Мінская архікатэдра, 13 снежня 2014 г.
Сіла малітвы
1. Гэты год у трохгадовай праграме падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў прысвечаны малітве. Таму чарговае адвэнтавае чуванне моладзі засяроджана на малітве і яе значэнні ў жыцці чалавека.
Дэвіз сёлетняга чування ўзяты з малітвы Езуса ў Гетсэманскім садзе: “Застаньцеся тут і чувайце разам са Мною» (Мц 26, 38). Слова "Гетсэманскі" паходзіць ад габрэйскай назвы сялення, якое там знаходзілася і ў якім быў прэс для выціскання алівы з аліўкаў.
Гэта даволі сімвалічна, бо перад сваёй смерцю Езус знаходзіўся як быццам пад прэсам цяжару грахоў усяго чалавецтва і, каб знайсці сілы вытрываць, Ён пайшоў маліцца і да малітвы таксама заахвоціў апосталаў, якія, на жаль, паснулі.
Сёння Езус таксама запрашае нас да малітвы, бо яна дае сілы, каб мы вытрывалі ў нашым хрысціянскім пакліканні. Ён сам шмат маліўся, асабліва перад распачаццем нейкай справы. Напрыклад, перад публічнай дзейнасцю; перад тым, як учыніць цуд; перад сваёй мукай і крыжовай смерцю.
Святое Пісанне шмат нагадвае аб неабходнасці малітвы. Асабліва шмат аб гэтым кажа святы апостал Павел. Ён заклікае хрысціян, як жаўнераў Хрыста, быць моцнымі ў Ім і апрануцца ў Божую зброю, каб не паддацца спакусам злога духа, бо мы не змагаемся з целам і крывёю, але са злом (пар. Эф 6, 10-12). Дапамогай у гэтым змаганні ёсць малітва, якая з'яўляецца полем бітвы са злым духам.
На жаль, сучасны чалавек вельмі часта недаацэньвае сілу малітвы і яе значэнне. Так шмат хрысціян вядзе слабае або зусім безмалітоўнае жыццё. Найбольш прайграе ў такой сітуацыі сам чалавек, бо малітва ёсць той сілай, якая змяняе яго, і адмаўленне ад малітвы не можа быць кампенсавана нічым іншым. Добра экіпіраваны і абучаны жаўнер не з'яўляецца лепшым за слаба экіпіраванага і неабучанага, пакуль не праявіць сябе на поле бітвы. Так ёсць і з малітвай. Людзі, якія не моляцца, у сваім духоўным жыцці падобныя, хаця могуць мець розныя ўзроўні адукацыі ці займаць вельмі розныя з сацыяльнага пункту гледжання пасады.
Малітва з'яўляецца сілай нашага духоўнага жыцця. Яе ж адсутнасць можа мець вельмі сур'ёзныя і нават драматычныя наступствы. Гісторыя хрысціянства можа прывесці шмат прыкладаў таго, як малітва дапамагала ў жыцці людзей. Святое Пісанне вучыць нас, што малітва з'яўляецца ключом да духоўнага ўплыву на наша жыццё. Адмаўленне ад малітвы вядзе да духоўнай слабасці.
2. Апостал Павел кажа, што жаўнер Хрыста павінен маліцца пры кожнай нагодзе (пар. Эф 6, 18). Хрысціянскае жыццё патрабуе пастаяннай сувязі з нашым вярхоўнакамандуючым, якім ёсць Езус Хрыстус. Гэтая сувязь ажыццяўляецца праз малітву. Малітва патрэбна, калі нам добра і калі мы перажываем крызіс. Малітва заўсёды даспадобы Богу. На жаль, людзі часта забываюцца аб тым, як яна патрэбна для нармальнага жыцця, хаця ў той жа час найбольш вядомыя мысліцелі нагадвалі аб яе значэнні. Аднойчы адзін дактарант задаваўся пытаннем, што яшчэ засталося ў сучасным свеце для падрыхтоўкі арыгінальнай доктарскай дысертацыі. На гэтае пытанне вялікі фізік Альберт Эйнштэйн адказаў: «Спрабуй напісаць доктарскую дысертацыю пра малітву».
Малітва з'яўляецца фундаментальнай у жыцці хрысціяніна, таму ёй трэба не толькі вучыцца, але ёю жыць. Малітве вучацца не ў гаманлівым класе, а ў зачыненым пакоі (пар. Мц 6, 6). Калі для Езуса яна была прыярытэтам, то чым павінна быць для нас? Касцёл не нарадзіўся падчас мудрых казанняў, але падчас малітвы, калі Дух Святы зышоў на апосталаў (пар. Дзеі 2, 1-4).
Малітва была падмуркам жыцця і служэння Езуса. Яна была падмуркам нараджэння Касцёла. І яна з'яўляецца падмуркам жыцця хрысціяніна. Апостал Павел настаўляе вернікаў, каб заўсёды чувалі і маліліся адзін за аднаго (пар. Эф 6, 18). Малітва нас будуе. Яна – гэта не толькі размова з Богам, але і наша духоўнае ўмацаванне. Мы часта ўспрымаем малітву як прыладу, якая павінна змяніць наша жыццё і вырашыць нашы праблемы. На самой жа справе яна змяняе нас, каб праз нас змяніць наша жыццё. Дзякуючы малітве мы разумеем, што калі Бог не перамяшчае гораў, то Ён перамяняе, г.зн. духоўна перамяшчае нас.
Галоўнай сілай малітвы ёсць тое, што яна чыніць не вакол нас, але ў нас саміх. Езус узяў у Гетсэманскі сад сваіх найбліжэйшых вучняў, каб маліцца з мэтай умацавання іх перад падзеямі, якія іх чакалі, - Яго цярпеннямі і крыжовай смерцю. Яны, аднак, паснулі і выключыліся з малітвы, што негатыўна адбілася на іх паводзінах у час выпрабаванняў. Езус быў гатовы, калі трэба было ўзысці на крыж, бо маліўся. Пётр, Ян і іншыя апосталы разбегліся, бо не маліліся. Таксама і нашы слабасці паходзяць ад недахопу малітвы. Нярэдка мы распачынаем маліцца толькі пасля бяды. Ці не было б лепей распачаць раней? Не Бог, але мы праігрываем, калі перастаем маліцца.
3. Нарэшце апостал Павел, будучы ў вязніцы, просіць аб малітве ў яго інтэнцыі (пар. Эф 6, 19-20). Аднак гэта просьба не аб яго вызваленні з вязніцы ці палёгцы, але аб магчымасці абвяшчаць Евангелле. Малітву Павел не разглядаў як спосаб аблегчыць свой лёс, але як сілу для абвяшчэння Евангелля. Яго просьба аб малітве не мае нічога супольнага з яго вызваленнем з вязніцы. Яе мэта - вызваленне іншых з палону граху.
Уявім сабе, што магло б здарыцца, калі б хрысціяне ўсяго свету сканцэнтраваліся ў сваіх малітвах на інтэнцыі навяртання людзей, чым, як гэта часта бывае, толькі на просьбах да Бога аб кар'еры, новым аўтамабілі, добрым заробку і г.д. Павел у сваіх малітвах канцэнтраваўся на тым, каб застацца верным свайму пакліканню. Мы ніколі не спадабаемся Богу без малітвы, нават калі б мы сталі вельмі добрымі спецыялістамі. Заўважым, што Хрыстус не вучыў сваіх вучняў, як прапаведваць, але як маліцца.
У сітуацыі, у якой апынуўся апостал Павел, гэта азначае ў вязніцы, ён прасіў аб малітве, каб іншыя былі вызвалены з вязніцы граху. Таму малітва - гэта прылада, каб перамагчы злога духа. Mенавіта таму ён не называе сябе вязнем, але пасланнікам у кайданах (пар. Эф 6, 20).
Малітва не змяніла фізічнай сітуацыі Паўла, але змяніла погляд на гэтую сітуацыю. Вядома, што пасланнік прадстаўляе сваю краіну. Павел, параўноўваючы сябе з пасланнікам, хаця быў вязнем, прадстаўляе Езуса Хрыста і Яго Евангелле. Дзякуючы малітве ён убачыў такую магчымасць там, дзе іншыя бачылі б толькі зняволенне. У вязніцы ён убачыў магчымасць абвяшчаць Добрую Навіну, у той час калі іншыя ў месцы зняволення бачаць толькі краты, якія абмяжоўваюць іх свабоду.
4. Малітва мае вялікі ўплыў на тое, як мы ўспрымаем рэчаіснасць з мэтай змяніць яе на лепшую. Адзін аповед распавядае гісторыю пераходу аднаго чалавека ад смутку да радасці. Ён знаходзіўся ў дэпрэсіі і быў цалкам падаўлены, страціў веру ў сябе, у іншых людзей, у Бога і не бачыў радасці ў жыцці. Аднойчы ён пайшоў у невялікую сталовую, каб перакусіць. Хаця там было некалькі чалавек, аднак яны сядзелі паасобку і не размаўлялі паміж сабой. Няшчасны чалавек у задуме спажываў сваю ежу, калі нечакана ўбачыў маці з малой дзяўчынкай, якім афіцыянтка якраз прынесла заказаную страву. Тады маленькая дзяўчынка парушыла сумную цішыню, гучна сказаўшы: “Мама, чаму б нам тут не памаліцца?” Афіцыянтка, якая толькі што прынесла ім ежу, прапанавала дзяўчынцы ўзначаліць малітву. Маленькая дзяўчынка склала рукі да малітвы і сказала: “Бог вялікі, Бог добры, мы дзякуем Яму за нашу ежу. Амэн”. Гэтая малітва змяніла ўсю атмасферу. Людзі пачалі размаўляць паміж сабой. “Раптам, - сказаў чалавек, які быў у дэпрэсіі, - увесь мой лад думак пачаў паляпшацца. Па прыкладу дзяўчынкі я пачаў дзякаваць Богу за ўсё, што маю, і перастаў скардзіцца на цяжкасці жыцця. Я пачаў выбіраць шчасце”.
5. Калі б мы маліліся больш, мы, верагодна, былі б больш арыентаваны на духоўныя патрэбы, чым матэрыяльныя, і змянілі б сваё жыццё. Трэба памятаць, што не ўсе навучацца абвяшчаць Евангелле, але мы ўсе можам і павінны навучыцца маліцца. Такім чынам малітва стане пропаведдзю Добрай Навіны.
Паколькі малітва дазваляе нам дакрануцца да Бога, то нешта вельмі значнае адбываецца тады, калі мы знаходзімся ў кантакце з Ім. Ніхто і нішто не можа замяніць кантакту з Богам. Нехта даў наступную добрую параду: “Калі вы не можаце спаць, то не лічыце авечак, але пагаварыце з пастырам, гэта азначае з Хрыстом”. Ніякія навыкі ці магчымасці не заменяць таго, што малітва можа ўчыніць у нашым жыцці.
Усе вялікія персанажы Бібліі і гісторыі былі людзьмі малітвы. Малітва дапамагае бачыць нашу жыццёвую сітуацыю Божымі, а не нашымі вачыма. Малітва хрысціяніна, як жаўнера Хрыста, дае нам сілу, каб быць пераможцамі ў барацьбе з грахом. Таму няма большай сілы на зямлі, чым малітва!
6. Такім чынам, святы апостал Павел вучыць, што Божая зброя – гэта малітва. А паколькі “нашая барацьба не супраць крыві і цела” (пар. Эф 6, 12), а супраць злога духа, то малітва мае рашучае значэнне для хрысціяніна, як воіна Хрыста. Ні адзін хрысціянін не можа быць паспяховым без малітвы, бо яна з’яўляецца тым месцам, у якім Бог умацоўвае нас і праз нас іншых.
Таму, малады чалавек, адкажы сёння: як выглядае тваё малітоўнае жыццё? Ад гэтага будзе залежаць твая будучыня. Амэн.
|