10-ю гадавіну каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай святкуюць у Гродне | | Друк | |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
06.08.2015 12:47 |
![]() 5 жніўня, у літургічны ўспамін Маці Божай Кангрэгацкай, іерарх узначаліў святую Імшу з удзелам шматлікіх жыхароў Гродна і ваколіц. У Імшы таксама прыняў удзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. «Марыя — дар для кожнага чалавека» ![]() Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі адзначыў, што Марыя з’яўляецца дарам для Езуса, а з Яго волі — і дарам для кожнага чалавека. «Заданне кожнага хрысціяніна — “узяць” Марыю ў сваё жыццё», — сказаў іерарх. Гродзенскі ардынарый зазначыў, што больш за тры з паловай стагоддзі вернікі Гродна і ваколіц ушаноўваюць Маці Божую Кангрэгацкую, а ў Гродне абразом першапачаткова апекаваліся студэнты езуіцкага калегіума — члены марыйнай Кангрэгацыі, ад якіх і ўзяў сваю назву абраз Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай. Іерарх заўважыў, што Марыя ў Кангрэгацкім абразе з’яўляецца апякункай не толькі студэнтаў: «Марыя дорыць сваю мацярынскую любоў кожнаму, хто з верай і даверам прыходзіць да Яе». ![]() Чытай таксама: Цуды Маці Божай Кангрэгацкай «Мы можам быць упэўненымі ў тым, што Марыя не пакіне нас адных, не адыдзе ў цяжкія хвіліны нашага жыцця, таму заўсёды ў Яе мацярынскіх абдымках мы будзем адчуваць сябе добра, бяспечна і шчасліва», — дадаў біскуп. «Марыя, як нябесная Маці, перад усім клапоціцца пра нашае збаўленне, даючы нам сваю мацярынскую параду: ідучы жыццёвай дарогай, мы павінны слухаць Езуса і кіравацца Яго навучаннем. Тады мы не падманем сябе і зможам бяспечна і шчасліва дайсці да мэты нашай зямной пілігрымкі», — сказаў іерарх. «Молімся сёння за ўсіх нас, за нашы сем’і, за дзяцей і моладзь, за ўсіх вернікаў Гродна і ваколіц, каб, кіруючыся прыкладам нашых продкаў, якія ўшаноўвалі Марыю ў гэтай выяве, мы ўзялі ў сваё сэрца Яе заклік і заўсёды рабілі тое, чаму нас вучыць Збаўца Езус Хрыстус». Марыя збірае розныя пакаленні ![]() Маці Божая Кангрэгацкая, якая больш за 350 гадоў апякуецца жыхарамі Гродна, вабіць да сябе жыхароў горада. Да Яе прыходзяць не толькі студэнты і моладзь, якім Яна дае свае мацярынскую апеку, — абраз яднае і дарослых, якія штодня збіраюцца на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Варта зазначыць, што захаваліся сведчанні шматлікіх цудаў і ласк, атрыманых праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Кангрэгацкай. Пра моц апекі Марыі сведчаць таксама шматлікія воты (воты — рэчы рэлігійнага ўжытку, а таксама статуэткі, зброя ці выявы частак цела, якія прымацоўваюцца вернікамі як ахвяраванне да абразоў святых, за дапамогай якіх звяртаецца чалавек — Рэд.), змешчаныя пры абразе. Не ўсе здзейсненыя цуды былі дакументальна зафіксаваны, не ўсе, хто атрымаў ласкі ад Маці Божай, склалі свае сведчанні або ахвяравалі свае воты… Большасць цудаў і ласкаў назаўсёды застануцца таямніцай, якую ведае толькі сам Пан Бог. Кс. Юрый Марціновіч, (ils)
|