна звязана з духоўнай і з’яўляецца яе неабходным элементам. Каб інтэлектуальная фармацыя была эфектыўнай з пастырскага пункту гледжання, яна павінна быць інтэгравана ў працэс духоўнага развіцця (пар. PDV 51). Інтэлектуальна-тэалагічная фармацыя і духоўнае жыццё пранікаюць адзін у аднаго і адзін аднаго ўмацоўваюць (пар. PDV 53).
Таму пастырская фармацыя без духоўнай пазбавілася дынамізму і эфектыўнасці.
13. Духоўнае жыццё, як аб’ект фармацыі, – гэта імкненне да святасці (пар. PDV 19), да якой моцай сакрамэнту хросту пакліканы ўсе, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор (пар. LG 40). Калі пакліканне да святасці адносіцца да кожнага чалавека, то яно яшчэ больш адносіцца да святара, які асаблівым чынам да яе пакліканы. Вельмі добра аб гэтым нагадвае праваслаўная традыцыя, якая святара называе святым айцом. Таму працэс святарскай фармацыі павінен быць накіраваны на святасць. Ян Павел II падкрэслівае, што неабходна імкнуцца да ўнутранай еднасці з Хрыстом, быць прывітым да Яго, як да вінаграднай лазы. Адсюль узнікае неабходнасць вучыць семінарыстаў шукаць Хрыста (пар. PDV 46).
Сярод шляхоў пошуку Хрыста на першым месцы знаходзіцца малітва і ўкаранёныя ў чытанні Божага слова разважанні, Эўхарыстыя і споведзь.
Божае слова дазваляе нам спаткацца з Богам, які прамаўляе да чалавека. Яно таксама дазваляе спаткацца з Хрыстом, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6). У святле Божага слова можна лепей адкрыць, зразумець і палюбіць пакліканне, пайсці за ім і выканаць даручаную Божым Провідам місію. Пазнанне Божага слова і малітоўная блізкасць да яго з’яўляюцца неад’емнай умовай выканання прароцкага служэння святара. Першым і галоўным адказам на Божае слова з’яўляецца малітва, якая, у сваю чаргу, ёсць вышэйшай каштоўнасцю і абавязкам духоўнай фармацыі. Гэта фармацыя павінна прывесці да пазнання і сэнсу хрысціянскай малітвы, якая дзеяннем Святога Духа праз Езуса Хрыста вядзе да спаткання з нашым Айцом. Яна таксам з’яўляецца ўключаным у сыноўнюю размову Езуса са сваім Айцом дыялогам (пар. PDV 47).
Усё гэта мае вялікае значэнне, бо святар павінен быць настаўнікам малітвы. І калі святар сам сфармаваны ў малітоўнай школе Езуса, тады ён зможа фармаваць іншых у той жа самай школе (пар. PDV 47).
Гэта вельмі важна ў наш час, калі рытм сучаснага жыцця зацягвае нас у рознага роду акцыі, не спадарожнічае малітве і часта становіцца апраўданнем для абмежавання часу на малітву, без якой наша святарскае служэнне не будзе плённым.
Вяршыняй хрысціянскай малітвы ёсць Эўхарыстыя (пар. PDV 48). А святар якраз і з’яўляецца яе служыцелем (пар. РО 13). Дацэньваючы ролю свецкіх у літургіі, неабходна сказаць, што роля святара абсалютна незаменная. Без яго няма Эўхарыстыі. Менавіта гэта з’яўляецца тлумачэннем сутнаснага значэння Эўхарыстыі ў жыцці і служэнні святароў і адпаведна для духоўнай іх фармацыі. Таму ў фармацыі будучых святароў Эўхарыстыя павінна быць самай галоўнай падзеяй дня (пар. PDV 48).
Прырода і значэнне гэтага сакрамэнту нагадваюць аб важнасці яго асэнсавання. Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай і адначасова вяршынай усяго хрысціянскага жыцця, і ўсе іншыя сакрамэнты, як і іншая касцёльная дзейнасць, звязаны з ёй і накіраваны да яе (пар. ККЦ 1324). Таму, калі Эўхарыстыя для святара стане руцінай, то яго пастырскае служэнне можа стаць трагічна пасрэдным.
Акрамя Эўхарыстыі, Касцёл падкрэслівае асаблівае значэнне сакрамэнту пакаяння ў фармацыі да святарства, прыгажосць і радасць якога неабходна нанова адкрыць. Да гэтага заклікае сучасная культура, у якой з’яўляюцца ўсё новыя формы самаапраўдання і якая такім чынам асуджана на страту пачуцця граху. З іншага боку неабходна адкрыць сэнс аскезы і ўнутранай дысцыпліны, духу самаахвярнасці і самаадрачэння, згоды прыняць цярпенні і крыж (пар. PDV 48).
На самой справе мова ідзе аб творчым для духоўнага жыцця сакрамэнце, у якім сустракаюцца дзве супрацьпастаўленыя рэчаіснасці. З аднаго боку здаецца, што евангельскія патрабаванні настолькі вялікія, што іх немагчыма выканаць. З іншага ж — бязмежная Божая міласэрнасць, якая таму, хто каецца, даруе ўсе яго правіны. Паміж гэтымі двума палюсамі схаваны дынамізм духоўнага развіцця. А менавіта, калі з аднаго боку мы бачым радыкалізм евангельскіх патрабаванняў і загадаў Бога, які нас любіць, а з іншага – усведамляем нашу слабасць і нявернасць і імкнёмся ўстаць з грахоўных падзенняў.
Гэты працэс сталага навяртання адбываецца ў сакрамэнце пакаяння, у якім нам неабходна параўнаць наша жыццё з патрабаваннямі Евангелля. Калі не будзе гэтай канфрантацыі, да якой вядзе нас сакрамэнт пакаяння, то гэта будзе знакам прыніжэння евангельскіх патрабаванняў і пацвярджэннем таго, што мы не бачым нашай нявернасці Богу. У выніку гэтага аслабляецца і нават знікае дынамізм нашага навяртання, і святарская фармацыя асуджана на выхаванне духоўнай пасрэднасці. А заспакоіць сябе пасрэднасцю азначае не згадзіцца з Божай любоўю і стаць на шлях разбурэння Касцёла (пар. Адкр 3, 15-16).
Сакрамэнт пакаяння мае таксама вельмі важнае пастырскае вымярэнне, бо, як любіў казаць Папа Пій V, калі мы будзем мець добра падрыхтаваных спаведнікоў, настане поўнае адраджэнне хрысціянства.
Таму час, праведзены ў Alma Mater, павінен быць часам унутранай цішыні, пастаяннай малітвы, руплівай вучобы і разважлівага ўключэння ў пастырскую дзейнасць, – як навучае Папа Бенэдыкт XVI (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2011/documents/hf_ben-xvi_hom_20110820_seminaristi-madrid_pl.html), каб падрыхтаваць такіх святароў, якія будуць сапраўднымі спецыялістамі па спатканні чалавека з Богам (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2006/may/documents/hf_ben-xvi_spe_20060525_poland-clergy_it.html).
Святы Айцец Францішак параўноўвае пакліканне да святарства да нешліфаванага дыяманту, які дзякуючы цярплівай працы павінен заяснець сярод Божага Народу. Фармацыя да святарства не можа завяршыцца семінарыяй, але павінна працягвацца ўвесь час (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/speeches/2014/october/documents/papa-francesco_20141003_plenaria-congregazione-clero.html).
14. У свеце вышэй сказанага жадаю Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне:
- каб давала семінарыстам адпаведную патрабаванням нашага часу не толькі чалавечую, інтэлектуальную і пастырскую, але і духоўную фармацыю, каб яе выпускнікі сапраўды былі духоўнымі і святымі айцамі; - каб духоўная фармацыя семінарыстаў стала арганічным дапаўненнем усіх іншых аспектаў святарскай фармацыі і каб яна дапаўняла і ўзбагачала чалавечую іх сталасць; - каб акрамя сур’ёзнай адукацыі яны з кантэмпляцыі Хрыста чэрпалі мудрасць, якая вядзе да збаўлення і якой неабходна ўзбагачаць іншых; - каб семінарысты і выпускнікі семінарыі імкнуліся да сапраўднай, укаранёнай у малітве, Эўхарыстыі і сакрамэнце пакаяння святасці, і такім чынам станавіліся сведкамі Хрыста і евангельскай закваскай у сучасным свеце; - каб лучнасць з Хрыстом садзейнічала дынамізму руплівага гарэння ў іх пастырскай дзейнасці і надавала гэтаму служэнню правільны напрамак і эфектыўнасць.
Асабліва жадаю выпускнікам семінарыі і семінарыстам, каб маладыя юнакі, гледзячы на вас, адкрывалі пакліканне да святарства.
15. Гродзенская духоўная семінарыя, адзначаючы сярэбраны юбілей свайго заснавання, дзякуе Богу і яе апекунам - Беззаганна Зачатай Дзеве Марыі і св. Юду Тадэвушу - за гэты час ласкі і просіць благаслаўлення на будучую дзейнасць. Заклік Езуса “Ідзі за Мною” (Мц 9, 9) гучыць і сёння на нашай зямлі. Дзверы семінарыі адчыненыя для ўсіх, хто пачуў голас клічучага Пана і адказаў Яму: “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8). І яны прыходзяць, бо, як сказаў Езус, брамы пякельныя не пераадолеюць Касцёла (пар. Мц 16, 18), а сэрца гродзенскага Касцёла б’ецца і пампуе ў яго арганізм новую кроў.
Vivat «Alma Mater» Grodnensis! Vivat et crescat, каб на вялікае жніво Пана прыходзілі новыя і святыя працаўнікі (пар. Лк 10, 2). Каб дзякуючы ім Касцёл у Беларусі сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення (пар. LG 1), а таксама радасцю і надзеяй для нашага грамадства (пар. GS 1).
Дзякую за ўвагу.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium” (LG). 2. II Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце“Gaudium et spes” (GS). 3. II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра служэнне і жыццё прэзбітэраў“Presbiterorum ordinis” (РО). 4. II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра фармацыю святароў “Optatam totius” (OT). 3. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя пра фармацыю святароў у сучасным свеце “Pastores dabo vobis” (PDV). 4. Катехизис Католической Церкви. Москва 1998 (ККЦ). 5. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2006/may/ documents/hf_ben-xvi_spe_20060525_poland-clergy_it.html. 6. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/speeches/2014/october/ documents/papa-francesco_20141003_plenaria-congregazione-clero.html. 7. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/speeches/2014/october/ documents/papa-francesco_20141003_plenaria-congregazione-clero.html.
|