Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі: «Маці Божая Кангрэгацкая ніколі не бывае адна, у Яе заўсёды ёсць з кім весці дыялог»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.08.2015 16:04

5 жніўня апоўначы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Гэты дзень асабліва блізкі гродзенскім католікам, бо на яго прыпадае ўспамін Маці Божай Кангрэгацкай, якая больш за 350 гадоў апякуецца жыхарамі горада.

Урачыстасці гэтага года з’яўляюцца выключнымі, бо сёлета адзначаецца 10-я гадавіна каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай, змешчанага ў бочным алтары гродзенскага катэдральнага касцёла.

На Імшы сабраліся шматлікія жыхары Гродна, якія маліліся праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай аб патрэбных ласках для сябе і сваіх блізкіх.

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі заўважыў, што ідэя каранацыі абраза была выклікана верай саміх католікаў горада, якія ў вялікай колькасці збіраюцца каля гэтай выявы Маці Божай у гродзенскай святыні. «Маці Божая Кангрэгацкая ніколі не бывае адна, у Яе заўсёды ёсць з кім весці дыялог, і Яна вядзе яго з чалавекам», — дадаў іерарх.

Біскуп заахвоціў усіх прысутных да адвагі і даверу. Па словах іерарха, гэтым дзвюм рэчам дасканала вучыць сучаснага чалавека Найсвяцейшая Панна Марыя. Таму, як адзначыў біскуп, хрысціянін ХХІ стагоддзя павінен адважна дзяліцца верай з іншымі і праз гэта быць сапраўдным вучнем Езуса Хрыста.

«Свету патрэбны адважныя хрысціяне, якія не зачыняюцца ў сваіх дамах, але ў клопаце аб сябе і бліжніх дзеляцца Божым жыццём», — сказаў біскуп.

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Снежнай) у Гродне з’яўляецца копіяй абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ (Santa Maria Maggiore) — аднаго з самых вядомых і старажытных у хрысціянскім свеце. У XVII-XVIII стагоддзях яго копіі разышліся па многіх краінах Еўропы. Пашырэнню культу Маці Божай Снежнай садзейнічалі некаторыя з законаў, асабліва дамінікане, кармэліты і езуіты. Прыярытэт у пашырэнні культу Маці Божай Снежнай у Беларусі належыць дамініканам.



 

На здымку: Кардынал Казімір Свёнтэк 28 жніўня 2005 года падчас каранацыі Абраза папскімі каронамі. 

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.