Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў

ТЭАЛОГІЯ ФАЦІМСКІХ АБ’ЯЎЛЕННЯЎ
І ІХ АКТУАЛЬНАСЦЬ У НАШ ЧАС

Жодзіна, 15 мая

Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1.     У гэтым годзе свет адзначае Юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, якія сталі адным з найбольш інтрыгуючых і прарочых падзей ужо мінулага ХХ стагоддзя. Праз месяц пасля іх завяршэння ў Расіі адбылася камуністычная рэвалюцыя, якая прынесла незлічоныя беды і пакуты людзям не толькі Усходняй Еўропы, у тым ліку і Беларусі, але таксама мела вялікі негатыўны ўплыў ва ўсім свеце.

Такім чынам, сёлета свет адзначае два 100-гадовыя Юбілеі — фацімскіх аб’яўленняў, якія прадказалі гісторыю развіцця свету ў ХХ стагоддзі, і бальшавіцкай рэвалюцыі, якая стала прычынай пераследу веры і цывілізацыйнай катастрофы.

Сёлета гісторыя дае нам добрую нагоду супрацьпаставіць гэтыя дзве гістарычныя падзеі, якія так моцна паўплывалі і надалей уплываюць на развіццё нашай краіны і свету. Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што ідэі рэвалюцыі і атэістычнай ідэалогіі перамаглі. Але гісторыя паказала, што не яны, а Бог кіруе светам. Гэта мы зведваем і ў Беларусі, хоць працэс як духоўнага, так і грамадскага адраджэння не з’яўляецца лёгкім і патрабуе шмат часу і высілкаў.

Фармальна мы выйшлі з няволі ваюючага атэізму, але яго наступствы яшчэ моцна трываюць у нас і перашкаджаюць на шляху да духоўнай свабоды, якая з’яўляецца падмуркам кожнай іншай свабоды. У нас яшчэ глыбока ўкаранены тып чалавека Homo soveticus — «савецкі чалавек», які не мае свайго меркавання і толькі ў калетыве, які за яго вырашае, абчувае сябе бяспечна. Ад такога тыпу чалавека, выхаванага на працягу трох пакаленняў таталітарнага камуністычнага рэжыму, нелёгка пазбавіцца.

Майсей вёў выбраны народ у абяцаную Зямлю 40 гадоў. Гэта было неабходна, каб народ стаў духоўна свабодным, каб свабоду цаніў больш за мяса, часнык ці цыбулю (пар. Ліч 11, 4-5). Падобна і нам неабходна набрацца цярпення, наследуючы Марыю ў яе згодзе з Божай воляй і будучы паслухмянымі яе фацімскаму закліку да малітвы і пакаяння, і ісці ў нашу беларускую зямлю духоўнай свабоды. 

2.     Фацімскія аб’яўленні складаюцца з трох частак, так званых трох фацімскіх таямніц. Першая і другая прадстаўляюць жахі пекла, заканчэнне Першай сусветнай вайны і распачацце Другой, а таксама заклік да малітвы, навяртання, пакланення Беззаганнаму Сэрцу Марыі і прысвячэння яму Расіі. Трэцяя таямніца, якая была абнародавана толькі ў 2000 г., прадстаўляе гісторыкатворчую рэчаіснасць ХХ стагоддзя з ганеннямі на веру і ў духоўнай перспектыве тлумачыць яе сэнс (пар. MF, с. 3).

Такім чынам, фацімскае пасланне Марыі ўваходзіць у сучасную гісторыю Касцёла і чалавецтва, а таксама прадстаўляе новую візію для яе разумення. Просьба Марыі прысвяціць Расію яе Беззаганнаму Сэрцу і развіваць гэты культ з’яўляецца ключом да зразумення гісторыі сучаснага свету, якая на самой справе перадусім з’яўляецца «барацьбой духа свабоды і духа зняволення».

Дзякуючы фацімскім аб’яўленням Касцёл здабыў новыя формы духоўнасці ў барацьбе са злом, падмуркам якой з’яўляецца асоба Марыі, якая прадказала найбольш трагічныя падзеі ХХ стагоддзя і адначасова дала надзею на навяртанне.

Трэба падкрэсліць, што фацімскія аб’яўленні Марыі з’яўляюцца найбольш правідэнцыяльнымі ў сучаснай гісторыі (пар. MF, с. 3), пацвярджэннем чаго з’яўляюцца падзеі канца 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі, як здавалася, непарушны савецкі рэжым разваліўся як картачны домік.

Існуючыя ў гісторыі чалавецтва звышнатуральныя падзеі часта нас здзіўляюць, аднак заўсёды неабходна памятаць, што іх змест не павінен супярэчыць веры. Такім і з’яўляецца фацімскае пасланне, якое заклікае да малітвы і навяртання. Гэта сведчыць пра тое, што яно згоднае з духам Евангелля, бо да гэтага заклікаў Езус (пар. Мк 1, 15; Лк 18, 1). Святы Ян Павел II вучыць, што Касцёл прызнае фацімскае пасланне перадусім таму, што ў ім знаходзіцца праўда і заклік, якія знаходзяцца ў Евангеллі (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1982/documents/hf_jp-ii_hom_ 19820513_fatima.html).

3.    Каб прадставіць тэалогію фацімскіх аб’яўленняў, найперш неабходна прыпомніць аб тым, што Касцёл прызнае два віды аб’яўленняў — агульныя і прыватныя. Агульныя адрасаваны ўсяму чалавецтву і знаходзяцца ў Святым Пісанні Старога і Новага Запаветаў. У іх прадстаўлены жывы працэс уваходу Бога ў гісторыю чалавецтва, кульмінацыйным момантам якога з’яўляецца таямніца Богаўцелаўлення (пар. ККЦ 65). Дзякуючы гэтаму Бог у Хрысце прадставіў чалавецтву самога сябе.

Аднак, як падкрэслівае кардынал Ёзаф Ратцынгер — будучы папа Бэнэдыкт XVI, — сам факт завяршэння Божага Аб’яўлення ў асобе Езуса Хрыста не азначае, што Касцёл можа глядзець толькі ў мінулае і што ён асуджаны на бясплённае яго паўтарэнне (пар. MF, с. 33). Другі Ватыканскі Сабор у канстытуцыі пра Божае Аб’яўленне вучыць, што Касцёл цягам вякоў няспынна ідзе да паўнаты Божай праўды, пакуль у Ім не споўняцца Божыя словы (пар. DV 8). А Катэхізіс Каталіцкага Касцёла падкрэслівае, што хоць Божае Аб’яўленне і завяршылася, аднак яно не да канца пазнанае і таму хрысціянская вера павінна імкнуцца да яго глыбейшага зразумення (пар. ККЦ 66).

У такім кантэксце неабходна разглядаць прыватныя аб’яўленні, якія адбываюцца пасля завяршэння Новага Запавету. Пад гэтую катэгорыю і падпадаюць фацімскія аб’яўленні (пар. MF, с. 34). Катэхізіс вучыць, што прыватныя аб’яўленні не прызначаны палепшыць ці дапоўніць Хрыстовае Аб’яўленне, яны неабходны для таго, каб у канкрэтную гістарычную эпоху дапамагчы людзям жыць больш поўна Божай праўдай (пар. ККЦ 67).

Адсюль можна зрабіць дзве фундаментальныя высновы. Першая: агульнае ці Боскае Аб’яўленне патрабуе яго бесспярэчнага прызнання як Божага слова. Другая: няма абавязку публічна выказваць сваю веру ў прыватныя і прызнаныя Касцёлам такімі аб’яўленні, бо яны датычаць індывідуальнай веры, паслухмянай прынцыпам разважлівасці.

4.    Для касцёльнага прызнання прыватнага аб’яўлення неабходны тры ўмовы: яно не павінна супярчыць веры і пабожнасці; павінна насіць публічны характар і адзначацца разважлівым культам. Мэтай прыватнага аб’яўлення з’яўляецца глыбейшае пазнанне і перажыванне Евангелля. Таму яго нельга ўспрымаць легкадумна.

Крытэрыем сапраўднасці прыватнага аб’яўлення з’яўляецца яго хрыстацэнтрычнасць. Калі яно аддаляе ад Хрыста, становіцца незалежным ад Яго або прадстаўляе нязгодны з Евангеллем план збаўлення, то яно не ад Святога Духа і не можа быць прынята як сапраўднае.

5.    Вядома, што Касцёл у кожны час атрымлівае ад Бога дар прароцтва, да якога нельга ставіцца легкадумна, як вучыць св. апостал Павел (пар. Тэс 5, 19-21). Аднак адначасова трэба памятаць і пра тое, што прароцтва ў біблійным разуменні не азначае прадказанне будучыні, яно прызначана для тлумачэння Божай волі ў канкрэтны час гісторыі. А гэта воля ўказвае напрамак у будучыню.

У працэсе нашага збаўлення сутнасным з’яўляецца актуалізацыя Божага Аб’яўлення, бо прароцкае слова — гэта перасцярога або суцяшэнне, або адно і другое. У гэтым сэнсе можна казаць аб паралелі паміж харызмай прароцтва і паняццем «знакі часу». У сувязі з гэтым нездарма Езус папярэджвае: «Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце?» (Лк 12, 56).

Неабходнасць чытаць знакі часу падкрэслівае і Другі Ватыканскі Сабор: «Касцёл заўжды павінен даследаваць знакі часу і інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля так, каб быць здольным кожнаму пакаленню даць зразумелы адказ на вечныя пытанні людзей пра сэнс цяперашняга і будучага жыцця і пра іх узаемасувязь. Таму трэба пазнаваць і разумець свет, у якім мы жывём, а таксама яго спадзяванні, памкненні і нярэдка яго драматычны характар» (GS 4).

Чытаць і тлумачыць «знакі часу» ў святле хрысціянскай веры азначае не што іншае, як распазнаваць прысутнасць Хрыста ў свеце ў канкрэтным часе і ў канкрэтных абставінах. Менавіта так трэба разумець прыватныя аб’яўленні, у тым ліку і фацімскія. Яны павінны дапамагаць у зразуменні «знакаў часу» і ў пошуку адпаведных адказаў на іх у святле веры (пар. MF, с. 34-36).

6.    Вышэйпрыведзеныя разважанні дазваляюць перайсці да тэалагічнай інтэрпрэтацыі фацімскіх аб’яўленняў.

Як ужо было сказана вышэй, у першай і другой частках Марыя паказала фацімскім дзецям жахі пекла і распавяла аб цяжкасцях, якія чакаюць народы Усходу і ўвесь свет, бо Расія будзе распаўсюджваць свае памылкі ў ім. З мэтай прадухіліць іх, Божая Маці заклікала да малітвы і навяртання, а шляхам да паратунку павінна быць набажэнства да яе Беззаганнага Сэрца і прысвячэнне яму Расіі.

У біблійнай традыцыі «сэрца» азначае цэнтр быцця чалавека. Хрыстус вучыць, што чыстае сэрца ўбачыць Бога (пар. Мц 5, 8). Таму пакланенне Беззаганнаму Сэрцу Марыі вядзе да такога стану чалавечага сэрца, калі, па прыкладу Марыі, нашае fiat — згода з Божай воляй — становіцца фактарам, які фарміруе нашае быццё (пар. MF, с. 39).

У трэцяй частцы аб’яўленняў прысутнічае трохкратны заклік анёла да пакаяння. Гэты заклік карэспандуе са словамі Езуса: «Кайцеся і верце ў Евангелле» (пар. Мк 1, 15). Таму пазнанне «знакаў часу» азначае зразуменне і прыняццё заўсёды актуальнай неабходнасці навяртання (пар. MF, с. 40). У сувязі з гэтым нельга казаць, што Бог нас карае. Наадварот, людзі самі становяцца прычынай бедаў. Бог, які цэніць нашую свабоду, толькі цярпліва папярэджвае і заклікае да вяртання на вызначаны Ім шлях (пар. MF, с. 8-9).

7. Трэцяя таямніца прадстаўляе анёла з вогненным мячом у левай руце, які, указваючы правай на зямлю, моцна казаў: «Пакаянне, пакаянне, пакаянне». Біскуп у белым, іншыя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы праходзяць праз напаўразбураны горад і падымаюцца на высокую гару, на вяршыні якой знаходзіцца крыж. Там ад стрэлаў жаўнераў, яны гінуць разам са свецкімі людзьмі. Пад крыжам два анёлы збіралі сплываючую з яго кроў у хрустальныя келіхі (пар. MF, с. 21).

Некаторыя сцэны трэцяй часкі фацімскіх аб’яўленняў патрабуюць асаблівай увагі (пар. MF, c. 40-43).

Найперш, заклік анёла з вогненным мячом у руках да пакяння. Анёл знаходзіцца леваруч Марыі. Гэта не што іншае, як праграма навяртання, бо ўсе мы грэшныя. Сам жа анёл з мячом з’яўляецца апакаліптычным вобразам пагрозы Божага суда, які навіс над светам. Думка аб тым, што свет можа загінуць у моры агню больш не з’яўляецца фантазіяй, пра што сведчаць новыя віды зброі масавага паражэння, сярод якіх ядзерная. У той жа час аб’яўленне ўказвае на сілу, якая можа выратаваць ад гэтай пагрозы. Гэтай сілай з’яўляецца Марыя, якая заклікае да малітвы, пакаяння і пашырэння культу яе Беззаганнага Сэрца.

Наступная частка трэцяй фацімскай таямніцы прадстаўляе абрывістую гару, напаўразбураны горад і крыж. Гара і горад сімвалізуюць месца, дзе здзейсняецца чалавечная гісторыя. Гэта гісторыя складанага чалавечага развіцця і адначасова небяспекаў аж да яго зруйнавання. На гары ўзвышаецца крыж як арыенцір чалавечай гісторыі, які перамяняе разбурэнне ў збаўленне. Таму крыж з’яўляецца знакам надзеі.

Далей у трэцяй частцы фацімскай візіі з’яўляюцца біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі. Паводле фацімскіх візіянераў, біскуп у белым — гэта Папа, які ідзе першым праз напалову разбураны горад, ідзе сярод забітых. Гэта не што іншае, як сімвал крыжовага шляху Касцёла і рымскіх Пантыфікаў ХХ стагоддзя. Гэта гісторыя Касцёла ў мінулым стагоддзі, гісторыя часоў ганенняў, мучанікаў, сведкаў веры, дзвюх сусветных і многіх лакальных войнаў, якія прынеслі шмат цярпенняў чалавецтву.

Гісторыя замаху на папу Яна Паўла II, якая мела месца 13 мая 1981 г. на плошчы Св. Пятра, і яго словы, што траекторыю кулі змяніла рука Марыі, сведчаць пра тое, што не існуе нязменнага прадвызначэння чалавека, што вера і малітва, а не танкавыя дывізіі з’яўляюцца тымі сіламі, якія могуць змяніць свет.   

Апошнія словы трэцяй часткі аб’яўленняў даюць надзею ў катастрафічнай сітуацыі, якую Марыя паказала на пачатку: анёлы пад крыжам збіраюць у келіхі кроў мучанікаў. Паколькі крыж увасабляе цярпенні Хрыста і Яго кроў, то гэтая сцэна паказвае, што кроў Хрыста зліваецца ў адзінае цэлае з крывёй мучанікаў, каб дапоўніць Яго цярпенні, як кажа св. апостал Павел (пар. Кал 1, 24). Падобна таму як з крыжовай смерці Хрыста нарадзіўся Касцёл, так і смерць Яго сведкаў прыносіць багаты плён для яго жыцця. 

Такім чынам, трэцяя частка фацімскіх аб’яўленняў вельмі моцна падкрэслівае значэнне свабоды чалавека ў яго жыцці — прыняць прапанову Марыі ці адкінуць яе. Гэта азначае, што будучыня чалавека залежыць ад яго самога. Таму мэтай аб’яўленяў не з’яўляецца паказаць «фільм» будучыню чалавека, якая вырашана раз і назаўсёды, але каб мабілізаваць яго да духоўнага перамянення. Такім чынам, фацімскія аб’яўленні кажуць не толькі пра небяспекі, якія чакаюць грэшнае чалавецтва, але таксама прапануюць лек, якім чынам іх пазбегнуць.

8.     Прадстаўленая вышэй тэалігічная інтэрпрэтацыя фацімскіх аб’яўленняў дазваляе сказаць, што яны:

  • з’яўляюцца прыватнымі, аднак у той жа час яны карысныя ў справе ўмацавання і развіцця веры, што вельмі важна ў наш час яе глыбокага крызісу. Кардынал Ёзаф Ратцынгер кажа, што прыватныя аб’яўленні набіраюць асаблівае значэнне ў святле Святога Пісання, інакш кажучы, з’яўляюцца спецыфічным дапаўненнем ведаў пра Евангелле (пар. http://zbc.uz.zgora.pl/ Content/31902/tom _24.pdf).
  • іх трэба ўспрымаць праз прадстаўленую ў іх сімволіку: вогненны меч, напалову разбураны горад, стромкая гара, сплываючая з крыжа кроў і г.д.
  • яны моцна ўпісаліся ў гісторыю свету, у тым ліку і ў гісторыю Беларусі;
  • яны перадусім датычаць барацьбы атэістычнай сістэмы з верай і апісваюць цярпенні яе сведкаў у ХХ стагоддзі;
  • калі ў свеце нарастала небяспека атэізму і варожасці да рэлігіі і ўсё больш людзей пачынала жыць «так, як быццам Бог не існуе», а чалавек быў агорнуты д’ябальскай дэзарыентацыяй, Марыя нагадала пра некаторыя фундаментальныя катэхетычныя праўды — малітву і навяртанне, а таксама аб развіцці яе культу. Мэта чалавечага жыцця заключаецца ў збаўленні, якое нельга дасягнуць грэшным жыццём. Аднак рэчаіснасць нашага жыцця з’яўляецца дынамічнай, і нічога канчаткова не прадвызначана. Паратунак прыходзіць ад Марыі, якая заклікае да малітвы, навяртання і пашырэння культу яе Беззаганнага Сэрца.

9.    Мы ведаем усе тры фацімскія таямніцы і з’яўляемся сведкамі прадказанага Марыяй 100 гадоў таму навяртання народаў, прыгнеценых у часы камунізму. Аднак гэты працэс вельмі складаны і патрабуе шмат намаганняў, асабліва ўлічваючы выклікі секулярызму.

Сёння паўстае новае пытанне: ці яны яшчэ актуальныя ў наш час?

Сучасны свет зусім іншы, чым быў 100 гадоў таму. Развіццё навукі і тэхналогіі змяніла яго да непазнавальнасці. Калі б сёння ажыў памерлы 100 гадоў таму чалавек, то быў бы моцна здзіўлены ўбачаным і не верыў бы сваім вачам. Аднак у маральным сэнсе праблемы не зніклі і не вырашыліся, а наадварот сталі яшчэ больш актуальнымі.

Калі ў палове XIX стагоддзя Карл Маркс пісаў, што прывід камунізму блукае па Еўропе, то сёння на Старым кантыненце праяўляецца не толькі прывід, але і наяўнасць секулярызму і дэхрысціянізацыі. Еўропа ўсё больш страчвае сваю хрысціянскую тоеснасць і нават не імкнецца яе захаваць. Яна пастарэла, стала духоўна хворай і апатычнай, страціла некалі ўласцівы ёй дынамізм і не прыносіць духоўнага плёну.

Як вядома, грэх з’яўляецца перашкодай на шляху чалавека да Бога. Сучасны свет і асабліва Еўропа мэтанакіравана элімінуюць Яго з чалавечай думкі і дзейнасці, а праз гэта выкрэсліваюць з еўрапейскай культуры, якая вырасла з хрысціянства. Не трэба дзівіцца, што сучасны свет перажывае мноства крызісаў — эканамічны, фінансавы, сацяльна-палітычны, крызіс сям’і, дэмаграфічны і г.д. Войны і тэрарыстычныя акты становяцца рэальнасцю сучаснага жыцця. Хрысціянства, як і ў першыя стагоддзі, стала рэлігіяй, якая найбольш церпіць пераслед. Самы вялікі Божы дар, якім з’яўляецца жыццё, становіцца таварам, які можна купіць і прадаць, ім можна маніпуляваць і за яго абарону можна быць пакараным. Гэтыя і іншыя анамаліі сучаснасці нагадваюць пра тое, што над светам вісіць апакаліптычны дамоклаў меч.

Таму заклік Марыі да малітвы і навяртання не можа ўспрымацца як аднаразовы. Ён павінен уздымацца з пакалення ў пакаленне згодна з выклікамі часу. Таму трэба заўсёды вяртацца да яго, як вучыць св. Ян Павел II (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1982/documents/hf_jp-ii_hom_19820513_fatima.html).

Кардынал Ёзаф Ратцынгер — будучы папа Бэнэдыкт XVI — кажа, што меч анёла, які вісіць над светам, можа ўпасці ў кожную хвіліну. Фацімскія аб’яўленні нагадваюць нам пра свабоду, якая была дадзена чалавецтву з мэтай надаць ёй адпаведны напрамак і мабілізаваць чалавечыя сілы да духоўнай перамены, якая магчыма праз выкананне умоў, названых Марыяй фацімскім дзецям (пар. http://www.niedziela.pl/artykul/26766/Fatima-%E2%80%93-naglace-oredzie).

10.    У сувязі з гэтым для нас існуе вялікі абавязак веры: перажываючы сёння небывалыя выклікі і новые знакі часу, у сумленні мы маем абавязак пазнаваць іх і своечасова на іх адказваць.

Як вядома, фацімскія аб’яўленні мелі месца ў асаблівым 1917 г. — у год бальшавіцкай рэвалюцыі. Менавіта яна прынесла вялікае жніво смерці, тэрору і агрэсіі сотням мільёнаў людзей на зямлі, перадусім ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, краіне, якая стала палігонам атэізму. Як супрацьпастаўленне Кастрычніцкай рэвалюцыі фацімскія аб’яўленні сталі пазітыўнай падзеяй, якая нагадала чалавеку пра яго трансцэндэнтнае вымярэнне і пра тое, да чаго вядуць атэістычныя і ліберальныя ідэалогіі. 

Як кажа прыказка, гісторыя паўтараецца. У наш час, калі свет ізноў становіцца перад выбарам: «вера або бязвер’е», «Бог або злы дух», «дабро або зло» — неабходна сказаць, што пасланне Марыі з Фацімы з’яўляецца актуальным як для свету, так і для Беларусі. Марыя нагадвае нам евангельскую праўду аб тым, што чалавеку для паўнаты шчасця патрэбны толькі Бог, які яго стварыў і імкнецца падзяліцца з ім сваімі дарамі і шчасцем. Чалавеку ж неабходна з усіх сіл імкнуцца да еднасці з Ім, ідучы няпростай, вузкай дарогай веры.

Фацімскія аб’яўленні пра прыход крызісу веры і маральнасці аданачасова з’яўляюцца заклікам да малітвы і пакаяння, а таксама надзеяй на пераадоленне крізісаў і на лепшае заўтра. У іх святле Бог рыхтуе нам цудоўную будучыню. Неабходна толькі прыслухацца да слоў Марыі, якія з’яўляюцца сэрцам яе фацімскіх аб’яўленняў: «Калі будзеце маліцца і навяртацца, то ўсё будзе добра, калі не, то вас чакаюць праблемы» (пар. MF, c. 8-9).

Мы не маем права наступаць другі раз на тыя ж самыя граблі сёння, калі сучасны свет перажывае новую амаральную рэвалюцыю, якая руйнуе хрысціянскія традыцыі — падмурак еўрапейскай цывілізацыі. У выніку гэтага сучасны свет усё глыбей акунаецца ў акеан рознага роду памылак і вынікаючага з гэтага зла, чым гэта мела месца 100 таму. Усё гэта вядзе да самазнішчэння хрысціянскай Еўропы.

Таму евангельскі заклік да малітвы і пакаяння, выказаны словамі Марыі, і надалей з’яўляецца тэрміновым (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1982/documents/hf_jp-ii_hom_19820513_fatima.html).

Папа Бэнэдыкт XVI кажа: глыбока памыляецца той, хто думае, што прароцкая місія Фацімы завяршылася, бо Бог у сваёй міласэрнай любові адорвае свой народ новай будучыняй. Таму чалавек патрабуе супрацоўніцтва з Богам, які ёсць Валадаром часу (пар. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2010/documents/hf_ben-xvi_ hom_20100513_fatima.html).

Такім чынам, фацімскае пасланне мела і надалей мае вялікі ўплыў на гісторыю свету і Касцёла. Яно паказвае, што галоўным дырыжорам чалавечых лёсаў з’яўляецца Божы Провід, а фацімскі шлях застаецца праграмай маральнага аднаўлення чалавецтва, бо ў яго цэнтры знаходзіцца Марыя са сваім fiat. Гэта праграма актуальная для ўсяго свету, у тым ліку і для Беларусі.

11.    Наша Бацькаўшчына, Беларусь, марыйная зямля перажыла многа выпрабаванняў і цяпер цешыцца новымі магчымасцямі для ажыццяўлення фундаментальнага права чалавека на свабоду веравызнання. Гэта дар Божай міласэрнасці для нас і адначасова заданне быць вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню і сведчыць яго ў штодзённым жыцці.

Для гэтага найперш неабходна жыць згодна з фацімскім пасланнем Марыі, каб захаваць мір, узаемную пашану паміж людзьмі розных поглядаў і пазбегнуць маральнай дэградацыі. Жывучы так, мы будзем утвараць Беларусь не ўчарашняга, а заўтрашняга дня, пабудаванага на вечна жывых і актуальных прынцыпах Евангелля, бо ў Хрысце старое мінула і прыйшло новае (пар. 2 Кар 5, 17).

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes” (GS).
  2. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Божае аб’яўленне “Dei verbum” (DV).
  3. Катехизис Католической Церкви. (ККЦ).
  4. Il Messaggio di Fatima, Tipografia Vaticana 2000 (MF).
  5. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1982/documents/hf_jp-ii_hom_19820513_fatima.html.
  6. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2010/documents/hf_ben-xvi_hom_20100513_fatima.html.
  7. http://zbc.uz.zgora.pl/Content/31902/tom _24.pdf.
  8. http://www.niedziela.pl/artykul/26766/Fatima-%E2%80%93-naglace-oredzie.
Адноўлена 16.05.2017 11:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску