Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер

Мінск, 13 красавіка

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, шаноўны біскуп Юрый Касабуцкі, паважаныя браты ў святарстве і семінарысты, дарагія браты і сёстры законныя, дазвольце павіншаваць вас з нагоды ўстанаўлення сакрамэнтаў Эўхарыстыі і cвятарства.

Папа Францішак, звяртаючыся да святароў, аднойчы сказаў: «Перш за ўсё жадаю падзяліцца з вамі радасцю магчымасці быць святаром. Зноў і зноў захапляюся тым фактам, што я пакліканы, больш за гэта — тым, што я пакліканы самім Панам Езусам. Пакліканы, каб ісці за Ім, каб быць разам з Ім, каб ісці да іншых, несучы Яго, Яго слова, Яго прабачэнне... Згадзіцеся са мной, што можа быць для чалавека больш прыгожым за гэта? Мы, святары, калі знаходзімся перад табэрнакулюмам, стаім перад ім у цішыні, у той момант нанова адчуваем на сабе любячы позірк Езуса, і гэты позірк нас аднаўляе, натхняе...»

Я пажадаў прывесці гэтыя словы Святога Айца на пачатку майго кароткага разважання, бо, на маю думку, яны добра перадаюць сэнс сённяшняга свята і служэння, да якога Добры Бог паклікаў кожнага з нас. Езус устанаўлівае Эўхарыстыю для таго, каб быць сярод нас, каб сваёй прысутнасцю наталяць прагненне вечнасці, якая ўпісана ў сэрцы кожнага чалавека. Ён кліча некаторых да асаблівай паслугі ў сваім Касцёле, каб запэўніць гэтую прысутнасць у кожным месцы свету. Разам з Эўхарыстыяй і святарствам нам была дадзена запаведзь любові: «Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12). Такім чынам сакрамэнт Эўхарыстыі павінен умацоўваць нас у служэнні любові.

Папа дзеліцца сваёй радасцю ад магчымасці быць святаром. На жаль, многія святары, і браты, і сёстры законныя, страцілі гэтую радасць. Служэнне Богу і людзям многімі перажываецца толькі як абавязак ці безвыходнасць (бо нічога іншага не ўмею рабіць), забываючы пра тое, што гэта дар ад Бога, што гэта выключная магчымасць быць так блізка Бога, магчымасць быць правадніком Божай ласкі, якую так шчодра Бог жадае праліваць на сваіх дзяцей.

Старая прымаўка кажа: кожны сам каваль свайго шчасця. Тое, што залежала ад Бога, Ён рэалізаваў на 100 працэнтаў. Дні Святога Трыдуума, якія зараз перажываем, падзеі з жыцця Езуса, над якімі разважаем, з’яўляюцца пацвярджэннем гэтаму. Цяпер прыйшла наша чарга: мы павінны зрабіць наш выбар, узяць адказнасць у свае рукі. Адказнасць за маё асабістае збаўленне, адказнасць за мае адносіны з Богам, адказнасць за маё шчасце і самарэалізацыю.

Хачу пакінуць некалькі канкрэтных парадаў для таго, каб, так як Папа, кожны дзень, нягледзячы на цяжкасці штодзённасці, з радасцю служыць Богу і бліжнім. Спадзяюся, што яны будуць карыснымі для таго, каб узрастаць у радасным служэнні, і дапамогуць ухіліцца ад спакусы горычы і расчаравання, ад якіх ніхто не застрахаваны:

  • Перш за ўсё варта ўсведамляць, што мы не нараджаемся шчаслівымі, а што гэтаму трэба вучыцца;
  • Гэтаму навучышся, калі будзеш мець жаданне быць шчаслівым і пачнеш рабіць штосьці канкрэтнае для гэтага;
  • Важна навучыцца радавацца маленькім вынікам працы, а не чакаць вялікіх дасягненняў... Больш таго — навучыцца радавацца жыццю (Мы не жывём толькі дзеля працы, быццам бы нашае шчасце напрамую залежыць ад вынікаў нашай працы). Навучыцца радавацца сонейку, добрым адносінам з іншым чалавекам, кожнаму жэсту Божай любові да цябе...;
  • Для гэтага неабходна навучыцца заўважаць дабро, бо што збіраеш, тое будзеш мець (калі навокал заўважаеш толькі негатыў, будзеш жыць у негатыве). Добрай школай у гэтым з’яўляецца ўдзячнасць. За ўсё дзякуйце Богу. Хто дзякуе, той два разы просіць;
  • Рашуча пазбягаць зайздрасці і рэўнасці (хто зайздросціць — паказвае, што не ўмее цаніць тых дароў, якімі Бог адарыў яго брата, а калі ты не цэніш іх, то Бог ніколі не дасць іх табе);
  • Вельмі важна адкрыць для самога сябе, кім ты з’яўляешся і кім жадаеш быць (калі ўсведамляеш, хто цябе паклікаў, да чаго Ён цябе кліча, што праз цябе здзяйсняе, — як можна не быць шчаслівым?).

Можна доўга працягваць, але не ў гэтым сэнс. Знайдзі свой уласны рэцэпт, як табе быць шчаслівым дзіцём Божым і рэалізаваным слугою Божага Валадарства. Памятай, што сумны святы — несапраўдны святы...

Ад шчырага сэрца віншую вас з надыходзячым святам Божага Уваскрасення і жадаю, каб перажыванне таямніцы нашага збаўлення яшчэ больш распаліла ў вашых сэрцах любоў да Бога і натхняла на радаснае служэнне бліжнім. 

Адноўлена 13.04.2017 13:51
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску