«Няма большай сілы на зямлі, чым малітва»: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас начнога чування моладзі | Друк |
Іерархі
14.12.2014 11:44

Асаблівую ролю малітвы ў жыцці чалавека падкрэсліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас гаміліі, якую прамовіў да моладзі на начным чуванні ў мінскай архікатэдры 13 снежня.

Напачатку святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што адыходзячы год у духоўнай падрыхтоўцы да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў прысвечаны малітве.

Арцыпастыр падкрэсліў асаблівую ролю малітвы і яе сілу ў духоўным жыцці чалавека. Арцыбіскуп нагадаў моладзі, што менавіта праз малітву яна прыйдзе да духоўнай дасканаласці. «Сёння Езус запрашае нас да малітвы, бо яна дае нам духоўныя сілы, каб мы вытрывалі ў нашым хрысціянскім пакліканні», — сказаў арцыпастыр.

«Няма большай сілы на зямлі, чым малітва»

 

Прыгадваючы святога апостала Паўла, Мітрапаліт назваў хрысціян жаўнерамі Хрыста, якім малітва дапамагае ў змаганні са злым духам:

«Чалавек без малітвы — слабы, бо адмаўленне ад малітвы вядзе да духоўнай слабасці».

Тэкст гаміліі цалкам >>

Арцыпастыр зазначыў, што сучасны чалавек вельмі часта недаацэньвае сілу малітвы і яе значэнне. Іерарх падкрэсліў, што малітва з’яўляецца той сілай, якая здольная змяніць чалавека і адмаўленне ад малітвы не можа быць кампенсавана.

«Галоўнай сілай малітвы ёсць тое, што яна чыніць не вакол нас, але ў нас саміх. Езус не вучыў апосталаў, як трэба прапаведаваць, але вучыў іх, як трэба маліцца, бо няма большай сілы на зямлі, чым малітва», — дадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Ніхто і нішто не можа замяніць кантакту з Богам»

 

Іерарх падкрэсліў выключную ролю малітвы ў жыцці хрысціяніна:

«Ніякія навыкі ці магчымасці не заменяць таго, што малітва можа ўчыніць у нашым жыцці. Паколькі малітва дазваляе нам дакрануцца да Бога, то нешта вельмі значнае адбываецца тады, калі мы знаходзімся ў кантакце з Ім. Ніхто і нішто не можа замяніць кантакту з Богам», — сказаў арцыпастыр.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што ўсе вялікія персанажы Бібліі і гісторыі былі людзьмі малітвы.

«Малітва дапамагае бачыць нашу жыццёвую сітуацыю Божымі, а не нашымі вачыма. Малітва хрысціяніна, як жаўнера Хрыста, дае нам сілу, каб быць пераможцамі ў барацьбе з грахом», — зазначыў іерарх.

Звяртаючыся да моладзі на завяршэнне гаміліі, арцыпастыр заахвоціў: «Малады чалавек, адкажы сёння: як выглядае тваё малітоўнае жыццё? Ад гэтага будзе залежаць твая будучыня…»

У моладзевым чуванні, якое прайшло пад дэвізам «Застаньцеся тут і чувайце разам са Мною» (Мц 26, 38), прыняло ўдзел больш за 450 чалавек з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і іншых частак Беларусі.

Ілья Лапато

 
© 2003-2025 Catholic.by